Прэм’ера на CityDog.by. Новы раман Віктара Марціновіча “Возера Радасці” (урывак)

Прэм’ера на CityDog.by. Новы раман Віктара Марціновіча “Возера Радасці” (урывак)
“Возера Радасці” – пяты раман Віктара Марціновіча, аўтара “Параноі”, “Сцюдзёнага выраю”, “Сфагнуму” ды “Мовы”. Сёння мы прадстаўляем вам главу з твора.

“Возера Радасці” – пяты раман Віктара Марціновіча, аўтара “Параноі”, “Сцюдзёнага выраю”, “Сфагнуму” ды “Мовы”. Сёння мы прадстаўляем вам главу з твора.


“Возера Радасці” – гэта road movie, маршрут якога праходзіць праз Мінск, Тарасава, Вільню і Месяц. Адысея, у якой чытачу давядзецца сустрэць свінапасаў і консулаў, хостэс ды судовых выканаўцаў, амапаўцаў ды кіклопаў, татэмічныя дрэвы ды накакаіненых наядаў. “Возера Радасці” – гэта летапіс пакалення, якое згубілася ў складцы паміж ліквідацыяй ВЛКСМ і яго ўрачыстым адраджэннем. Гэта кніга пра непазбежнасць сталення, а таксама пра тое, якія нечалавечыя намаганні трэба прыкласці, каб застацца чалавекам падчас шпацыру праз зачараваны лес, дзе гісторыі пра каханне і сяброўства ўсяго толькі партытура для сірэн.

Віктар Марціновіч: “Для мяне гэта першая з часоў “Параноі” спроба прыбраць тыя фільтры, якія існуюць паміж маім сэрцам і мастацкім тэкстам. Усё, што было ў прамежку паміж “Паранояй” ды “Возерам”, было весела, глыбока, але адасоблена ад мяне. Гэты тэкст – самы шчыры з напісанага мной дагэтуль. І самы дарослы. Я пэўны, што месцамі вам будзе весела, але пэўны і ў тым, што напрыканцы вы моцна задумаецеся”.

Як і з папярэднімі тэкстамі Віктара, “Возера” пабачыць свет адначасова па-беларуску і па-руску. Арыгінальную рускую версію выпусціць маскоўскае выдавецтва “Время”. “Для мяне гэта – яшчэ і вяртанне на рускі рынак, на якім маіх твораў не было з 2009 года. Рускія выдаўцы адмаўлялі мне, і нават “Сфагнум”, які трапіў у доўгі спіс “Нацыянальнага бестселера” ў рукапісным выглядзе, дагэтуль не з’явіўся на паперы па-руску. Хацеў бы падзякаваць пісьменніцы Марыне Сцяпновай, аўтарцы знакамітых “Жанчын Лазара”, – кажа Віктар, – яна вельмі высока ацаніла раман і дапамагла выйсці на сур'ёзных расійскіх выдаўцоў акурат тады, калі ў мяне самога ўзніклі сумневы ў тым, ці можа быць выдадзены ў Расіі раман, настолькі шчыльна завязаны на нашае беларускае дао”.

Пераклад на беларускую мову зроблены літаратарам Віталём Рыжковым. Беларускае “Возера Радасці” выходзіць у выдавецтве “Кнігазбор” да канца чэрвеня. Кніга будзе даступная ў крамах сістэмы “Белкніга” па ўсёй краіне. Аўтар выказвае ўдзячнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!” за дапамогу ды натхненне.

Электроннай версіі “Возера Радасці” пакуль не плануецца.

У белай адпрасаванай кашулі з кароткім рукавом, у штанах асфальтавага чорнага колеру і ў макасінах адцення дарожнай разметкі стаіць Віктар Паўлавіч Чачуха, старшыня райвыканкама, цар Малмыгаў. Яго Вялікасць урачыста абапёрся на службовую “Волгу” адцення ўласных макасінаў і выгляд мае падкрэслена нязмушаны. Чалавеку трэба прыкласці нямала намаганняў, каб прыняць нагэтулькі нязмушаны выгляд.

