«Ёсць знаёмыя, якія атрымліваюць і 8 тыс. рублёў». Мінчук – пра тое, як і колькі беларусы зарабляюць у TikTok

«Ёсць знаёмыя, якія атрымліваюць і 8 тыс. рублёў». Мінчук – пра тое, як і колькі беларусы зарабляюць у T...
Як і колькі можна зарабляць беларусу ў TikTok? Знайсці чалавека, які б пагадзіўся расказаць пра ўсе магчымасці гэтай сацыяльнай сеткі, аказалася не так проста.

Як і колькі можна зарабляць беларусу ў TikTok? Знайсці чалавека, які б пагадзіўся расказаць пра ўсе магчымасці гэтай сацыяльнай сеткі, аказалася не так проста.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Мы наўпрост спыталіся ў TikTok-блогераў: «Колькі вы зарабляеце?»

Для гэтага напісалі дзяўчынам і хлопцам з рознай колькасцю падпісчыкаў у TikTok – ад 30 000 да больш за 2 мільёны. Большасць з іх на паведамленні не адказалі, але некаторыя ўсё ж далі зваротную сувязь: «Прывет, дзякуй, але не», «Вітаю, гэта прыватная тэма», «Дзякуй, але я адмоўлюся ад каментарыяў», «Дык я не тыктокер, мой заробак з TikTok роўны нулю».

Але адзін адказ мы атрымалі станоўчы: «Прывет! Я і не тыктокер зусім і не зарабляю там, калі па шчырасці. Але на некаторыя вашы пытанні адказаць змагу». З гэтым маладым мінчуком, які ў TikTok мае 30-тысячную аўдыторыю, мы і пагутарылі. Але дамовіліся, што імя яго называць не будзем.

Гісторыя (не)поспеху: «Усё залежала ад таго, ці трапіла відэа ў рэкамендацыі»

– У TikTok я даўно, яшчэ з таго моманту, калі гэта быў Musical.ly. У мяне заўсёды было жаданне мець аўдыторыю, нешта здымаць, быць у трэндзе, але не было нейкіх актыўных крокаў да гэтага, не было такога, што я рашуча браўся за раскрутку свайго акаўнта. Я проста глядзеў, што папулярна ў TikTok, і стараўся рабіць нешта прыдатнае, каб гэта залятала ў рэкамендацыі.

Пра мой кантэнт складана нешта сказаць. Паколькі гэта асабістая старонка, у мяне ніколі не было ніякай экспертнасці, ніякай канкрэтнай тэматыкі. Я проста здымаў агулам усё: і мемы, і відэа з жыцця – абсалютны live-кантэнт у перабіўку з нейкімі гумарыстычнымі відэа пад смешныя папулярныя гукі.

І я б не сказаў, што ў мяне ў адзін нейкі момант пачаўся актыўны рост аўдыторыі: усё залежала ад таго, ці трапіла відэа ў рэкамендацыі. Калі яно добра зайшло, то і падпісчыкаў дадавалася дастаткова шмат. Але памятаю, што імкліва пачаў набіраць у 2021 годзе: перыядычна мае відэа заляталі, і тады я набраў 10 000 падпісчыкаў. Для мяне гэта была сапраўдная падзея!

А летам 2022-га ў мяне ўжо было каля 30 000. І з таго моманту аўдыторыя не расце, бо я перастаў актыўна весці TikTok. Так, хацелася б здымаць часцей, але такога жадання, як раней, ужо няма.

Як і колькі можна зарабляць: «Ёсць знаёмыя, якія атрымліваюць і 8 тысяч рублёў, і больш»

– Мне TikTok даў вельмі добрую нагледжанасць, разуменне алгарытмаў, што дазволіла нядрэнна зарабляць як эксперту. Я пачаў атрымліваць прыбытак з прасоўвання чужых старонак: у мяне ёсць некалькі розных бізнес-акаўнтаў, якія я вяду.

Тут цэннік можа быць розны: усё залежыць ад таго, колькі праектаў было за месяц, якія абавязкі і гэтак далей. Але па мерках Мінска выходзіць нядрэнна: часам атрымліваецца зарабіць 1000$ на месяц, часам крыху менш. Вядома, калі параўноўваць, скажам, з праграмістамі, гэта не такія ўжо і вялікія грошы, але мне, 20-гадоваму хлопцу, хапае. І я адчуваю, што я малайчына.

Калі казаць пра заробкі ў самім акаўнце, то можна спрабаваць гэта рабіць з дапамогай прамых эфіраў. Але не вельмі зразумелая схема, як выводзіць адтуль грошы. Плюс вам давядзецца стрыміць гадзінамі, каб добра зарабіць.

Яшчэ можна зарабляць на рэкламе: у мяне ў самім TikTok рэклама была, напэўна, разы два-тры – за відэа плацілі каля 40–50 рублёў, недзе так. Але я б не сказаў, што кліенты часта бяруць рэкламу ў самім TikTok: многія блогеры проста пераганяюць аўдыторыю ў больш аплатныя сацыяльныя сеткі – Instagram, Telegram – і ўжо там працуюць.

Я ведаю некалькі даволі буйных блогераў, якім беларускія брэнды плацяць добрыя грошы за рэкламныя інтэграцыі. Напрыклад, мая знаёмая, у якой дастаткова вялікая аўдыторыя, атрымлівала нешта каля 1000 рублёў за некалькі відосаў. Ёсць знаёмыя, якія зарабляюць і 8 тысяч рублёў, і больш.

У цэлым нейкую канкрэтную суму, колькі зарабляюць беларускія тыктокеры, нельга назваць: усё залежыць, вядома, ад аўдыторыі, ад таго, як ты ў прынцыпе хочаш зарабляць у сацсетках і ці ставіш наогул на гэтым фокус.

На самой справе TikTok – гэта проста інструмент для прасоўвання. Па большай частцы блогеры, як я і казаў, зарабляюць у інстаграме, тэлеграме ці на продажы сваіх прадуктаў.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Pexels.com.

#Беларусь
поделиться