Экскурсія па раёне аэрапорта “Мінск-1”: 5 месцаў “мінскай Вільні”

07.02.2017
Гиды  
 
27

Экскурсія па раёне аэрапорта “Мінск-1”: 5 месцаў “мінскай Вільні”

Вуліца Прыгожая
CityDog.by працягвае знаёміць вас з раёнамі Мінска. Сёння па родных месцах – ваколіцах аэрапорта “Мінск-1” – нас водзіць краязнаўца Антон Рудак, аўтар самых пранізлівых у сучаснай літаратуры вершаў пра Мінск.
0
0
0

CityDog.by працягвае знаёміць вас з раёнамі Мінска. Сёння па родных месцах – ваколіцах аэрапорта “Мінск-1” – нас водзіць краязнаўца Антон Рудак, аўтар самых пранізлівых у сучаснай літаратуры вершаў пра Мінск.

– Усё маё жыццё ў Мінску сканцэнтравалася тут: я тут нарадзіўся, тут і жыву, – расказвае Антон. – Амаль увесь наш раён калісьці быў зямлёй шляхецкага роду Немаршанскіх. Таксама ён называўся Уборкі – гэта, магчыма, таму, што знаходзіўся ля бора, Немаршанскага гаю.

На беразе Лошыцы, дзе бальніца хуткай дапамогі, да апошняга часу стаялі руіны – цокальны паверх сядзібы Немаршанскіх. Колькі тут жыву, я не ведаў, што гэта сядзіба ўвогуле ёсць. Але аднойчы ў інтэрнэце прачытаў матэрыял настаўніка геаграфіі 90-й школы Станіслава Холева. Я з’ездзіў, паздымаў. І на маіх вачах руіны сядзібы зруйнавалі нафіг. Казалі, каб не было прытона для наркаманаў.

На ўзроўні суб’ектыўным, нават субкультурным – “ты с какого района” – мы заўжды прымазваліся да Курасоўшчыны. Хоць нас аддзяляе ад яе лётнае поле, досыць вялікая адлегласць.

У нас любяць выводзіць народную этымалогію, нібыта быў нейкі памешчык Курасаў, які даў назву раёну, – але насамрэч яшчэ ў 16-м стагоддзі гэтымі землямі валодаў Ян Кураш, ад якога пайшла назва Курашаўшчызна, якая потым стала Курасоўшчынай. Ніякага памешчыка Курасава ў прыродзе не існавала.

– Вуліца Чкалава – грамадскі і гандлёвы цэнтр нашага раёна: тут крамы прадуктовыя, прамтаварныя, кнігарня, аптэка, цырульня. На ёй і ДК Чыгуначнікаў – там усярэдзіне музейчык чыгункі, басейн добры, канцэрты, фестываль кароткаметражак праводзяць – гэта такі культурны цэнтр раёна.

Вежы на гэтых дамах, расказвалі, аддаваліся пад майстэрні мастакам.

“Мы з дзедам вельмі падобныя, некаторыя, калі бачаць фоткі, кажуць: “Гэта ж ты!” Дзеда звалі Валодзя, Уладзімір Станіслававіч Доўнар. Ягоны бацька – Станіслаў Каралевіч, мінскі паляк, а мама, Эла Мендалеўна Левіна, нарадзілася ў Адэсе. Як яны пазнаёміліся, дакладна невядома”.

 

Месца №1, лётнае: два аэрапорты “Мінск-1” і вясёлы авіярамонтны завод

– Вуліца Чкалава – знакаміты Койданаўскі тракт – ішла проста праз поле. Таму на гэтым полі ў пачатку 1930-х і зрабілі аэрадром, бо тут ніхто не жыў. А пасажырскі аэравакзал адкрылі ў 1940-м. Першыя санітарныя рэйсы лёталі недалёка: у Круглае, Халопенічы, Нароўлю, Капаткевічы, Бешанковічы, Азярышча, Магілёў, Клімавічы, Любань. Потым ужо сталі лятаць па ўсім Саюзе.

Аэравакзал “Мінск-1” –  будынак 1957 года, архітэктара Заборскага. Аэрапорт летась быў закрыты для палётаў, але ён не будзе зруйнаваны ні ў якім разе, бо гэта помнік архітэктуры.

