Наскальныя малюнкі і язычніцкія алтары: 5 месцаў унікальнага мінскага парку

21.03.2017
Места  
 
12

Наскальныя малюнкі і язычніцкія алтары: 5 месцаў унікальнага мінскага парку

Stonehenge
Павел Дзюсекаў – экскурсавод. Ён стварыў праект “Вандроўкі ў мінулае” і першы ў Беларусі стаў вадзіць экскурсіі за чаявыя. Цяпер у яго два дзясяткі маршрутаў па Мінску.
0
0
0

Павел Дзюсекаў – экскурсавод. Ён стварыў праект “Вандроўкі ў мінулае” і першы ў Беларусі стаў вадзіць экскурсіі за чаявыя. Цяпер у яго два дзясяткі маршрутаў па Мінску.

Мы дамаўляліся, што Павел пакажа месцы дзяцінства – Вайсковы гарадок за Уруччам: Дом афіцэраў з гульнявымі аўтаматамі, КПП, краму, у якой купіў першую ў жыцці касету “The best of Spice Girls”... Але спярша Паша павёў у свой любімы парк, а з яго нам ужо нікуды не хацелася сыходзіць.

– У мяне бацька быў вайскоўцам, і мы жылі тут, у Вайсковым гарадку: спярша ў здымным пакоі, пасля ў актавай залі казармы – такі аграмадны пакой, і, каб разгарадзіцца, мы ставілі каробкі да столі. У Вайсковым гарадку я мог бы многае паказаць, але ўсё гэта такое дробнае на фоне валуноў!

Ад метро пад’язджаем два прыпынкі тралейбусам па вуліцы Русіянава. Паша расказвае, як першы раз трапіў у парк валуноў:

–  Бацькі працавалі, і я бавіў першыя пяць класаў у прадлёнцы. Школа была музычная, мы там ладзілі канцэрты і чым толькі не займаліся! А на прагулкі нас вадзілі ў музей валуноў. У дзяцінстве музей валуноў – гэта была забаўка: прайсці па камянях і не зваліцца. Нам казалі, што недзе тут нібыта карта Беларусі – але мы ўсім гэтым не пераймаліся.

А ў мінулым годзе, з вясны, я пачаў вадзіць тут экскурсіі. Вельмі перажываў – матэрыялу ж вобмаль. Я быў рады знайсці хаця б карту парку, але прыехаў з ёй – і блукаю, не магу зарыентавацца! І гэта я прачытаў пра парк усё што можна, а як звычайным людзям? Канечне, за год я з многім разабраўся, хаця шмат камянёў яшчэ застаюцца неспазнанымі – тут жа 2134 валуны ўсяго! І ў кожнага свая гісторыя.

Карта парку: 1. Жывільныя правінцыі (абазначэнне Скандынавіі, якая нажывіла Беларусь камянямі).
2. Форма валуноў. 3. Карта Беларусі, выкладзеная валунамі. 4. Камень у жыцці чалавека.
5. Алея валуноў. 6. Петрагліфічны збор (валуны разнастайнага паходжання).

 

МЕСЦА №1, З АХВЯРНІКАМІ І АЛТАРАМІ:
АЛЕЯ ВАЛУНОЎ

Ад уваходу ідзём углыб парку проста па галоўнай Алеі валуноў.

– Музей валуноў, на маю думку, – самы недаацэнены турыстычны аб’ект нашага горада. А ў гэтага месца такі гіганцкі патэнцыял!

Гэты парк закладвалі геолагі Акадэміі навук у 1976–1985 гадах. У той час валуны знішчаліся: іх узрывалі, калі яны заміналі будаўніцтву, або драбілі і выкарыстоўвалі пры пракладцы дарог. І геолагі вырашылі ратаваць камяні як помнікі – ад знішчэння, ад выкарыстання ў гаспадарцы. Каб людзям засталася памяць.

Канечне, тут не ўсе валуны Беларусі, хаця ідэя была: прывозіць кожны год пэўную колькасць камянёў – такі доўгатэрміновы праект. Але праз некалькі гадоў не тое што на валуны – нават на таблічкі грошай ужо не хапала.

