Выставки

Лошыцкі дыярыуш

9 - 28 марта 2017

Справки: тут.

Вход: 3 руб.

Лошыцкі дыярыуш

9 сакавіка 2017 года а 17-ай гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё персанальнай фотавыставы Валерыя Вядрэнкі “Лошыцкі дыярыуш”.

Выстава «Лошыцкі дыярыуш» - вынiк фотасесій 2004 – 2012 гадоў у старым раёне Мінска - Лошыцкім парку, дзе цудам захавалася старадаўняя шляхецкая сядзіба, першае згадванне пра якую датуецца 1557 годам. Сёння Лошыца, гэта музейна-паркавы комплекс, які паставіў кропку ў біяграфіі сядзібы. Дыярыуш (у перакладзе з лацінскай мовы — дзённік) — жанр старажытнабеларускай літаратуры, у якім у храналагічнай паслядоўнасці перадаваліся падзеі грамадска-палітычнага ці прыватнага жыцця праз суб'ектыўнае ўспрыманне пэўнай асобы. 

Маляўнічы краявiд на месцы злучэння рэчак Свіслачы і Лошыцы памятае і паганскія часы, і Вялікае Княства Літоўскае, і Рэч Паспалітую, і Расійскую імперыю і савецкую Беларусь. І ва ўсе часы ў Лошыцы былі свае прыкметныя падзеі, свае героі і свае легенды. Але мяне зацікавіла апошняя старонка гісторыі лошыцкай сядзiбы, якую бачыў сам і якую паспеў зафіксаваць. Дзіўна, але факт, што пры дэканструкцыі сядзібнага дома загінулі, пры розных абставiнах, векавыя дрэвы, якія суправаджалі гісторыю лошыцкага маёнтка.
Стары парк, алеі, руіны алтарнi, векавыя дрэвы, млыны і сам краявiд Лошыцы ствараюць асаблівы настальгічны настрой, такi рэдкi для сучаснага Мінска. Сама атмасфера ў гэтым месцы выклікае паэтычныя вобразы, якія, зрэшты, далёкія ад пастаральных. За прывабнай і гарманічнай прыродай крыецца ўнутраная трывога – так сядзібны парк раптам канчаецца крутым абрывам над павольнай вадой цёмнай Свіслачы, у якой адбілася не адна чалавечая драма. 

І мімаволі ўспамінаецца загадкавая гісторыя апошніх гаспадароў Лошыцы – Яўстафія і Ядзвігі Любанскіх. Менавіта іх намаганнямi Лошыцкая сядзіба набыла выгляд, які дайшоў да нашага часу. Яна захавала не толькі дух шляхецкага рамантызму, не толькі дух трагедыі гэтай сям'і, але і дух апошніх нашчадкаў пяці стагоддзяў культурна-гістарычнай традыцыі.

Часы працы: 11.00 – 19.00, серада 13.00 – 21.00, выхадныя – нядзеля, панядзелак.

Тэлефоны для даведак: +375 17 288 24 68, +375 17 284 37 22.