Учора памёр апошні Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч

Учора памёр апошні Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч
Нілу Гілевічу было 84 гады, апошнім часам ён пакутаваў на анкалогію, прызнаваўся, што адным вокам зусім не бачыць, а другім – ледзь-ледзь. Апошні Народны паэт Беларусі, ён стаў тым чалавекам, які адыграў ці не найважнейшую ролю ў наданні беларускай мове статусу дзяржаўнай (1989 г.) і наданні нацыянальнай сімволіцы статусу дзяржаўнай (1991 г.).

Нілу Гілевічу было 84 гады, апошнім часам ён пакутаваў на анкалогію, прызнаваўся, што адным вокам зусім не бачыць, а другім – ледзь-ледзь. Апошні Народны паэт Беларусі, ён стаў тым чалавекам, які адыграў ці не найважнейшую ролю ў наданні беларускай мове статусу дзяржаўнай (1989 г.) і наданні нацыянальнай сімволіцы статусу дзяржаўнай (1991 г.).

Некалькі апошніх гадоў за ўласныя грошы выдаваў свой збор твораў. 

Нават калі вы кепска вучылі беларускую літаратуру ў школе, то, напэўна, ведаеце яго класічныя радкі:

Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,
Калышыце, люляйце свой напеў векавы,
А я лягу-прылягу край гасцінца старога
На духмяным пракосе недаспелай травы.


7 важных думак Ніла Гілевіча, пра якія нам заўжды варта помніць

За колькі месяцаў да смерці Ніл Сымонавіч, які вось ужо колькі гадоў не выходзіў з дому і не размаўляў з журналістамі, даў інтэрв'ю Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Мы сабралі колькі цытат з яго. 

Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні. Дык вось, на вялікі жаль, гэту ісціну, апрабаваную дзясяткамі народаў на працягу стагоддзяў, у нас разумеюць далёка не ўсе. І таму падымаюць пытанні, патрабуюць вырашаць эканамічныя праблемы, сацыяльныя, экалагічныя і іншыя. Не ўсведамляючы, што паперадзе ўсіх праблем павінна ісці праблема мовы.

Сказаў жа некалі першы вялікі, першы народны беларускі паэт Францішак Багушэвіч: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» Усё! Што ж незразумелага? Калі не хочам памерці, а хочам жыць, значыць, павінны перш за ўсё ратаваць мову.

Мне цяжка сказаць, але я ведаю, што мы падзелены на дзве палавіны, і, зноў жа «на вялікі жаль», нашмат больш тых, хто падтрымлівае Расію і не перажывае, не хварэе за лёс Украіны. Што хацець, калі наша насельніцтва, у вялікай сваёй частцы, за Беларусь не змагаецца і не перажывае — дык дзе ж ужо там за Украіну!

У мяне на маладых вялікая-вялікая надзея. Я некалі і верш напісаў «Кліч да беларускай моладзі», і заклікаў не падаць духам. «Не падайце духам, хлопцы, і гнеў не тапіце ў стопцы». Толькі так.

Вельмі бывае цяжкі настрой ад усёй брыдоты, якую бачыш, чуеш. Але, як у народзе кажуць, перажылі зіму, перажывём і лета…

Мяне заўсёды падтрымлівае веданне, як выстаялі народы еўрапейскія, не проста меншыя колькасна за Беларусь, а ў некалькі разоў меншыя. Славенцы квітнеюць. Чарнагорцы, македонцы, славакі, фіны. Нават чэхаў і балгараў менш, чым беларусаў. І трымаюцца, не скардзяцца Богу на свой лёс. Тут можна задушыцца ад крыўды: чаму беларусы нічога не бачаць і не разумеюць? Дзякуй Богу, моладзь пачала разумець, асабліва як стала ездзіць за мяжу.

Будзем аптымістамі, іншага не дадзена. Будзем верыць у нашу праўду, у нашу перамогу.

  Фота: novychas.by

поделиться