А вось што са “сцякляшкай” будзе – я не ведаю. Гэта ўзор шкляной архітэктуры, навейшы корпус, пабудаваны ў 70-я гады. Некалькі гадоў таму тут быў гандлёвы цэнтр “Аэрадромны”, там былі вельмі добрыя кошты, усе туды хадзілі. А цяпер я не разумею: тут нічога не працуе, самалёты не лятаюць, але заўжды стаяць аўтобусы, ходзяць нейкія людзі.

За аэрапортам знаходзіцца авіярамонтны завод. На ім усё жыццё працаваў мой дзед, бацька трохі працаваў. У прынцыпе, амаль усе, хто жыве ў гэтым раёне, працавалі або на чыгунцы, або ў аэрапорце і на заводзе. Калі выйсці на вуліцу, можна сустрэць шмат знаёмых. Я ўжо гэтых людзей не ведаю, але бабуля калі выходзіць, то многіх пазнае.

Авіярамонтны завод заўжды ставіў ёлку ля Палаца чыгуначнікаў на Чкалава, і ўпрыгожвалі яе мастакі-афарміцелі з завода. Яны былі хлопцы з гумарам і аднойчы павесілі на ёлцы такі прыгожы паравоз з цыстэрнамі, на адной з цыстэрнаў быў надпіс “Гав-гав”. Увесь раён хадзіў і рагатаў, іржалі як коні, бо “Гав-гав” на заводскім слэнгу называўся спірт.

А побач з аэрапортам скверык, на маёй памяці тут жылі вавёркі. Тут жа стаіць помнік лётчыку Рамашкіну. У  1954 годзе ён ляцеў з Эстоніі, з Таліна, і быў здзейснены напад на экіпаж, спроба захапіць самалёт. Я доўга спрабаваў разабрацца, хто гэта зрабіў, і я так зразумеў, што, магчыма, гэта былі эстонскія лясныя браты. Таварыш Рамашкін цаной свайго жыцця іх нейтралізаваў.

А за скверыкам – самы першы аэравакзал, адкрыты ў 1940 годзе. Калі гэты будынак Icomos прапаноўваў увесці ў спіс каштоўнасцяў, то сярод прычын называлі тое, што ў гэтым аэрапорце бывалі Янка Купала, Якуб Колас, нехта яшчэ, але гэта не падзейнічала, бо ён моцна перабудаваны.

А з адваротнага боку будынку і ў даваенныя часы, і ў паваенныя стаяў помнік Леніну. І ў 2013 годзе, яшчэ да ўсіх падзей ва Украіне, мы аднойчы прыйшлі і пабачылі, што Ленін у жахлівым стане. Ногі былі прапілены, ён быў нахілены на 45 градусаў. У выніку яго забралі нібыта на рэстаўрацыю, але ніхто ніякай рэстаўрацыі, відавочна , так і не рабіў.

Таго, хто гэта зрабіў, знайшлі і стрэслі з яго вялікую суму грошай. Напэўна, чалавек з ідэйных меркаванняў начамі прыходзіў сюды, каб гэтага Леніна зруйнаваць. Так што ў нас гэты ленінапад пачаўся раней, чым ва Украіне.

 

Месца №2, прыгажэзнае: дамы на вуліцы Караткевіча

– Шыльду на вуліцы Караткевіча павесілі вельмі позна, мне было ўжо гадоў 12. І першыя 10 гадоў свайго жыцця я думаў, што вуліца Караткевіча – гэта таго самага Караткевіча, пісьменніка.

– Я дагэтуль так думаў, – здзіўляецца фатограф.

– Ну вось, join the club. Насамрэч гэта вуліца мінскага падпольшчыка Дзмітрыя Караткевіча. Адам Мальдзіс расказваў, гэтай вуліцы далі назву (раней яна называлася проста Аэрапорт) якраз калі Уладзімір Караткевіч ад’язджаў у нейкую камандзіроўку.

