Мінчукі на Свяце роднай мовы: “Гэту вышыванку я заказала ў Кітаі”

Мінчукі на Свяце роднай мовы: “Гэту вышыванку я заказала ў Кітаі”
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. CityDog.by схадзіў на мерапрыемства, прысвечанае гэтаму дню, і даведаўся, як размаўляе, дзе апранаецца і як забаўляецца беларускамоўная частка Мінска.

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. CityDog.by схадзіў на мерапрыемства, прысвечанае гэтаму дню, і даведаўся, як размаўляе, дзе апранаецца і як забаўляецца беларускамоўная частка Мінска.

 

СПАДАРЫНЯ АЛЕНА

Гэту жанчыну ў каларытным народным строі складана было не заўважыць. На фоне астатніх гасцей яна прыцягвала ўвагу і сваім знешнім выглядам, і узростам, і актыўным удзелам у праграме мерапрыемства. Нягледзячы на гады, спадарыня Алена наракае: ладзяцца такія святы не так часта, як ёй хацелася б.

Размаўляць па-беларуску жанчына пачала яшчэ ў 1989 годзе. З тых часоў яна трапляла ў розныя сітуацыі, але ні разу не пашкадавала пра сваё рашэнне.

– На самой справе, гэта не так проста – усюды і заўсёды размаўляць па-беларуску. Часам гэта можа выклікаць такую рэакцыю, што і казаць страшна. Напрыклад, аднойчы мяне не бралі на працу і ў адкрытую казалі: “Ты ж не радыё, я цябе не выключу. Будзеш тут лапатаць. Раней, яшчэ ў часы савецкай улады, па-беларуску размаўлялі ў асноўным у вёсках, а ў горадзе – па-руску. Але тады не было такога падзелу і нават такіх паняццяў, як “Я размаўляю па-руску” ці “Я размаўляю па-беларуску”. Гэта называлася “па-тутэйшаму” і “па-гарадскому”. 

Касцюм спадарыні Алены хутчэй святочны, але яна можа і ў звычайны дзень выехаць у ім у горад. Як правіла, людзі звяртаюць увагу, а ў транспарце часам цікавяцца: “З якога вы ансамбля?”

– Калі ў Мінску быў чэмпіянат, я ішла па горадзе ў гэтым касцюме, міма праходзілі два хлопцы-замежнікі. Адзін з іх спытаў у другога, што гэта ў мяне за строй. Другі адказаў, што нацыянальны беларускі касцюм. На што першы вельмі здзівіўся: “У іх яшчэ і касцюмы ёсць?” З аднаго боку, сітуацыя смешная, з другога – даволі паказальная.

 

АЛЯКСАНДР І ЕЛІСЕЙ

У гэтай сям'і мама размаўляе з дзецьмі па-руску, тата – па-беларуску. На пытанне, чаму была выбрана такая мадэль зносін, Аляксандр адказвае проста: “Для іх асабістага развіцця”. Вядома, калі дзеці падрастуць, ім больш спатрэбіцца веданне, напрыклад, англійскай мовы. Але гэта будзе іх уласны выбар.

У паўсядзённым жыцці Аляксандр не заўсёды размаўляе па-беларуску. Ён лічыць, што трэба арыентавацца па сітуацыі. Напрыклад, калі суразмоўца звяртаецца да цябе па-руску, то і адказваць варта на гэтай жа мове, каб не ўзнікала нейкіх складанасцяў і неразумення ў зносінах: “Мова – асабісты выбар кожнага чалавека, і сваё меркаванне лепш не навязваць. Ні да чаго добрага гэта ўсё роўна не прывядзе”. Па-беларуску Аляксандр размаўляе, як правіла, толькі ў асяродку пэўных людзей: на бацькоўскіх сходах у школе сына, з сябрамі, на мерапрыемствах тыпу Свята роднай мовы.

Такую прыгожую вышыванку Аляксандру падарыла на дзень народзінаў жонка. Яна сама яе зрабіла разам з цешчай. Але мужчына прызнае, што кожны дзень у такой кашулі не паходзіш. Калі прыглядзецца, можна заўважыць, што на кашулі вышыты чатыры фігуркі. “Гэта я, мая жонка і двое дзяцей. Але час ужо мяняць кашульку: дзяцей у нас ужо трое” (усміхаецца).

 

ГЭНІК

Калі мы падышлі да спадара і звярнуліся па-руску, ён шчыра адказаў: “Я з радасцю адкажу на ўсе вашы пытанні, толькі я не разумею, што вы кажаце”. 

На роднай мове Гэнік размаўляе 35 гадоў. Ён кажа, што беларусы любяць сваю мову, але выкарыстоўваць яе ў паўсядзённым жыцці будуць хіба што пад прымусам. Варта ўлічваць, што і ступень прымусу можа быць розная. “Напрыклад, можна навязваць мову пад страхам смерці, а можна ўпасці ілбом у падлогу, цалаваць рукі-ногі і прасіць размаўляць па-беларуску. У другім выпадку чалавеку таксама стане не зусім камфортна і, хутчэй за ўсё, ён паддасца. Так што абодва гэтыя варыянты – розныя формы прымусу”, – разважае мужчына.