– Дык вось вы дзе, Яніна Сяргееўна! – жвава прамаўляе ён, нібы Яніна Сяргееўна ў гэты час магла быць у тэрмах, у Калізеі, у храме Дыяніса, і ўсе гэтыя месцы ён аббег, перш чым нязмушана прыхінуцца локцем да сваёй “Волгі” каля пад'езда інтэрната.

– Што я нарабіла? – здзіўляецца Яся. – Не каталагізавала нумар “Савецкай Беларусіі”, і вам вымова прыйшла? Ці парадаваць хочаце, што вам дазволілі адпусціць мяне ў Мінск?

– Наадварот! – радасна перамінаецца ён.

– Ну, калі “наадварот”, я, відаць, вярнуся да сябе ў вежу, – пацепвае плячыма Яся.

Віктар Паўлавіч збянтэжаны, ён махае рукой і не ведае, як працягнуць размову. Ён кранальна няўмелы ў дачыненнях не са сваімі падначаленымі.

– Ну што вы адразу, так бы мовіць, у атаку! – просіць ён літасці. – Я ж да вас з самымі, так бы мовіць, службовымі намерамі. Хацеў пракаціць па даручанай тэрыторыі з мэтай фарміравання станоўчага вобразу Малмыжскага раёна і яго гераічнага мінулага.

– Паедзем глядзець муміі ветэранаў? – крыва пасміхаецца Яся. Ёй не зразумелая мэта візіту гэтага чалавека, яна не можа пазбавіцца падазрэння, што ён дакапаўся да ейнага радаводу і зараз будзе прасіць паспрыяць праз бацьку абнаўленню парка бульбаўборачнай тэхнікі.

– Яся, – нарэшце кажа ён з гранічна чалавечай інтанацыяй – такую яна ўжо чула, калі ён тлумачыў, чаму не можа адпусціць у Мінск, пакінуўшы ў раёне працоўную кніжку. – Яся, сядайце, я вам пакажу сёе-тое.

“Ну добра”, – кажа яна найперш сабе і сядае ў салон. З вокнаў інтэрната звешваюцца галовы цікаўных: не так часта памазаннік Божы адорвае джунглі сваёй увагай. Яшчэ дзесяць хвілін, і пры ганку ўтвараецца чарга з тых, хто чалом б’е, бо кран цячэ ў блоку нумар... Сярод цікаўных і Валька. Яна дэманструе Ясі вялікі палец – малайчына, маўляў! Такога хахаля адхапіла!

“Волга” кранаецца з месца, Віктар Паўлавіч уключае магнітолу і хутка пераганяе на чацвёрты трэк – з калонак гучыць “Lady in red is dancing with me. Nobody's in, just you and me”. Каля пераключальніка хуткасцяў – дыск Romantic Collection Vol. 3 са свежаздзёртым цэннікам. “О-о, вось і доўгачаканая любоўная лінія нашага службовага рамана”, – думае сабе Яся і заціскаецца мацней.

Яны неўзабаве вырульваюць з Малмыгаў (Віктар Паўлавіч паспее праехаць паўз пузаты двухпавярховы дамок і паведаміць, з гонарам, але без відавочнай двухсэнсоўнасці: “Маё службовае жыллё. Адзін жыву”) і імчацца праз палі. Сонца фарбуе лясы ў аранжавы, асабліва шчыруючы па ствалах хваінаў.

– Вось тут вялікая бітва была ў Другую сусветную вайну, Яся, – паведамляе старшыня, прычым паведамляе тым самым чалавечным голасам, на яго думку, аповед мусіць яе зачапіць. – На пагорку нямецкі дот стаяў і, значыць, па нашых хлопцах, якія на яго ў атаку ішлі, – з буйнакалібернага кулямёта. А дот – гэта, ведаеш... – Яся пазяхае, хоць ёй і не хочацца пазяхаць. Сімуляваць позех, аднак, гэтаксама клопатна, як і сімуляваць натуральнасць.

Старшыня спыняецца на паўслове. Яны едуць моўчкі, грае дыск Romantic Collection Vol. 3. Машына спыняецца на абрыве, унізе цячэ віхлявая Вілія, злева – утомленное солнце нежно с полем прощалось. Разлік па часе правільны.