І вось вяртаецца Караткевіч у Мінск, і Мальдзіс кажа: пакуль ты ездзіў, тут вуліцу назвалі ў твой гонар. Той кажа: ты трындзіш, давай заб’емся на скрыню нейкага напою, добрага і смачнага. Яны паспрачаліся. Караткевіч нібы прыехаў, і калі пабачыў гэту шыльду, то бразнуўся на калені, стаў дзякаваць... Карацей, з іроніяй паказаў, што ён не меў рацыю.

Караткевіча – вельмі сціплая вуліца. Можна падумаць, што гэта проста праезд паміж дамамі, але не. На гэтай вуліцы тры даваенныя дамы 1939 года, іх дакладна не зруйнуюць, бо ў 2011 годзе гэтыя дамы былі ўнесены ў спіс каштоўнасцяў. Такіх дамоў у Мінску вельмі мала. На Ленінградскай ёсць падобны і на рагу Жукава і Панамарэнкі.

 “У пасляваенным аднаўленні дамоў брала ўдзел вядомая архітэктарка Наталля Макляцова, якая праектавала, напрыклад, будынкі БНТУ”.

“Зашклёныя лесвіцы ў такіх канструктывісцкіх дамах называюцца “стужкавае шкленне”. А яшчэ ёсць пад’езд, дзе захаваліся старыя драўляныя дзверы”.

Нядаўна ў нашым раёне, у двары на скрыжаванні Чкалава і Караткевіча, з’явіўся мурал з князем Глебам Менскім.

Але гэты двор адметны яшчэ і тым, што ў пачатку 90-х тут знайшлі авіябомбу. Калі паглядзець нямецкія аэрафотаздымкі, то найбольш будзе здымкаў гэтага раёна. Па гэтых здымках аэрапорт і бамбілі. І вось адна бомба ўпала і не ўзарвалася.

“Лыжнік і лыжніца перад інтэрнатам – гонар нашага раёна. Побач з імі, круглая, – гэта даваенная прыбіральня. Тут потым быў нейкі моладзевы сквот, гралі музыку, постары віселі. А цяпер вось так непрывабна выглядае”.

– Аэрапорт – адзіны раён Мінска, у якога ёсць свой музей. Я ведаю чалавека, які адказны за музей, – мастак-афарміцель Аляксандр Буркоўскі, ён працаваў на авіярамонтным заводзе.

У нас ёсць музей авіяцыі на Баравой з прыгожай тэхнікай, а тут больш сціплы музейчык. Некалі казалі, што пад музей аддадуць будынак старога аэрапорта, але відавочна, што гэтага не здарыцца.

Тут сціплая экспазіцыя, адзін пакойчык, але там старыя здымкі раёна, аэрапорта, завода, жыхароў. Сімвалічны ключ, зроблены на адкрыццё новага, другога аэрапорта. Можаце самі выбрацца і схадзіць: Караткевіча, 12.

– Зараз зойдзем у мой двор, я ў ім нарадзіўся. Двор не самы бяспечны – нас са страхам выпускалі гуляць, бо адным бокам двор выходзіць на дарогу. Дамы такога праекта ёсць шмат дзе ў Беларусі і ў Мінску.

Адметнасць і ўнікальнасць майго дома – у ім было пано з выявай сярпа і молата. Але ў 2011 годзе быў капрамонт, яго замазалі і зрабілі такі блін невядома нашто. Я не вялікі аматар камуністычнай ідэалогіі, можна сказаць, нават наадварот, але мне было шкада. А з іншага боку дома ў такім самым коле быў год пабудовы, 1952-гі. Яго таксама замазалі.

Тут бамбасховішча – на выпадак  атамнай вайны мая сям’я была забяспечана прытулкам. Вентыляцыйную шахту бамбасховішча ў 2012 годзе размалявалі студэнты ўніверсітэта культуры.

 

Месца №3, беларускае нацыянальнае: чыгунка

– Да чыгункі мы з дзедам хадзілі гуляць, я ехаў на маленькім трохколавым веласіпедзе. Даходзілі да знакамітай вежы-вадакачкі і назад, каб я не стамляўся. Вежа, вадакачка гэта, – у спісе каштоўнасцяў, за яе можна не хвалявацца.