Ідзём па алеі, Павел перыядычна звяртае нашу ўвагу на некаторыя камяні:

– Зусім пляскатыя валуны часта выкарыстоўваліся як язычніцкія алтары.

А такія камяні – з выбоінай – маглі служыць язычніцкім ахвярнікам, бо вельмі шанавалася вада, якая збіралася ў выбоіне пасля дажджу. Яе пілі, і яна лічылася лячэбнай.

– Вось гэты валун – стопрацэнтны ахвярнік! Дзірачку ў ім выдзеўблі, можа, 10 тысяч гадоў таму. Ёсць дзве версіі пра прызначэнне каменя: ці то гэта астранамічны камень, на якім пазначалі экватар і  нябесныя целы, ці то сюды клалі ахвярную жывёлу, і кроў паступова запаўняла ўсе гэтыя ячэйкі.

– Але самае цікавае – я тут бываю раз на два тыдні – людзі дагэтуль прыносяць сюды ахвяры: хлеб, цукеркі, зерне...

– Ды ладна?!

– Грошы засоўваюць, падмалёўваюць крэйдай... А вам сёння пакажу! Ты, калі прыходзіш, ніколі не ведаеш, што тут знойдзеш.

 

МЕСЦА №2, ЭНЕРГЕТЫЧНАЕ:
КАМЕНЬ І ЧАЛАВЕК

– Стоп! Бачыце на камені кола і крыжык? Дык гэта салярны знак! – алея валуноў нечакана падводзіць да самага інтрыгоўнага месца парку – камянёў, апрацаваных чалавекам.

Спрабуем выкалупаць мох, каб лепей разглядзець салярны арнамент, але Пашу не церпіцца паказаць любімае:

– Кінь гэта, тут такія на кожным валуне! Ідзіце лепш сюды, як думаеце, што гэта?

– На камені лук, сонца і нейкі трэці знак. Гэта ахвярнік, на якім маліліся за паспяховае паляванне. Я на экскурсіях жартую, што маманты вымерлі, бо алтар добра працаваў!

– Гэта называецца межавы камень. Бачыце ініцыялы “AH” і год? У 1842 годзе нехта Адам Галдакоўскі набыў зямлю і па межах маёнтка паставіў камяні.

А побач вельмі падобны, але гэта ўжо надмагільны камень, з датай “1807”.

Тут таксама ляжаць жорны – моцна апрацаваныя, але таксама валуны. Калі жорны на млыне зношваліся, то лічылася вельмі ганарова зрабіць з іх парог у хаце – па старыя жорны заўжды была вялікая чарга.

“У тутэйшых жорнах засталіся вельмі старыя металічныя абадкі – XVIII–XIX стагоддзяў”.

– Паходжанне большасці тутэйшых камянёў невядомае: думаю, звесткі захоўваюцца ў картатэках у Акадэміі навук, але ўбачыць іх няпроста. Але вось пра гэты каменны крыж дакладна вядома: ён прывезены з-пад Докшыцаў. Па легендзе, яго зрабілі з каменя, пры якім па дарозе на Пскоў абедаў вялікі князь Стэфан Баторый: вось засталіся нібы сляды ад талерак і прыбораў.

– Тры літары “RSB” – гэта “Rex Stefan Batory”. А вось і ён сам прамаляваны. Верагодна, у часы Баторыя гэта быў валун, а каб увекавечыць памяць манарха, з яго выразалі крыж. Уявіце сабе, XVI стагоддзе, 1581 год!

Такіх крыжоў і валуноў у Беларусі раней было больш, і звязаны яны былі з князем Вітаўтам. Але іх усе паўзрывалі.

“Пра камень-следавік ёсць два паданні: што гэта чэрці па зямлі скакалі і ад іх засталіся сляды – і што маці Божая хадзіла па зямлі і спынялася на камянях. Цікава, што на некаторых следавіках нават сляды пальчыкаў ног відаць!”

“А гэты камень я называю першым у свеце падручнікам геаграфіі: зямля, разрэзаная экватарам на дзве паловы. А яшчэ кажуць, што гэта магла быць карта неба – паўночнае і паўднёвае паўшар’е”.

