Трэба ісці: топ-10 фільмаў фестывалю “Паўночнае ззянне”

15.04.2017
События  
 
1

Трэба ісці: топ-10 фільмаў фестывалю “Паўночнае ззянне”

Northern Lights
З 19 па 25 красавіка ў Мінску пройдзе трэці кінафестываль “Паўночнае ззянне”: у “Міры” пакажуць 14 фільмаў паўночных і балтыйскіх краін. Мы папрасілі Волю Чайкоўскую, заснавальніцу і дырэктарку фестывалю, скласці ўласны топ.
0
0
0

З 19 па 25 красавіка ў Мінску пройдзе трэці кінафестываль “Паўночнае ззянне”: у “Міры” пакажуць 14 фільмаў паўночных і балтыйскіх краін. Мы папрасілі Волю Чайкоўскую, заснавальніцу і дырэктарку фестывалю, скласці ўласны топ.

 

МУРАШНІК, Эстонія

22 красавіка, субота, кінатэатр “Мір”, 21:40, квіткі: 5 руб.

– Сёлета на фестывалі ўпершыню будуць фільмы з балтыйскіх краін і дакументальныя стужкі. “Мурашнік” красамоўна сведчыць пра абодва новаўвядзенні. Гэты прыгожы фільм распавядае пра талінскі раён Ласнамяэ, дзе жывуць пераважна рускія і які, як я абсалютна выпадкова даведалася, з’яўляецца раёнам-пабрацімам Партызанскага раёна ў Мінску.

Ласнамяэ вядомы сваімі гаражнымі масівамі. У цэнтры фільма адзін з такіх гаражных комплексаў з 700 ячэйкамі. У кожнай з іх адбываюцца нейкія дзівы: мужчыны сыходзяць туды, каб пабыць сам-насам з сабой. Асабліва цікава будзе паглядзець жонкам, каб даведацца, што робяць іх мужчыны, калі сыходзяць у гаражы.

Цікава, што адбываецца ў Партызанскім раёне тым часам?

 

УСІМ ВІДОВІШЧАМ ВІДОВІШЧА, Ісландыя

25 красавіка, аўторак, кінатэатр “Мір”, 19:00, квіткі: 5 руб.

Гэты фільм я прыкмеціла два гады таму на кінафестывалі ў Вільні, адразу ў яго закахалася і зразумела, што не паказаць яго ў Мінску нельга. Гэта дакументальная стужка зманціравана з так званых found footage – архіўных матэрыялаў даўніны. Яна прысвечана 100-годдзю фарсу, вадэвіля і цырка і аздоблена музыкай тытанаў сусветнай музычнай сцэны Sigur Ros. Гэты фільм – цудоўны прыклад мантажнага кіно, драматургія якога выбудавана выключна паслядоўнасцю секвенцый. Тое яшчэ відовішча, сапраўдны калейдаскоп!

 

ГІГАНТ, Швецыя

23 красавіка, нядзеля, кінатэатр “Мір”, 21:00, квіткі: 5 руб.


Фільм, які атрымаў прыз на кінафестывалі ў Сан-Себасц’яне, журы якога ўзначальваў культавы дацкі рэжысёр Біле Аўгуст. “Гігант” аб’ехаў бадай усе фестывалі свету, фільм вельмі любяць менавіта таму, што гэта светлае і добрае кіно пра незвычайнага чалавека.

Незвычайных людзей або людзей з адрознасцямі грамадства ўспрымае вельмі крытычна. І вельмі дарма. “Гігант” як ніякі іншы фільм адпавядае сёлетняму слогану фестывалю “Сусвет унутры”, таму што галоўны герой зусім не бачыць сябе такім, якім яго бачаць навакольныя людзі. А бачыць сябе добрым, высокім і ўсёмагутным гігантам.

 

МАЛЕНЬКІЯ КРЫЛЫ, Фінляндыя

20 красавіка, чацвер, кінатэатр “Мір”, 18:30, квіткі: 5 руб.


Гэта фільм адкрыцця фестывалю, і ён невыпадкова фінскі. Сёлета Фінляндыя адзначае 100 гадоў сваёй незалежнасці – “Паўночнае ззянне” не магло абмінуць гэты факт. “Маленькія крылы” распавядаюць пра ўаземаадносіны маленькай дачкі і маці, якая насамрэч з’яўляецца больш няспелай, чым яе малалетняя дачка. У ролі маці выступае фінская спявачка і суперзорка Паўла Весала, на канцэрты якой звычайна збіраецца паў-Фінляндыі.

Разам з авіякампаніяй AirBaltic мы ладзім розыгрыш: пераможца атрымае два квіткі на самалёт Мінск – Рыга – Мінск, а таксама квіткі на гэты фільм.

 

 

СВІТАНАК, Латвія

19 красавіка, серада, кінатэатр “Мір”, 21:00, квіткі: 5 руб.


У першы балтыйскі дзень фестывалю мы пакажам гульнявы фільм адной з маіх самых улюбёных рэжысёрак ever Лайлы Пакалніні з Латвіі.

У нас з ёй ёсць цудоўная традыцыя рабіць сэлфі пры кожнай сустрэчы. Гэта звязана з яе кароткім дакументальным фільмам Waterfall, які расказвае пра тое, як людзі фатаграфуюцца на фоне вадаспаду ў Кульдзіге. “Світанак” распавядае трошку пра іншае і з'яўляецца абсалютна неверагодным відовішчам пра жыццё хлопчыка ў калгасе. Прататыпам для героя Лайлы стаў Паўлік Марозаў. Што ім кіруе, такім блізкім і такім далёкім для нас “чырвоным чалавекам”? Гэта вельмі смешны і дасціпны чорна-белы фільм, які таксама расказвае пра ўнутраны свет чалавека – дзіцёнка, якога паглынула ідэалогія.