З моста над чыгункай бачны шпіталь, у часы акупацыі ён быў інфекцыйны. У ім складвалі трупы людзей, якія паміралі ад інфекцый у гэтым раёне. А хавалі людзей далей, за шпіталем. Цяпер там хоспіс.

А вось дэпо – з карычневымі брамамі. Пасля разгону бальшавікамі Ўсебеларускага сходу ў снежні 1917 года мінскія чыгуначнікі ўзялі пад апеку ўдзельнікаў сходу, і яны перайшлі з Купалаўскага тэатра ў гэта дэпо.

За дэпо – шэры будынак з белымі арачкамі, у якім на стары, дарэвалюцыйны першы паверх надбудавалі яшчэ тры. Выглядае цяпер даволі дзіўна.

Гэта будынак клуба Ільіча, дзе ў пасляваенныя (а мо і ў даваенныя) часы збіралася ўся моладзь з абодвух бакоў чыгункі. Збіраліся Грушаўка і Аэрапорт, пачыналася мачылава: некага тут рэзалі, рэгулярна прыязджалі мянты, некаторых пакавалі.

Ля чыгункі застаўся апошні паваенны барачак. Там цяпер офісы, а раней жылі людзі, у прыватнасці жыў такі чалавек Аляксандр Жук, я хачу пра яго расказаць.

Пры пэўных абставінах ён страціў нагу, але потым стаў майстрам спорту па велагонках. Ён велагоншчык, які ездзіў з адной нагой.

У выніку ён асеў у Грузіі. Супрацоўнікі завода і аэрафлота раз на год мелі магчымасць злятаць некуды з сям’ёй. І дзед лятаў да свайго сябра, гэтага Аляксандра Жука, у Тбілісі.

Усе дзедавы расповеды, акрамя як пра Мінск, былі пра Грузію. У яго нават сярод сяброў была мянушка Грузін. Я рад быў, калі летась мы з жонкай трапілі ў Грузію і я ўсё пабачыў на ўласныя вочы.

 

Месца №4, акіянічнае: вуліца Брылеўская

– Я жыву ў гэтым раёне чвэрць стагоддзя, а даведаўся пра назву Брылеўская, толькі калі з’явіўся новы мікрараён Брылевічы. А раней пра што толькі не гаварылі, нават прыдумалі нейкага генерала Брылёва. Любімы занятак – знайсці мясцовага Суворава і прычапіць да яго сваю назву.

Да вайны тут, у дварах Брылеўскай вуліцы, праходзілі два аднайменныя завулкі. Тут быў садзік і стаяла сцэна і шэрагі лаваў. На маёй памяці яны выглядалі ўжо страшна. Але мне казалі, што ў лепшыя часы тут нехта прыязджаў выступаць, спяваў.

Цяпер тут дзіцячы садок, у які я якраз хадзіў, але самае цікавае, што ў інтэрнэце я пазнаёміўся з Марынай Баброўскай, і выявілася, што дом яе бабулі і дзядулі стаяў на месцы гэтага садка.

Гэта Другі Брылеўскі завулак, а мы з вамі стаім на Першым, па ім цяпер праходзіць сцежка. Але старыя прыватныя дамы засталіся недалёка, на вуліцы Вірскай, якая ідзе паралельна Брылеўскай уздоўж чыгункі. Вірская – гэта вельмі старая назва, этымалогія якой нікому не вядома.

А яшчэ тут, на Брылеўскай, 3, у падвальчыку, ёсць цэнтр акіянаграфіі.

На Брылеўскай мы сустрэлі Антонаву бабулю, Соф’ю Леапольдаўну.

Як усе бабулі, яна адразу стала перажываць, чаму ўнук без шапкі.

– На галаву адзень што-небудзь!

 – Дык гэта я фоткаюся без капюшона! Бабуля, скажы, калі вы з дзедам ажаніліся?

 – У 1963 годзе. І жылі на Сенненскай. А сюды пераехалі ў 1974-м.

– Ну вось, а я зусім нічога не ведаю, – іранізуе Антон. – Ну, мы пойдзем, не будзем цябе затрымліваць.

– Добра, а я на БАМ іду. А ты потым заходзь.