 

МЕСЦА №3, МІНСКАЕ:
КАМЕНЬ ДЗЕД

– Камень Дзед – самы стары матэрыяльны артэфакт горада. Бачыце, валун падрыты знізу? Зараз што-небудзь знойдзем. Вось каша ляжыць. Вось пад каменем манета, і ў адтуліне 10 капеек. І так кожны раз, калі сюды прыходжу! Хто гэта ўсё забірае? Магчыма, нехта галодны і бедны.

– Валун стаяў на вуліцы Лодачнай, за рэстаранам “Старое русло” на Ульянаўскай. Ён быў часткай капішча яшчэ да з’яўлення хрысціянства на Беларусі, а перасталі яго выкарыстоўваць у 1888 годзе. 900 гадоў ён адпрацаваў на карысць народу.

Камень дапамагаў жанчынам зацяжарыць. Захавалася апісанне абраду: памаліўшыся ў царкве, жанчыны бралі паднашэнне і ішлі да жрацоў: лепшае даставалася жрацам, горшае спальвалася на алтары як ахвяра. І пасля гэтага жанчына сядала, прабачце, голай дупай на камень. Вось такая працэдура. Але гэта дзейнічала! Бо калі б пасля яго не цяжарылі, то яго даўно закінулі б – сказалі б, не працуе! Вось што мяне заўжды цікавіць!

 

МЕСЦА №4, МАШТАБНАЕ:
ГЕАГРАФІЯ БЕЛАРУСІ

– Мы з вамі ходзім па перыметры парку, а ў цэнтры яго – грандыёзны праект: абрысы Беларусі з падзелам на вобласці. Вытаптаныя сцяжыны – гэта рэкі. Таксама перададзены ўсе ўпадзіны і ўзвышшы. Прычым усё адмаштабіравана: метр уверх – у рэальнасці сто метраў над зямлёй, метр па зямлі адпавядае 2,5 кіламетрам.

Контур краіны высаджаны кустоўем, але кустоў становіцца ўсё менш.

– Вось у цэнтры – Мінскае ўзвышша. Тут ёсць і Дзяржынская гара (якая да 1958-га называлася Святой), і Лысая, на тры метры ніжэйшая... Горы Святыя і Лысыя ёсць па ўсёй Еўропе: гэтыя назвы засталіся яшчэ з часоў Вялікага перасялення народаў. Святая абавязкова трошачкі вышэй за Лысую.

Калі складалі карту Беларусі, то навукоўцы зрабілі геаграфічны прынцып раскладкі валуноў – вельмі мудра: мінскія валуны склалі на тэрыторыі “Мінскай вобласці”, брэсцкія – у “Брэсцкай”, гомельскія – у “Гомельскай”.

Вадаёмаў пазначылі толькі два: Нарач – камень унутры бетоннай агароджы – і Мінскае мора, яно ж Заслаўскае вадасховішча. Тут падыходзіць труба, праз якую раней налівалі ваду. Але ўжо гадоў пятнаццаць “вадаёмы” стаяць без вады.

– А калі ад карты Беларусі пайсці да ўваходу ў парк, выйдзеш у зону “Жывільныя правінцыі”. Гэта такое абазначэнне Скандынавіі і Кольскага паўвострава – земляў на поўнач ад Беларусі,  якія “жывілі” нашу краіну валунамі. Бо на Беларусі ж няма гор і скал, і ўсе валуны прынесены да нас ледавікамі.

 

МЕСЦА №5, СА СТАРОГА ЦЭНТРА:
ПІРАМІДАЛЬНЫЯ ТАПОЛІ

– А напрыканцы я вам замест каменя дрэва пакажу! Я за гэтым дрэвам бегаў па ўсім горадзе. Да рэвалюцыі ўвесь Мінск быў засаджаны пірамідальнымі таполямі, а зараз у цэнтры няма ніводнай. Раней імі былі засаджаны і Захар’еўская (Праспект), і Падгорная (Маркса), і сквер каля ратушы... А потым іх чамусьці пасеклі і болей ужо не саджалі.

