Адзін вечар з памочнікам рэжысёра Купалаўскага

Адзін вечар з памочнікам рэжысёра Купалаўскага
Мы правялі паўтары гадзіны за правай кулісай новай сцэны Купалаўскага тэатра. Высветлілі, хто дае званкі перад пачаткам спектакля, як хутка пераапранаюцца артысты і адкуль мантажнікі ведаюць, калі змяняць дэкарацыі.

Мы правялі паўтары гадзіны за правай кулісай новай сцэны Купалаўскага тэатра. Высветлілі, хто дае званкі перад пачаткам спектакля, як хутка пераапранаюцца артысты і адкуль мантажнікі ведаюць, калі змяняць дэкарацыі.

Падрыхтоўка да спектакля

Галіна Іванаўна Раеўская – памочнік рэжысёра, супрацоўнік Купалаўскага тэатра з больш чым дваццацігадовым стажам. Яна і паказала нам, як выглядае падрыхтоўка да спектакля і хто за кулісамі самы галоўны.

Асноўная праца перад спектаклем пачынаецца каля 17.30–18.00. Дэкарацыі пачынаюць усталёўваць яшчэ зранку, але менавіта ўвечары памочнік рэжысёра правярае, ці ўсё зроблена правільна. Мы сёння будзем глядзець спектакль “Офіс”, з дэкарацыяў: бар, крэслы, вялікія дзверы, стосы тэчак і “керамінаўскі” ўнітаз.

– Працоўны час пачынаецца з 18.00, але, паколькі я не давяраю сваім манціроўшчыкам, мне даводзіцца прыходзіць каля паловы на шостую, таму што я пачынаю сама ўсё перастаўляць. Мая задача – прыйсці і паглядзець, што правільна, а што няправільна стаіць на сцэне. Планіроўкі ўсіх спектакляў у мяне ў галаве, нават няма ніякай шпаргалкі. Потым я гляджу, ці ўвесь рэквізіт правільна ляжыць і на сцэне, і за кулісамі.

Частку дэкарацый робяць у мастацкім цэху тэатра, частку – замаўляюць на заводах ці ў адпаведных фірмах. “Заднік” надрукаваны на тканіне, унітаз набыты ў звычайнай краме, дзверы зробленыя па індывідуальным плане на заводзе, а горы тэчак – ручная праца супрацоўнікаў мастацкага цэху.

– Калі ставіцца новы спектакль, рэжысёр і мастак сядаюць разам, чытаюць п’есу. Потым мастак прапаноўвае сваё бачанне дэкарацый і касцюмаў, яны абмяркоўваюцца з рэжысёрам, абодва ўносяць прапановы, малююцца эскізы. Спачатку робіцца невялікі макет, збіраецца мастацкі савет, які зацвярджае макет, і пасля пачынаецца стварэнне дэкарацый. Звычайна падрыхтоўка спектакля займае месяц-два. За гэты час акцёры павінны вывучыць тэкст і адрэпетаваць спектакль, а таксама павінны быць гатовыя дэкарацыі.

Літаральна за паўгадзіны да спектакля на сцэне з’яўляюцца акцёры – яшчэ раз прагнаць некалькі сцэн. Такія міні-прагоны адбываюцца перад кожным спектаклем, нават перад тымі, што ідуць не першы год. 

– 27 ліпеня гэтаму спектаклю будзе ўжо тры гады, але ўсё адно вось і сёння яны прыйшлі рэпетаваць. Ёсць дзве сцэны, якія трэба прагнаць. Сцэну “тата і мама” зноў будуць рэпетаваць, гэта адназначна. Першапачаткова нешта пайшло не так, “тата” з “мамай” і ўся гэтая кампанія ўвесь час забываюць, каму куды, не могуць ніяк ўступіць. Вось як пайшло ад пачатку, так цяпер увесь час, калі “тата-мама”, нейкія праблемкі... 

Абноўлены будынак тэатра

– Мне падаецца, што ўсё прыгожа. Прыгожыя грымёркі, у кожнай грымёрцы душ, гэта для акцёраў ого-го, таму што ніколі не было ў нас такога. Але прыходзіш – і ўсё, сцены чужыя. На сцэну падымаюся – ужо мая сцэна, ёсць гэтае адчуванне, а ў калідорах і фае не заўсёды магу адразу зарыентавацца, так усё перабудавалі. Затое вельмі прыгожа падабраныя ўсе тоны, колеры. Зялёны, можа, і быў цяплейшы, але ж гэтыя колеры адноўлены па старых дакументах, менавіта так усё выглядала раней, архітэктары спраўджвалі па гістарычнай дакументацыі. І скразнякі на сцэне зніклі – гэта самае галоўнае.

У тэатры нарэшце з’явіліся дзве сцэны для рэпетыцый (раней праганялі спектаклі ці толькі на галоўнай сцэне, ці ў вялікім фае, дзе павінен быў размяшчацца музей), павялічылася месца для захавання дэкарацый і рэквізіту. Частка касцюмаў захоўваецца ў касцюмернай, частка – у сховішчы. Касцюмы (як мінімум, сарочкі ды сукенкі), дарэчы, мыюць пасля кожнага выступлення, бо акцёры на сцэне мокрыя ад духаты і сафітаў.

Спектакль

Галіна Іванаўна – той чалавек, які дае званкі перад пачаткам спектакля. Яна ж абвяшчае па гучнай сувязі ўсіх супрацоўнікаў, каму трэба выходзіць на сцэну. Усё гэта робіцца з пульта, які знаходзіцца за кулісамі.