Антон тлумачыць нам:

 – БАМ – гэта Брылеўскі алкагольны магазін. Ён узнік у час, калі будаваўся БАМ, і ў народзе яго так назвалі. А самае смешнае, што цяпер ён мае афіцыйную назву “Брылеўскі”.

“А яшчэ ў гэтым раёне жыве Зміцер Вішнёў, тут юрыдычны адрас выдавецтва “Галіяфы”.

 

Месца №5, пастаральнае: прыватны сектар

– У раёне аэрапорта ёсць некалькі драўляных кварталаў. Ёсць прыватны сектар па Аэрадромнай. Ён пасляваенны, знешне не вылучаецца асабліва. Яго цяпер руйнуюць, бо будуюць метро. Там пазнаёміліся мае дзед і бабуля.

Дзед нарадзіўся на плошчы Свабоды, бабуля ў доме на месцы гатэля “Спадарожнік”. У 50-я іх дамы зруйнавалі, і яны пераехалі на рог вуліц Сенніцкай і Пензенскай, там яны сустрэліся.

Мой дзед цікавіўся заходняй музыкай, слухаў варожыя галасы. Пасля школы адразу пайшоў на завод працаваць. У яго любімы спявак быў Элвіс Прэслі. Ён ездзіў па ўсім Мінску, даставаў ягоныя пласцінкі.

У іх двары былі два бамбасховішчы, і з дапамогай іх моладзь рабіла паці з грамафонам. Унізе людзі пілі, гралі ў карты, займаліся непатрэбствам, а ўверсе – танчылі.

Наверх з бамбасховішча выводзілі рэпрадуктар-“званочак”. І калі нехта скардзіўся на гучную музыку ды прыязджалі мянты, то “званочак” скідвалі ўніз, у бамбасховішча, там усё выключалі, сядзелі ціха, а народ, які танцаваў, проста хадзіў-гуляў туды-сюды.

Дзед казаў, што з усяго Мінска людзі з’язджаліся на гэтыя танцы. Ну, можа, проста хацеў паказаць значнасць гэтага месца. Але там ужо нічога няма. Вакол новыя дамы, толькі адно бамбасховішча інвестар пакінуў, бо руйнаваць першае аказалася так затратна!

Але я вам хачу паказаць самы стары прыватны сектар, ля чыгункі і метро “Інстытут культуры”: вуліца Прыгожая – гэта гістарычныя пачаткі нашага раёна. Увогуле, раён стаў забудоўвацца, калі з’явілася чыгунка. І першапачаткова тут жылі адны чыгуначнікі.

У 30-я ў гэтым раёне было шмат рэпрэсаваных. Мая прабабка расказвала, як прыязджаў чорны варанок і забіраў людзей. Напрыклад, дзе цяпер дзіцячая паліклініка, жыла сям’я заснавальніка Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, там іх і арыштавалі (сам ён застрэліўся да арышту). На Вірскай жыў празаік Сымон Баранавых. 

Гістарычна гэты раён назваўся Уборкі. Тое, што тут знаходзіцца рэстаран пад назвай “Добрыя мыслі”, усіх блытае. Насамрэч Добрыя Мыслі – гэта раён па іншы бок чыгункі і Маскоўскай, там, дзе вуліца Фабрыцыуса!

Мне таксама смешна, калі еду ў “сотцы”, там ёсць аўтобусы, дзе па-англійску для турыстаў расказваюць пра раён. Дык вось па-англійску гэты хлопчык перакладае назву Добрыя Мыслі як “Good Thoughts”, “добрыя думкі”.

Я думаю: ну што ж ты творыш! Myśliwy – гэта ж “паляўнічы” па-польску, а Добрыя Мыслі – значыць месца, дзе было добрае паляванне!

Гэта вуліца Слонімская, яна больш-менш жывая, тут пастаянна вядзецца гандаль ля метро. На ёй застаўся адзін з апошніх дамоў. З гэтым домам у мяне звязана цікавая гісторыя.

Я некалі чытаў нейкі паблік “Укантакце”, бачу, хлопец малады ў каментах пад фоткай дома напісаў: “О, гэта мой дом”. Я пасмяяўся. А потым іду неяк вечарам пасля сустрэчы з сябрамі і бачу, як гэты хлопец стаіць з дзядулем і фарбуе плот.

