Выставки

Тры два адзін (18+)

27 июня 2017 - 16 июля 2017

Галерея «Ў»

Минск, ул. Октябрьская, 19

Справки: тут.

Вход: 2 руб.

Тры два адзін (18+)

Тамара Сакалова, Ганна Сакалова, Алег Юшко

27 чэрвеня 19:00 / адкрыццё выставы

Тэма выставы III II I (тры два адзін) — рэдукцыя выяўленчасці, як прынцып пошуку новай мастацкай выразнасці. Усвядомленае адпрэчванне ад ўсяго лiшняга, адмова ад наратыву, аналітычны падыход да выкарыстаных медыяў злучаюць мастакоў выставы. Назва III II I (тры два адзін) — паслядоўнасць, якая вядзе да нуля, — гэта адваротны адлік, які вызначае вектар руху да мастацкай канцэнтрацыі, да новага пачатку. Супольна мастакі выпрацавалі агульныя прынцыпы, якія сталі вызначальнымі ў арганізацыі выставачнай прасторы: узаемадзеянне з архітэктурай галерэі, ўключэнне пустой прасторы як раўнапраўнага экспазіцыйнага элемента, прадуманая схема пазіцыянавання прац па адносінах адзін да аднаго.

Логіка выставы выбудаваная вакол твора Тамары Сакаловай "Адлік". У аснове інсталяцыі — L-абразная архітэктурная канструкцыя, на якой адзін за адным упарадкаванымі групамі размешчаны выцягнутыя прастакутныя аб’екты з дрэва, металу і керамікі. Іх прапорцыі, памеры і прынцып размеркавання ўтвараюць асаблівую сістэму, якая прыводзіць мінімальную абстрактную форму ў стан, калі яна прымаецца, як універсальны знак, і набывае новае значэнне. Размешчаныя ў зададзеным мастачкай рытме, трохвымерныя аб’екты трацяць свае прасторавыя характарыстыкі (вышыню, шырыню і інш.), і ператвараюцца ў абстрактныя адцінкі. Іх дыскрэтныя сукупнасці адносяцца ўжо да катэгорыі ўспрымання часу, а не прасторы. Адрэзкі-модулі, з якіх складаецца "Адлік", — гэта элементарныя часціцы, якія складаюць Матэрыял Тамары Сакаловай.

Рух і нерухомасць — тэма відэа праекцыі Ганны Сакаловай "Static". Адзінаццаціметровая сцяна галерэі выкарыстоўваецца як экран, транслявальны ‘шум‘ пікселяў, якія перамяшчаюцца па паверхні. Нагадваючыя тэлевізійны ‘снег‘ дробныя часціцы рухаюцца і заміраюць, ствараючы падвойнае ўражанне: то цалкам плоскага і абстрактнага стоп-кадра, знятага з экрана тэлевізара, то, наадварот, меючага глыбіню і перспектыву рэальнага пейзажу, як толькі на экране ўзнікае рух. Слова static, абранае для назвы працы, таксама валодае падвойным значэннем: гэта і фізічны стан нерухомасці, адсутнасці зменаў, і ‘белы шум‘, выпадковы кропкавы піксельны ўзор, які ўзнікае на экране ў момант адсутнасці сігналу. Відэа "Static" — гэта пераход ад статыкі да дынамікі, ад рэальнага да абстрактнага, ад абстрактнага да магчымага, ад магчымага да верагоднага. Праява глыбіні ў выніку руху, сінтэз паміж рэальнай архітэктурнай прасторай і віртуальнай прасторай відэа выявы — тое, з чым працуе Ганна Сакалова.

У глыбіні экспазіцыі знаходзіцца светлавы аб’ект Алега Юшко "Тэрмінатар даверлівай верагоднасці". Спачатку можа падацца, што купа драўляных палак з вылітай на іх белай фарбай — гэта нядбайна кінутыя рэшткі будаўнічых матэрыялаў. Але паступова становіцца відаць, што пляма фарбы мяняе колер і яркасць, бо яе контур выпадковай плямы, якая расцёклася, у дакладнасці паўтарае накіраваная на яго відэапраекцыя. Ці з’яўляецца гэтая белая пляма складана структураваным экранам для відэапраекцыі ці наадварот — відэа-праекцыя створана для асвятлення плямы, вырашаць гледачу. Выпадковасць і намеры ў гэтай працы непадзельныя. Тэма Алега Юшко — межы мастацтва. Прадстаўленая праца ёсць даследаванне далікатнай розніцы паміж мастацкім намерам і канцэнтрацыяй выпадковых абставін. "Тэрмінатар даверлівай верагоднасці" можна разглядаць як пошук межы паміж мастацтвам і не-мастацтвам.