– Гэта месца называюць Музеем валуноў, але па законе гэта проста парк, помнік прыроды, але не музей. Раней ён быў вельмі зарослы, але цяпер тут стрыгуць і прыбіраюць. У першапачатковым праекце тут планавалі гіганцкую зону адпачынку: збіраліся зрабіць гасцініцу, кавярню, пусціць маленькую рэчку, паставіць фігуры старажытных жывёл – мамантаў, насарогаў і іншых брантазаўраў.

Тут трэба ставіць плот і пускаць сюды па білетах. Музей такога маштабу – адзіны ў Еўропе. Калі трэба некуды прывезці замежніка, смела вязіце сюды! Бо Траецкае прадмесце ён бачыў у сябе дома, а парку валуноў ён не бачыў ніколі і нідзе. Падобны музей ёсць хіба ў Літве, але ён меншы і ў ім няма ніякай канцэпцыі: прывезлі, скінулі валуны, так яны і ляжаць.

А наш парк застаецца для людзей невядомым. Хаця, здаецца, ад метро два прыпынкі. А тут можна нават Dinosaur World рабіць, і ён будзе цалкам нармальна выглядаць: з вогнішчамі, з хацінамі неандэртальцаў і краманьёнцаў, з кавалкамі смажанага аленя (з каўбасы, бо самога аленя шкада) – і гэта было б такое крутое месца!


Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото: CityDog.by.

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ
21.03.2017
Места  
 
12
0
0
0
КОММЕНТАРИИ
ava
Спасибо за интересную статью!
ОТВЕТИТЬ
ava
Да никакой это не ахвярник, посмотрите как в былые времена дробили большие камни! Выдалбливали углубления, вставляли туда палки и поливали водой.
ОТВЕТИТЬ
Alex Digger 21-03-2017, 14:19
+6 8 2
Павел не сказал, что музей камней стоит на дне бывшего озера.
ОТВЕТИТЬ
а адкуль гэтыя звесткі?
ОТВЕТИТЬ
Alex Digger 21-03-2017, 20:32
+6 7 1
С карты РККА 1933 года.
ОТВЕТИТЬ
Епифан 24-03-2017, 15:38
Комментарий со ссылкой ожидает проверки модератора.
ОТВЕТИТЬ
ava
Павел пра ўсё казаў, ня ўсё ў тэкст трапіла:)
ОТВЕТИТЬ
Alex Digger 23-03-2017, 10:15
+4 5 1
Беру свой смех обратно!
ОТВЕТИТЬ
Клас. А назвы возера ці рэчкі там няма?
ОТВЕТИТЬ
Alex Digger 22-03-2017, 02:40
+4 4 0
Нет, названия не находил. На картах тридцатых годов ясно видно, что на месте теперешнего парка валунов было озеро, позднее превратившееся в болото. А там, где сейчас высятся институтские корпуса, существовала деревня Озерище.
ОТВЕТИТЬ
Дзякуй за цікавы артыкул. Два гады жыў на Русіянава, шмат разоў заходзіў у гэты музей/парк, але амаль нічога з таго, што распавёў Павел, не ведаў.
ОТВЕТИТЬ
Пацан 22-03-2017, 16:23
+4 6 2
Спасибо, Павел. Дело твое интересное. Правое!
ОТВЕТИТЬ
Крошачка Хаўрошачка 24-03-2017, 06:19
+2 3 1
Павал, сапраўды вялікі Вам дзякуй і за гэты расповед і наогул за Вандроўкі! Я дагэтуль не сустракала аніводнага такога цікавага апавядаўцу як Вы) Гісторык і экскурсавод з вялікай літары!
Працягну гуляць с Вамі па Менску падчас Вандровак :)
Дарэчы, Уручча - мой родны раён. І ў дзяцінстве папрыгаць па валунах і не зваліцца - так усё і было)
ОТВЕТИТЬ
ЗАЛОГИНЬТЕСЬ ЧЕРЕЗ СОЦСЕТИ
VKONTAKTE
Или комментируйте с помощью капчи
НОВОЕ НА CITYDOG.BY