Выставки

Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу

12 - 23 ноября 2013

Галерея искусства «Гал-творчество»

Минск, пр-т Независимости, 47

Справки: +375 17 288 24 68.

Билеты: 6 000 руб.

Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу

12 лістапада 2013 года ў 17.00 у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва  (пр-т Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё спецыяльнага праекта Рэспублікі Беларусь «Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу», прадстаўленага ў верасні-кастрычніку 2013 г. на 5 Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва.

Арганізатарам праекта выступае Музей сучаснага выяўленчага мастацтва пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Маскоўскае біенале сучаснага мастацтва – адзін з самых буйных форумаў актуальнага мастацтва сярод прафесіяналаў і шырокай публікі. У 2013 г. куратарам асноўнага праекта біенале стала Катрын дэ Зегер – дырэктар Музея выяўленчага мастацтва ў Генце (Бельгія), у рамках біенале былі прадстаўлены больш за 40 спецыяльных праектаў з розных краін свету, адабраных міжнародным журы.

У рамках 5 Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва ў залах Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі быў паказаны спецыяльны праект скульптара Канстанціна Селіханава і фатографа Андрэя Шчукіна «Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу». Куратар праекта – дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, кансультант – рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Міхаіл Баразна.

Праект складаецца з некалькіх канцэптуальна звязаных міні-праектаў, кожны з аўтараў даследуе тэму праз скульптурныя аб'екты, інсталяцыі, фатаграфіі. У аснову праекта пакладзены роздум аб камунікацыі ў грамадстве, аб самаідэнтыфікацыі чалавека ў метраполіі, аб захаванні індывідуальнасці ў сучасным свеце.

Што змяняецца ў свядомасці чалавека, які спрабуе зазірнуць углыб сябе? Ці становіцца ён пры гэтым іншым, не такім, якім быў яшчэ некалькі імгненняў таму? Або навакольная рэчаіснасць уплывае мацней за ўнутранае «я»? Пастаўленыя мастакамі пытанні прымушаюць паглыбляцца ў кантэкст работ, шукаць філасофскі сэнс у бытавых рэчах на фотаздымках Андрэя Шчукіна і фігурах скульптурнай «Чаргі» Канстанціна Селіханава, у думках вяртацца да асацыяцый дзяцінства, супастаўляючы іх з тымі прадметамі і вобразамі, што абкружаюць нас сёння.