– Давай тут пастаім крыху. На захад паглядзім, – прапануе старшыня.

Яся пагаджаецца – а што рабіць? Да інтэрната – 36 кіламетраў, яна глядзела па спідометры. Яны сузіраюць захад сонца, і, калі прыкметы нецярплівасці, што выказвае дзяўчына, робяцца зусім відавочныя, Віктар Паўлавіч прапануе вяртацца ў машыну. Ён кіруе, не прамаўляючы больш ані слова, і незразумела: ці ён пакрыўджаны, ці ён раздражнёны, ці злуе на сябе самога (па ўсіх раскладах – трэба было б). Нарэшце ён паварочваецца да яе і, заліты апошнімі промнямі так і не дагледжанага праз Ясіну нецярплівасць заходу сонца, запытвае:

– Эх, Яся, Яся... Што ты сабе думаеш? Колькі гадоў табе? Дваццаць два хутка будзе? А дамаглася ты чаго? Дыплом незразумелы ды спецыяльнасць, якая ў жыцці нармальнаму чалавеку ні да чаго. Ані сям'і, ані дзяцей, ані будучыні... А нармальная ж дзеўка! Табе жыць ды жыць!

Яся не ведае, што адказаць: у нейкім глабальным сэнсе ён, вядома, мае рацыю, але тое, што ён называе жыццём – жыццём у стылі Romantic Collection Vol. 3, з тэлевізарам і простым чалавечым шчасцем у белай кашулі з кароткім рукавом, – яе аніяк не цікавіць. Падмацаваны Ясіным маўчаннем, у адчуванні ўласнай рацыі, Віктар Паўлавіч паддае газу, і яны падлятаюць да паркінга каля драўлянай альтанкі.

Ёсць месцы, што добра выглядаюць у яркім сонечным святле. Ёсць месцы, створаныя для імглістай раніцы (да іх адносяцца вялікія дрэвы, што растуць ля ракі). Ёсць горныя вяршыні, на якія трэба глядзець толькі на захадзе сонца – інакш узненавідзіш іх за паштовачнасць. Існуюць і лакацыі, якім да твару патанаць у прыцемках. Яны – у адной з іх. Альтанку абступае лес. Лес атачае вечар. Вечар агортвае ноч, падкрадаючыся з усходу. На захадзе пунсавеюць рэшткі памяранцу.

На століку – два крыштальныя фужэры і бутэлька шампанскага Мінскага завода пеністых вінаў “Шэлест бальнай сукенкі”. Побач, у талерцы, буйна нарэзаныя памідоры, агурок і паламаная рукамі шакаладка “Алеся” з ружовай начынкай. У фужэрах варушацца мурашы. Яся маўчыць. Старшыня, у якога ад сарамлівасці надзвычай моцна загарэліся вушы, важдаецца з шампанскім – раздзірае фольгу, адкручвае драцяную пляцёнку, акуратна цягне корак з рыльца (корак, у адрозненне ад усяго астатняга ў гэтай бутэльцы, – сапраўдны). Нарэшце шампанскае выстрэльвае і ліецца на стол пахкай і кіслай белай бруяй. Ён падстаўляе фужэры, і мурашы гінуць у густой пене, падобнай да той, што выдае вогнетушыльнік у кіно.

– Ну давай, Яся, вып'ем за подзвіг нашага народа ў Другой сусветнай вайне, – падымае Віктар Паўлавіч свой келіх.

– Можа, лепей за рост паказнікаў па надоях? – пытаецца Яся і куляе ў сябе суспензію з пахам мыла. Яна п'е не таму, што ёй хочацца беларускага шампанскага. Яна п'е з мэтай падгуляць яму, каб паназіраць, як далёка і ў які бок зойдзе сітуацыя.

Віктар Паўлавіч хоча нешта адказаць, напэўна, гэта рэпліка “Ну, што ты адразу, так бы мовіць, у атаку?”, але ягонае горла занятае шампанскім, з яго вырываецца толькі бульканне. Высмактаўшы фужэр, ён закусвае, як і належыць, памідорчыкам з агурком і галантна прапануе такі ж пачастунак даме. Дама адмаўляецца.