Дамы тут рознага часу, але вось адзін дакладна яшчэ з 19-га стагоддзя.

А яшчэ тут, у завулку Прыгожым, інжынер Генрых Бартноўскі ў 1932 годзе сканструяваў першы ў БССР тэлепрыёмнік. Тут, ва Уборках, была прынята першая беларуская тэлеперадача.

 

І яшчэ крыху...

Смак раёна: славутыя лошыцкія яблыкі.

У сядзібе Немаршанскіх, пра якую я казаў, каля бальніцы хуткай дапамогі, у даваенныя часы быў вінзавод. Там і цяпер у ваколіцах ёсць рэшткі Немаршанскага сада, пару гадоў таму яго хацелі выпілаваць пад будаўніцтва, але мясцовыя жыхары адстаялі. На гэтым заводзе рабілі вельмі добрае, таннае і смачнае яблычнае віно.

У Максіма Лужаніна ёсць успаміны, як маладыя паэты збіраліся разам, напрыклад у Тодара Кляшторнага, і абавязкова скідваліся на пляшку віна – “малой цаны, але выдатнага смаку”. Гэта гістарычны смак раёна.

А мой смак... Гэта самы смачны малочны кактэйль, які напачатку 90-х прадаваўся ў дзевяціпавярхоўцы на Чкалава. Дзевяціпавярхоўка была ў раёне адна, і гэта была як назва ўласная, арыенцір.

Пах раёна: мясакамбінат. Мясакамбінат на Казінца не смярдзіць гадоў 15 ужо, а вось раней гэта быў жах.

Ёсць вядомы жарт пра Курасоўшчыну, што калі едзеш па Казінца, то з аднаго боку хлебазавод, з другога мясакамбінат, і ты апынаешся ў сярэдзіне бутэрброда.

Колер раёна: калі казаць пра вуліцу, дзе я нарадзіўся і жыў, – гэта белы і чырвоны: белыя дамы і чырвоныя дахі. І людзі, якія цяпер селяцца тут, таксама кажуць, што па адчуваннях гэта проста беларуская Вільня.

Гук раёна: чыгунка і аэрапорт.

Чыгунка ў меншай ступені, але таксама далятае. І нават не гук цягнікоў, а перамовы дыспетчараў з працаўнікамі: “Сямёныч, тваю маць, падыдзі да такога-та там састава!” – і Сямёныч у адказ. Усё гэта чуваць, асабліва ноччу.

У савецкія часы кожныя 15 хвілін узляталі і садзіліся самалёты, натуральна, гэта было жахліва, шкло ў вокнах дрыжала. Тутэйшыя былі прывычныя, а вось госці вельмі баяліся. Я малы не баяўся: напэўна, ужо генетычная ўстойлівасць выпрацавалася. Цікава, што людзі, якія працавалі на заводзе, маглі па гуку зразумець, які самалёт ляціць.

У CityDog.by вельмі рэдка з’яўляюцца вершы. Але тут мы не маглі сабе адмовіць – адзін з вершаў нашага гіда пра родны раён:

Над аэрапортам неба бліжэй, і зоркі міргаюць нізка –
адна выпадкова ў дзень нараджэння ў тваю зазірнула калыску,
і ты ўсміхнуўся цікаўнай той зорцы бяззубым скрыўленым ротам,
і раптам заснуў. І прыснілася сонца і ўсё, што пабачыў потым.

Прыснілася неба, і ў ім павуцінне, і белы след самалёта,
дробная і буйная радзіма, бульба, блёкат, балота,
Млечны Шлях, і далёкае мора, і мора, якое блізка,
і ў рэшце прысніўся няісны горад, які называўся Мінскам.

Напрыканцы нехта паведаміў шэптам: “Усяго не ўпомніш, запісвай”, –
і тут ты прачнуўся і вылупіў вочы... Неяк вось так, прыблізна.

Зноўку над полем лётным аблокі, непагадзь, вецер, завея.
Зорка на небе высокім-высокім ведае, свеціць, грэе.

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото: CityDog.by.

