Выставки

Праздник

15 января 2013 - 5 февраля 2013

Галерея «Ў»

Минск, ул. Октябрьская, 19

Справки: +375 17 286 31 68, тут.

Вход: свободный.

Праздник

Фотапраект Данііла Парнюка

Куратар праекта - Уладзімір Парфянок

Данііл Парнюк: «У цэнтры маёй зацікаўленасці знаходзяцца людзі. Калі я хачу з дапамогай фатаграфіі распавесці пра краіну ці горад, я фатаграфую людзей, падобных да гэтых месцаў. За кожным чалавекам стаіць гісторыя. Калі гісторыі розных людзей складаюцца ў адзін вялізны “пазл”, прыходзіць разуменне невыпадковасці ўсяго, што адбываецца.

У серыю “Праздник” увайшлі фотаздымкі, зробленыя падчас масавага народнага гуляння на Гомельшчыне непадалёку ад сяла Новыя Юркавічы ўлетку 2011 года. У народзе гэтае свята называюць “Тры сястры”. На гэтым месцы ўжо больш за 30 год традыцыйна збіраюцца па-над сотню тысяч чалавек – прадстаўнікоў трох брацкіх народаў Беларусі, Украіны і Расіі…»

Уладзімір Парфянок: «Фотапраект “Праздник” Данііла Парнюка ўключае ў сябе серыю фотаздымкаў, зробленых у 2011 годзе на працягу аднаго дня, праведзенага на традыцыйным штогадовым свяце трох брацкіх народаў на мяжы Беларусі, Украіны і Расіі, а таксама інтэрактыўную відэа-інсталяцыю. Серыя фотаздымкаў з’явілася хутка, як гэта зазвычай бывае ў выпадку непасрэдных і ненаўмысных здымкаў падзеі, у эпіцэнтры якой апынуўся чалавек з фотакамерай. Аднак у выставачны праект дакументальныя па сваёй натуры фотаздымкі пераўтварыліся не адразу. Спатрэбіўся не адзін месяц на асэнсаванне таго, што ўсё ж такі  зафіксаваў фатограф – сваё нейтральнае стаўленне да дзеяння ці свой старонні погляд на тое, што адбываецца вакол яго.

Назва праекта наўмысна выбрана на рускай мове: “Праздник”. Менавіта гэтае слова для абазначэння дня адпачынку, дня ўрачыстасці ў гонар ці памяці пэўнай падзеі, а не яго адпаведнік у беларускай, украінскай ці польскай мовах, якія адсылаюць нас да рэлігійнай традыцыі непрацоўнага дня з мэтай ушанавання святых, захавала ў сабе першапачатковы сэнс “нічоганяробення” у непрацоўны дзень.

Час, які мы пражываем унутры соцыюма, структурна падзяляецца на паўсядзённасць (будні), выходныя і святы. Паўсядзённасць – гэта шэраг падзей, якія паўтараюцца з дня на дзень. Выходныя  – гэта рэгулярныя перапынкі ў бегу штодзённасці. Буднія дні з іх запоўненасцю працай і выходныя дні з перавагай вольнага часу маюць схільнасць да руцінізацыі. Свята – не істотна якое, дзяржаўнае, сямейнае ці рэлігійнае – пакліканае быццам разрываць нарастаючы панцыр руціны, ствараць эмацыянальны пад’ём, каб аднавіць сілы чалавека пасля працоўных будняў.

Серыя фотаздымкаўДанііла Парнюка парадаксальным  чынам агольвае перад намі той факт, што сучаснае калектыўнае свята, якое дасталася нам у спадчыну ад савецкіх часоў з усімі яго атрыбутамі ў выглядзе зацёртых лозунгаў, танных забаваў ды навязаных спажывецкіх звычак, даўно пераўтварылася ў руціну… Руціна святочных дзён цэментуе руціну будняў...»

У рамках праекта пройдуць наступныя мерапрыемствы:

Прэс-канферэнцыя з аўтарам і куратарам праекта

Экскурсія па экспазіцыі з аўтарам і куратарам праекта

Дыскусія: “Свята і паўсядзённасць”