– Вазьмі хоць шакаладку! – настойвае кавалер, але Яся спрабуе выцягнуць трупы патанулых мурашоў са свайго Грааля. Трупікі прыліплі да крышталю, і іх даводзіцца адкалупваць галінкай.

– Мне гэта месца папярэдні старшыня паказаў, – жвава апавядае гаспадар Малмыгаў, – ён з Машэравым як вось я цяпер з табой поруч стаяў, Пётр Міронавіч прыехаў плаціну адкрываць, падышоў да яго, гаворыць: “Дай закурыць”. Ён курыў шмат, Машэраў-та, а старшыня наш...

Яся зноўку пазяхае, разумеючы, што, калі доўга трымаць рот раскрытым, позех лезе ў яго неяк сам сабою.

– Добра, давай па другой! – прапануе Віктар Паўлавіч Чачуха, напаўняе фужэры пенай і ўжо без тосту куляе яе ў сябе.

Яся заахвочвальна маўчыць. Ёй цікава, куды пойдзе размова без подзвігу народа ў Другой сусветнай вайне і Пятра Міронавіча Машэрава. Суразмоўца не ведае, куды падзець рукі, дастае з кішэні сваёй адпрасаванай белай кашулі з кароткім рукавом грабеньчык і пачынае старанна зачэсваць валасы назад. Робіцца зразумела, навошта кашулі патрэбная гэта кішэня. Калі маўчанне зацягваецца, ён разлівае рэшткі пены па куфлях і паглынае свой у суцэльным маўчанні. Потым знянацку рашуча бярэ яе руку і разглядае птушак, што ляцяць па ейнай скуры. Ён спрабуе адшукаць патрэбныя словы і спытаць у стылі Romantic Collection Vol. 3, але ў яго не атрымліваецца. І ён выдае кароткае:

– Сабака цябе, ці што, у дзяцінстве пакусаў?

– Не сабака, – уздыхае Яся. – Нямецка-фашысцкія захопнікі. Хацелі расстраляць за грэблівасць да подзвігу савецкага народа ў Другой сусветнай вайне. Але ў сэрца не трапілі, толькі руку пакоцалі.

Яна ўсё чакае, калі старшыня пачне злаваць, але ён праглынае здзек са спакойным выразам на чарнявым твары. І руку не адпускае. Цягне за сабой па сцяжынцы ў бок ад альтанкі. Яся адчувае вострую антрапалагічную цікаўнасць. Ёй не страшна, яна ўпэўнена, што здолее спыніць яго на любым з этапаў гэтай шлюбнай гульні адною-адзінай фразай, дакладней – прозвішчам. Яны прабіраюцца праз ляшчыннік, даму ядуць камары, яна адмахваецца ад іх адзінай вольнай далонню. Нарэшце пара апынаецца на палянцы, якую сутонне фарбуе не горш, чым альтанку з шампанскім. Палянка ўпіраецца ў два дрэвы, пераплеценыя адно з адным, бы дзве пасмы валасоў у касе.

– Глядзі, Ясенька, – гаворыць кавалер інтымным голасам, – гэта хваіна і бяроза. Яны раслі побач і зразумелі, што ім – аніяк адно без аднога. І тады ствол хвоі пачаў хіліцца да ствала бярозы, – старшыня, яўна прытрымліваючыся сваёй старанна прадуманай фантазіі, пачынае схіляцца свежапрычасанай шавялюрай у стылі Кайла Маклахлена да яе пляча, – і абняліся, – ён абдымае яе, старанна абыходзячы тыя часткі Ясі, за дакрананне да якіх тэарэтычна можа прыляцець поўха. – І, калі іх целы спляліся і затанцавалі, іх вяршыні пачалі цалавацца, – яго вусны паўзуць да Ясінага твару, і ў яе ўсярэдзіне зараджаецца выбух.