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ
07.02.2017
Гиды  
 
27
0
0
0
КОММЕНТАРИИ
Интересно, какая неведомая сила заставляет фотографа при обработке фото поднимать красный так, что аж глазам больно.
ОТВЕТИТЬ
уДевочкиНетИмени 07-02-2017, 14:07
+78 84 6
несмотря на то, что фото паренька могли бы и по-человечески подкорректировать), статья получилась пока самой интересной из рубрики)
ОТВЕТИТЬ
Илона 07-02-2017, 14:13
+60 64 4
Згодна з тым, што гэта самы цікавы артыкул гэтай рубрыкі!
Вельмі цікава было ўбачыць і старыя фотаздымкі дзядулі, і проста дамоў. І за верш дзякуй!
ОТВЕТИТЬ
Аўгіння 07-02-2017, 14:34
+36 38 2
Такія дамы на Караткевіча! Ніколі б не даведалася, хто ж туды пойдзе проста так гуляць. Дзякуй вам. Абавязкова як пацяплее - паблукаю ў тых месцах.
ОТВЕТИТЬ
ava
Этот комментарий был скрыт, так как не соответствует правилам комментирования. См. п. 7.
ОТВЕТИТЬ
Alex Digger 07-02-2017, 15:03
+34 36 2
Молодец, Антон! Очень интересно!
ОТВЕТИТЬ
Помогайчик 07-02-2017, 15:05
+42 43 1
Статья очень интересная, Антон - отличный рассказчик.
Но очень странное фотографическое сопровождение: пишут, про круглое здание возле интерната - фото нет (хотя оно довольно таки интересное); пишут про дом и двор гида - фото ребенка и трубы. В ЖД депо можно зайти со дворов, там интересный пешеходный мостик, ЖД колледж с фонтаном во внутреннем дворике. И с близи довольно занятно посмотреть на огромные окна депо и его двери. Был два раза там, на КПП ни разу не остановили.
Госпиталь и водонапорную тоже рекомендую с близи посмотреть.