– Стаіць перагаворная прылада. Калі працавалі на іншых пляцоўках, кожнаму выдавалі рацыю. Калі ты ўжо ведаеш спектакль, табе не трэба ў п;есу глядзець, ты выдатна бачыш усё. Даеш сігнал манціроўшчыкам, або грымёрам, або касцюмерам, або рэквізітарам: “Прашу падысці на сцэну праз тры хвіліны” або “На мосцік!”, “Апускаем!”, “Качаем!” Ты самы галоўны чалавек: не сказаў светлавікам – яны нешта не зрабілі, не сказаў манціроўшчыкам – перастаноўкі не будзе. Я заўсёды нервавалася, калі стануць каля пульта і размаўляюць. Таму я зладзіла сабе такую вялікую загагуліну, заглушку, каб нічога не бачыць, акрамя сцэны. Каб не адцягвалі ўвагі. Але цяпер я ўжо магу размаўляць, а адным вухам слухаць, каб у патрэбную хвіліну ўстаць і нешта зрабіць.

На гэтым спектаклі змены дэкарацыяў няма, але калі б былі, то рабіліся б пры дапамозе вось гэтага дэвайса. Ніхто больш не цягае вяровачкі, каб канструкцыі з дэкарацыямі поўзалі ўверх ці ўніз. Усе робіць камп’ютар, нават адчыняе і зачыняе заслону.

Падчас спектакля Галіна Іванаўна сочыць за тым, што адбываецца на сцэне, занатоўвае ці запамінае ўсе хібы, калі трэба – дапамагае. У “Офісе”, напрыклад, менавіта памочнік рэжысёра надзявае акцёру на галаву сметніцу.

– Нашыя рэжысёры абавязкова дзяжураць на сваіх спектаклях, калі ж гэта прыезджы рэжысёр, ён мне тэлефануе, пытаецца, як усё прайшло, якія заўвагі па спектаклі. Я пішу на паперцы, якія заўвагі ёсць, дзе якія накладкі: па музыцы, святле, па акцёрах.

Здаралася, што Галіне Іванаўне даводзілася і выходзіць на сцэну ў якасці акцёра, калі ў апошні момант высвятлялася, што яго не будзе. Памочнік рэжысёра і спявала, і танчыла, і грала ролі з тэкстам.

– Аднойчы, падчас спектакля “Дом на мяжы”, у якім ёсць сцэна са сталом, накрытым абрусам, я сядзела пад сталом і чакала, калі пачнецца зацямненне, каб вылезці і занесці пэўны рэквізіт за кулісы. І вось мне даюць адмашку, я вылажу з-пад стала, задам да гледачоў, у кароткай такой спадніцы… і разумею, што нешта не так. А святло гарыць! Я хуценька запаўзла назад і шэптам сварылася на тых, хто мяне адправіў раней, чым трэба.

– Рэквізітам сёння займаецца спадарыня Людміла, яна ўжо вопытны працаўнік, а напачатку з ёй таксама была смешная гісторыя. У спектаклі “Страсці па Аўдзею” з Генадзем Аўсяннікавым у адной са сцэн рэквізітар у кулісах павінен быў забраць у Аўсяннікава хлеб. І вось Людміла не ведае дакладна, калі гэта трэба рабіць, ідзе да іншых рэквізітараў і пытаецца, а яны глядзяць на гадзіннік і кажуць: “Дык ужо пара, бяжы на сцэну”. Людміла выходзіць на сцэну, падыходзіць да Аўсяннікава (ўсе акцёры ў такіх доўгіх даматканых балахонах, а яна ў звычайным адзенні) і стаіць. А ён ёй аднымі вуснамі: “Стой і не варушыся, ты што тут робіш?” А яна: “Я ж і стаю, хлеб чакаю”. Аўсяннікаў хлеб, канешне, аддаў, але потым учыніў разнос, як такое маглі дапусціць.

Гледачы

– Глядач змяніўся ў добры бок, людзі становяцца вельмі выхаванымі. Няма фанцікаў, няма тэлефонаў гэтых бясконцых. Можа прыбегчы якая-небудзь “шэрая мышка”, якая не паспела выключыць, ці ёй не да гэтага, яна хоча ўся ў творчасць пагрузіцца, ці проста вецер у галаве – зазвоніць адзін тэлефон. А так гледачы сталі лепшыя, удзячныя, добра прымаюць спектаклі, слухаюць, няма бясконцых размоваў, як было раней.

Акцёрам сапраўды важна, колькі доўжацца апладысменты пасля спектакля. Мы бачылі, якія мокрыя і закатаваныя выходзяць яны за кулісы, таму наступным разам не бяжыце адразу да гардэроба – апладзіруйце, хаця б некалькі хвілін. Вам няцяжка, а акцёрам прыемна.

“Спектакль скончаны, усім дзякуй”

– У тэатры працуюць толькі дурныя людзі, фанаты. Таму што нармальны чалавек працаваць не можа тут. Усе выходныя ты працуеш: суботу-нядзелю ўсе на лецішча, а ты на спектакль. Усе святы працуеш. Увечары ўсе дахаты, а ты, шчаслівы, задаволены, на працу.

Дарэчы, гэтым летам вы яшчэ можаце паглядзець адначасова сур;ёзны і смешны “Офіс” 2, 16 і 25 ліпеня.

Citydog.by дзякуе за дапамогу адміністрацыі і супрацоўнікам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

 

 Фота Максім Васько.

Еще по этой теме:
«Это очень интимный танец»
Один день с балетмейстером Большого театра
Первые фото нового «Щелкунчика»
поделиться