 

ПАЎКРОЎКА, Швецыя

24 красавіка, панядзелак, кінатэатр “Мір”, 21:00, квіткі: 5 руб.

Гэты фільм быў паказаны ў праграмах “Берлінале”, Таронта, Ратэрдама. Радыкальная драма пра дзяўчынку з народнасці самі, якая ў 1930-я вырашыла пайсці да сваёй мары і знайцсі сваю сапраўдную ідэнтычнасць. Дзеля таго каб рэалізаваць сябе ў жыцці і мець магчымасць не быць прыгнечанай, яна з’язджае з роднай Лапландыі, адмаўляецца ад сваіх каранёў, каб стаць шведкай. Гэты шлях да ўсведамлення сябе – пакручасты.

 

У КРЫВІ, Данія

23 красавіка, нядзеля, кінатэатр “Мір”, 19:00, квіткі: 5 руб.


Неверагодна стылёвы (менавіта гэта слова) фільм пра сяброўства чатырох датчан, іх прыгоды, перашкоды і праблемы на фоне цудоўнага Капенгагена. “У крыві” – гэта рэжысёрскі дэбют Расмуса Хэйстэрберга, які з’яўляецца сусцэнарыстам “Дзяўчыны з татуіроўкай дракона”. Фільм пра пакаленне людзей каля 30 і троху за 30, усё яшчэ інфантыльных, нявызначаных, у пастаянных развагах пра тое, чым займацца ў жыцці, ці варта заводзіць сям’ю, пра сяброўства, здрадніцтва і растанне.

 

МАЦІ, Эстонія

24 красавіка, панядзелак, кінатэатр “Мір”, 19:00, квіткі: 5 руб.


Рэжысёр фільма Кадры Кыўсаар сама з’яўляецца маці дваіх дзяцей, корміць малодшага грудзямі і займаецца зараз сваім новым фільмам з бюджэтам у паўтары мільёны еўра. Неверагодная жанчына! Мала таго, яе фільм “Маці” быў вылучаны ад Эстоніі на “Оскара”, і яна рухаецца толькі наперад у сваіх творчых памкненнях. “Маці” распавядае пра жанчыну, якая абсалютна зняможана побытам, кухняй і нешчаслівым сямейным жыццём. Усім тым, што так, напэўна, знаёма беларускім жанчынам пакалення маёй маці. Гераіня фільма вырашае пайсці на крайнія меры, каб вырвацца з пасткі жыцця, якое зусім яе не задавальняе.

 

НАРВЕЖСКІ ДАМОК, Нарвегія

22 красавіка, субота, кінатэатр “Мір”, 19:00, квіткі: 5 руб.


Гэты фільм – сатыра на сучаснае нарвежскае грамадства, якое пазіцыянуе сябе вельмі адкрытым і прыязным, для бежанцаў у тым ліку, але на самой справе такім не з’яўляецца. Герой фільма, сірыйскі бежанец, аказваецца ў Нарвегіі і вымушаны прыстасоўвацца і асімілявацца ў новым грамадстве. Якія цяжкасці стаяць за гэтым? Чаму перасяленцу так цяжка асімілявацца і чаму грамадства так няпроста ставіцца да людзей з іншай ідэнтычнасцю? “Нарвежскі дамок” – абсалютны апафеоз слогана “Сусвет унутры”. Тут спалучаюцца два сусветы, якія ўступаюць у дзіўную рэакцыю ўзаемадзеяння паміж сабой. Са смешнага: беларускі Дзяржрэгістр доўга думаў, якую ўзроставую катэгорыю прысвойваць фільму з-за сцэны з фалаімітатарам.

Рэжысёр Ян Вардзён сам прыедзе прадставіць фільм у Мінск, так што ў яго можна будзе спытаць пра нарвежскае грамадства.

 

НАРОДЖАНЫЯ Ў ХЕЙНАЛА

25 красавіка, аўторак, кінатэатр “Мір”, 20:30, квіткі: 5 руб.


Фільм зроблены экс-удзельнікам культавага ў Фінляндыі хэві-метал-гурта Apulanta – я, напрыклад, ведаю гэты гурт яшчэ са школы. Ён у адным шэрагу з такімі не менш вядомымі фінскімі бэндамі, як Rasmus і HIM.

Фільм распавядае пра зараджэнне і фарміраванне музычнага калектыву на фоне фінансавага крызісу ў Фінляндыі ў 90-я. Гісторыя суправаджаецца не толькі сацыяльнымі і творчымі канфрантацыямі, але і любоўнымі. Усё гэта адбываецца ў тым ліку таму, што “ўнутраныя сусветы” розных людзей сутыкаюцца. Вынік: за ўсім значным і вялікім стаяць звычайныя чалавечыя ўзаемаадносіны, поўныя складанасцей, непаразуменняў – і радасці таксама.

 

 

Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з беларускімі субтытрамі. Акрамя паказаў абяцаюць шырокую адукацыйную праграму: майстар-класы кінематаграфістаў, кінакрытыкаў і нават дызайнераў. Сачыце за абвесткамі ў групе фестывалю.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ
15.04.2017
События  
 
1
0
0
0
КОММЕНТАРИИ
'";alert('lel')\ 15-05-2017, 00:55
+1 1 0
'";alert('lel')\
ОТВЕТИТЬ
ЗАЛОГИНЬТЕСЬ ЧЕРЕЗ СОЦСЕТИ
VKONTAKTE
Или комментируйте с помощью капчи
НОВОЕ НА CITYDOG.BY