В доме с аистами на Институте культуры продавали раньше мороженное шариками. Классное такое было.
А недавно вечером видел, как торговцы уличные туда товар прячут - такая вот логистика.
ОТВЕТИТЬ
Пра "круглае" ужо фота ёсць. Я думаў, што гэта толькі ў мяне глюкі з адлюстраваннем старонкі.
ОТВЕТИТЬ
ava
Здание с фонтаном во дворике по ул.Брест-Литовской 13,это дом отдыха локомотивных бригад.Проход через территорию свободен для всех.Короткий путь с ул.Вирской,Чкалова,Брилевской на ул.Автодоровскую, Машинистов,Щорса через пешеходные мостики.
ОТВЕТИТЬ
Пра стрыт-арт у тым раёне можна было напісаць. Вельмі добры агляд, на будучы шпацыр падыйдзе. З восені там не бываў, і, адчуваю, што калі выберуся, то прыватны сектар у раёне будоўлі метро знясуць ушчэнт.
Я трохі заблытаўся:"дзеда звалі Уладзімір Станіслававіч Доўнар. Яго бацьку - Станіслаў Каралевіч, маці - Эла Мендалеўна Левіна". Якім чынам прозвішчы Каралевіч і Левін трансфармаваліся ў Доўнар?
ОТВЕТИТЬ
Калі толькі Каралевіч гэта імя па бацьку ад польскага Караль?
ОТВЕТИТЬ
ava
Каралевіч - гэта імя па бацьку)
ОТВЕТИТЬ
"Першыя санітарныя рэйсы лёталі недалёка: у Круглае, Халопенічы, Нароўлю, Капаткевічы, Бешанковічы, Азярышча, Магілёў, Клімавічы, Любань."
Проста зачапіла чамусьці. Як на тых білбордах:"Смак беларускай мовы". Чытаецца як песня.
ОТВЕТИТЬ
дональд трамп 07-02-2017, 16:55
+6 10 4
15 лет не пахнет мясокомбинат? Серьезно?))
ОТВЕТИТЬ
ava
Родненький райончик! Хорошо помню и коктейли в девятиэтажке, и ароматы мясокомбината. А когда самолеты по ночам взлетали, думала, что окна не выдержат и посыпятся - так тряслись. Ностальжи!
ОТВЕТИТЬ
ava
Отличный сюжет, Антон! Спасибо!
Вот только "ён не будзе зруйнаваны ні ў якім разе, бо гэта помнік архітэктуры"... Хотелось бы верить в это, только в наши дни это не стопроцентная гарантия. Статус дали, статус сняли...
ОТВЕТИТЬ
ava
В рыбном магазине на Чкалова карпов запускали в здоровущий бассейн. Потом сачком ловили и на весы. А в аптеке напротив в декоративном пруду жили золотые рыбки, а посередине стояла змея из гофрированного шланга с зубов которой капал "яд" :)
ОТВЕТИТЬ
ava
Причем это был не просто магазин - "Нептун"!
ОТВЕТИТЬ
лалла рук 08-02-2017, 10:24
+4 4 0
дааа!!! обоже как мне хотелось засунуть палец этой змее в рот, но я, конечно же, боялась яда. и вот однажды осмелев, я туда пришла, приготовила палец, а змеи-то уже и нет...
ОТВЕТИТЬ
Наташа 07-02-2017, 20:42
+22 22 0
Антон, спасибо за то, что поделились знаниями. Думаю, вы собирали их по крупицам.
Это и мой родной район. Жили на ул.Брилевской, 10. Звук поездов и влетающих самолетов был круче любой колыбельной)
Бывала в гостях в самой верхней квартире по адресу ул. Чкалова, 36. До семьи моей подруги там действительно жил художник-мультипликатор. На втором этаже в шкафах мы находили раскадровки мультфильмов.
ОТВЕТИТЬ
ava
С декоративной отделкой под рыбью чешую
ОТВЕТИТЬ
ava
Дзякуй за артыкул. Для творчых асоб, якiя складаюць вершаваныя радкI Пра родны горад http://4-4.by/news/uvaga-litaraturny-konkurs-minsk-gorad-maygo-lyosu
ОТВЕТИТЬ
ava
Дадам пра адметныя яблыні: мой прадзед Уладзімір Дзьмітрыевіч Сырапушчанскі сябраваў з гаспадаром Лошыцкай сядзібы і захапляўся садаводствам. Разам са сваім бацькам, мінскім купцом 2-й гільдыі Змітром Яфімавічам Сырапушчанскім, які пабудаваў тры дамы па Нова-Ўфімскай і Прыгожай для сваіх дзяцей, выпісаў з-за мяжы за золата саджанцы яблыняў -- такая была завядзёнка "на раёне". Нашы яблыні з саду на Нова-Ўфімскай (дарослыя дрэвы) выкапалі і вывезлі немцы перад вызваленнем Мінска. Магчыма, такі самы быў гатунак, як і ў Немаршанскім садзе. І насамрэч, грашыў прадзед тым, што ў даваенны час заседжваўся за бутэлечкай прадукцыі з "тутэйшай сыравіны".
ОТВЕТИТЬ
лалла рук 08-02-2017, 10:29
-7 0 7
вообще брилевская - от слова 'брыль', а не от какой не от фамилии непонятно кого
ОТВЕТИТЬ
Андрусь 09-02-2017, 14:42
+4 4 0
Антон, вялiкi дзякуй за апавяданне!
ОТВЕТИТЬ
ava
А ещё в столовой железнодорожников давали дефицитное молоко в треугольных пакетах. А у нас в дворе по Брилевской 14 росли чудесные груши и крыжовник, наследтво частного домика, на одной из моих первых фотографий ещё стоит деревянный забор, огораживающий домик.
ОТВЕТИТЬ
а водонапорную башню не упомянули - типа уже в рассматриваемый "ареал" не входит?
ОТВЕТИТЬ
ava
Антон, браво! Спасибо! Лучший рассказ в рубрике!
ОТВЕТИТЬ
ava
Комментарий со ссылкой ожидает проверки модератора.
ОТВЕТИТЬ
ЗАЛОГИНЬТЕСЬ ЧЕРЕЗ СОЦСЕТИ
VKONTAKTE
Или комментируйте с помощью капчи
НОВОЕ НА CITYDOG.BY