Замест таго, каб ветліва выслізнуць з абдымкаў і ціха растлумачыць, што такі мужчына, як Віктар Паўлавіч Чачуха, пры ўсёй яго прывабнасці і перспектыўнасці, пры ўсёй яго пасадзе і “Волзе”, пры ўсёй яго адпрасаванай кашулі і дыску Romantic Collection Vol. 3, не можа зацікавіць Ясю ані цяпер, ані ў будучыні праз несупадзенне інтарэсаў, жыццёвыя мэты і набор прачытаных кніг, і што яна зычыць яму шчасця, пухлых дзетак і лепшай за яе жонкі, дык вось, замест гэтай ужо нават прамоўленай сабе спакойнай і ўзважанай адмовы яна раптам адштурхвае прадстаўніка раённай адміністрацыі і крычыць яму ў твар:

– Як жа вы мне ўсе абрыдлі! Дубагаловыя некрафілы! Зомбі з мінулага! Войска Урфін Джуса, што жыве ў вечным “Артэку”! Юнакі, якія гавораць мовай пленумаў ЦК! Камісіі па размеркаванні! Працоўныя кніжкі! План па інвестыцыях! “Валадар сяла”! Малады спецыяліст! Подзвіг народа! Нямецка-фашысцкія захопнікі!

Ясю скаланае ад злосці. Яна відавочна прад'яўляе яму больш, чым ён заслужыў сваімі наіўнымі заляцаннямі. Але з дзяўчыны выліваецца, здаецца, усё, назапашанае за апошнія месяцы:

– Шашлычок пад каньячок! Шампанскае з памідорамі! Крэдыт на тэлевізар! Шклопакет на кухні! Праграма развіцця вёскі! Аграгарадкі! “Самыя багатыя і ўплывовыя”! Сацыяльнае малако! Сацыяльнае малако, бля!

Віктар Паўлавіч збянтэжана маўчыць. Ён не можа зразумець ні пачутых словаў, ні праяўленых Ясяй эмоцый. Ён спрабуе ўзяць яе за руку і выціскае:

– Ясенька, што на цябе найшло? Я ж па-добраму...

– Ты дыёраўскага “Фарэнгейта” на сябе болей вылі! Нафталінам будзе менш цягнуць! – адрэзала яна і рашуча пакрочыла прэч з паляны і далей – да дарогі.

Па дарозе яна згадвае, што да інтэрната – 36 кіламетраў паводле спідометра, таму варыянт эфектнага сыходу ў лясны гушчар пагражае начным аўтаспынам, што не станецца больш эфектыўным за дзённы аўтаспын ад Вілейкі. А значыць, тупаць давядзецца да самага світання, пад вухканне соваў і ў пільным суправаджэнні акрыленага кровасмактальнага гнюсу. Таму яна па плаўнай глісадзе вяртаецца да “Волгі”, рашуча адчыняе дзверцы – але не тыя, што побач з кіроўцам, а заднія справа, куды звычайна заскоквае пасажыр таксоўкі. І, паставіўшы такім чынам свайго высокапастаўленага залётніка ў статус кіроўцы, сашчапляе рукі на грудзях і ўпарта свідруе вачыма прыборную панэль. Віктар Паўлавіч Чачуха няўпэўнена перамінаецца нейкі час у альтанцы, намагаючыся сцяміць, што зрабіў не так. Потым затарможана змятае гародніну з талеркі ў смеццевы бак, акуратна, каб не разбілася, змяшчае туды ж бутэльку з-пад шампанскага. Пасля сядае за стырно і нейкі час маўчыць.

– Ну ты даеш! – кажа ён, перш чым завесці рухавік. Яны не размаўляюць да самых Малмыгаў.

Калі “Волга” кранаецца з месца, магнітола запускае дыск Romantic Collection Vol. 3. Дрыготкі ад напружання голас Фрэдзі Мэрк'юры выводзіць: “Love of my life, you've hurt me. You've broken my heart and now you leave me...”

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Алена Зуева.

Еще по этой теме:
Премьера на CityDog.by. Клип Mustelide на песню «Salut»
«Петля Пристрастия» – «Вечеринка». Премьера сингла на CityDog.by
Премьера на CityDog.by: клип Mustelide на песню «Spi»
поделиться