Выставки

Курасоўшчына, любоў мая

6 - 29 апреля 2017

Цэх

Минск, ул. Октябрьская, 16

Вход: 4 руб., 2 руб. – льготный.

Курасоўшчына, любоў мая

6 красавіка а 19:00 у прасторы ЦЭХ адкрыецца выстава беларускай фатографкі Машы Святагор «Курасоўшчына, любоў мая».

Працы Машы Святагор расказваюць пра ейныя няпростыя стасункі з беларускім урбаністычным і культурніцкім асяроддзем. Асноўны матыў акрэсліваюць даволі асабістыя кадры: дзіцячыя здымкі, выявы бацькоў і сяброў фотамастачкі, фонам для якіх служаць, на першы погляд, безасабовая масавая забудова і вадаёмы Мінску, рака Свіслач і курасоўшчынаўскае вадасховішча Смярдзючка.

Цікавасць да дакументалістыкі, уласцівая шмат каму з фатографаў ХХ стагоддзя, ад Стывэна Шора да Зоф’і Рыдэт, схіляе Машу Святагор да руплівага збірання вобразаў сучаснай беларускай рэчаіснасці. Аднак форма гэтых вобразаў часцяком настолькі шматгранная і супярэчлівая, што найлепшым спосабам яе дакументацыі аказваецца інтэрпрэтацыя – мадыфікацыя элементаў здымкаў і падача іх у форме яркага калажу.

На першы план выходзяць канкрэтныя праблемы мінскага ўрбаністычнага асяроддзя, такія, як забудова гораду дамамі, што не ўпісваюцца ў яго архітэктурны ландшафт, не выконваюць у далейшым запланаванай функцыі (або наагул застаюцца недабудаваныя), знос гістарычных будынкаў ці цэлых кварталаў. Працы Машы Святагор таксама адсылаюць да розных пунктаў традыцыі заходняга мастацтва, такіх як дадаізм, поп-арт, канцэптуалізм, рэды-мэйд, артэ повэра. Апошнія два кірункі асабліва важныя ў інтэрпрэтацыі папулярных для беларускіх двароў скульптураў са старых апонаў і аднаразовых пластыкавых прадметаў, якія аўтарка ўвівае ў кампазіцыю сваіх працаў.

Гэта першая індывідуальная прэзентацыя працаў маладой фотамастачкі Машы Святагор. Маша працуе над працяглымі мастацкімі праектамі, звязанымі з тэмамі цялеснасці, сучаснага мастацтва, урбаністычнай прасторы Мінску і г. д. Брала ўдзел у такіх групавых выставах, як Young Photographers 2016, Fine Art Galerie & Kunstverein, Трайсмаўэр, Аўстрыя (2016); The new face of film, FotoFilmic Retrospective Exhibition, Visual Arts Center ва Універсітэце Бойсі, Айдага, ЗША (2016); Naked, Nave Gallery Annex, Самэрвіл, Масачусэтс, ЗША (2015); Fotofilmic Traveling Exhibition, Lomography Gallery Store, Нью-Ёрк, ЗША (2015); Fotofilmic Traveling Exhibition, Back Gallery Project, Ванкувэр, Канада (2014) ды іншых. Публікавалася ў часопісах I-d, Dazed, Calvertjournal, Feature shoot, Fisheye, Fk, Fotoroom і г. д.

Куратарка выставы: Вера Залуцкая.

Выстава адкрыецца 6 красавіка а 19:00 і працягнецца да 29 красавіка.