Гэнік кажа, што ўсе мы вольныя. Але наша воля заканчваецца там, дзе пачынаецца воля іншага чалавека. А вось дзе гэта – на кончыку нашага носа ці на адлегласці выцягнутай рукі – ніхто не ведае.

– У каго ні спытай на вуліцы, усе хочуць, каб беларусы размаўлялі па-беларуску. Але не ўсе разумеюць, што азначае фраза “Я хачу”. На самай справе, калі мы кажам: “Я хачу, каб беларусы размаўлялі па-беларуску”, мы спрабуем навязаць сваю волю. То бок людзі павінны рабіць тое, што я хачу. І гэтак ва ўсім, – кажа Гэнік. – І не кожны можа прызнаць, што гэта сапраўды так.

Сам мужчына заўсёды размаўляе на роднай мове, імкнецца любымі спосабамі выцягнуць з суразмоўцы хаця б адно беларускае слоўца. “А калі хто-небудзь будзе крыўдзіць маю мову, я яму пакажу!” – усміхаецца Гэнік і паказвае кулак.

Доўгія валасы мужчына носіць, бо так падабаецца яго жонцы. А вышыванка ў яго, як ні дзіўна, з Амерыкі. Там жыве знаёмая, якая сама шые такія кашулі і дасылае ў Беларусь сябрам і знаёмым.

 

ЗМІЦЕР І ІНА

Іна пераехала ў Мінск з Украіны. “Мне падабаецца беларуская мова, калі вывучала яе, узнікалі некаторыя складанасці, бо ўкраінская і беларуская вельмі падобныя, некаторыя словы часта блыталіся. Але гэта справа практыкі”, – распавядае дзяўчына.

Зміцер – муж Іны – беларус. Пастаянна размаўляць па-беларуску ён пачаў больш за пяць гадоў таму. “Да таго, каб перайсці на родную мову, трэба дарасці, – лічыць хлопец. – Калі пачынаеш усведамляць сябе як асоба, такі пераход адбываецца натуральным чынам”.

Што тычыцца асабіста яго, то ўсё пачалося з чытання вялікай колькасці беларускай літаратуры. І ў адзін цудоўны дзень хлопец зразумеў, што хоча пастаянна размаўляць на роднай мове. Спачатку сябры і родныя не ўспрымалі гэта сур'ёзна, часам жартавалі. Але праз некалькі месяцаў усе прывыклі і перасталі звяртаць увагу. “Мой начальнік нават рады, што я размаўляю на роднай мове: маўляў, у яго ніколі не было такіх супрацоўнікаў”, – усміхаецца Зміцер.

Пара пастаянна наведвае мерапрыемствы, але кажа, што Мінску вельмі не хапае, напрыклад, беларускамоўнага кінатэатра. “У Мінску 20 кінатэатраў, і ніводзін не паказвае фільмы з беларускім перакладам. Гэта не патрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў. Тым больш ёсць людзі, гатовыя рабіць пераклады за свой кошт”, – дзеліцца хлопец.

Вопратку муж з жонкай купляюць у звычайных крамах або заказваюць праз інтэрнэт. Напрыклад, на дзяўчыне кофта, якую яна выпадкова ўбачыла на кітайскім сайце.

 

ВІТАЛЬ

Віталь не размаўляе кожны дзень па-беларуску, але вельмі любіць родную мову. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой, і за гэты час патрыятычныя пачуцці ў мужчыны абвастрыліся. Вярнуўшыся ў Беларусь, ён стаў рэгулярна наведваць мерапрыемствы кшталту Свята роднай мовы і Дня вышыванкі. Дарэчы, на апошнім ён і купіў свой гальштук.

– Гэта вельмі стыльная і прыгожая рэч, я з задавальненнем нашу яе не толькі на тэматычныя святы, але і на мерапрыемствы, не звязаныя з беларускай культурай. Кожны дзень яго не апранеш, таму што выглядае ён даволі святочна. А на нейкія мерапрыемствы – вельмі нядрэнна. І людзям падабаецца, – дзеліцца Віталь.

За мяжой Віталь сутыкаўся з тым, што людзі не ведаюць пра Беларусь і нярэдка лічаць яе часткай Расіі: “Для мяне было прынцыпова растлумачыць людзям, што такое Беларусь. Хаця многім, я ведаю, прасцей адмахнуцца і не ўступаць у дыскусіі на гэты конт”. 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

Еще по этой теме:
Что и почем продавали на «Дні вышыванкі»
Наш патрыятычны эксперымент: знайсці прадукты з упакоўкай на беларускай мове
Наш эксперимент: легко ли быть беларускамоўным в Минске?
поделиться