У Мінску раскапалі... старажытную нямецкую вуліцу!

У Мінску раскапалі... старажытную нямецкую вуліцу!
На днях на вуліцы Р.Люксембург знялі асфальт, пад якім апынуўся старажытны брук. Спецыялісты кажуць: больш за сто пяцьдзясят год таму тут жылі немцы. І відаць, што брук – своеасаблівы помнік іх ладу жыцця ў старадаўнім Мінску. У пытанні разбіраўся CityDog.by.

На днях на вуліцы Р.Люксембург знялі асфальт, пад якім апынуўся старажытны брук. Спецыялісты кажуць: больш за сто пяцьдзясят год таму тут жылі немцы. І відаць, што брук – своеасаблівы помнік іх ладу жыцця ў старадаўнім Мінску. У пытанні разбіраўся CityDog.by.

«Так, сапраўды раскапалі гістарычны брук, – расказаў CityDog.by гісторык Мінска Сяргей Харэўскі. – У раёне вуліц Розы Люксембург і Клары Цэткін ў ХІХ стагоддзі была пабудаваная слабада для рабочых з Сілезіі». Недалёка знаходзіліся лютаранскія могілкі, а вуліцы называліся «Лютаранская» і «Нямецкая». «На нямецкі манер вуліцы адразу ж брукавалі, – працягвае Сяргей. – Гэта нямецкае прадмесце праіснавала да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Там, дарэчы, нават пара дамоў з гэтага прадмесця ацалела. Так што хутчэй за ўсё гэта брук сярэдзіны ХІХ стагоддзя».

  

Гэта не першая брукаванка, якую знаходзяць на мінскіх вуліцах. На Маякоўскага, напрыклад, брук падчас рамонту дарогі разабралі, бо ён перашкаджаў бульдозерам. «Я думаю, што пакідаць брукаванку можна і нават трэба. Па-першае, гэта прыгожа. Па-другое, такая дарога больш экалагічная, – тлумачыць для чытачоў CityDog.by сп.Сяргей. – Брукаванка, у адрозненні ад бетона і асфальта, дазваляе вадзе сцякаць між камянёў. Ну і, вядома, брук мог бы выконваць асветніцкую функцыю. Паказваючы брукаванку, можна распавесці шмат гісторый».

Першы брук ў Мінску датуецца XVI стагоддзем. На раскопках Мінскага замчышча ў раёне цяперашняй станцыі метро «Няміга» знайшлі брукаваныя двары канца XV – XVI стст. У той час існаваў «капытковы збор» – кожны, хто праязджаў праз гарадскую браму на кані, мусіў даць колькі камянёў на аднаўленне кляштароў і брукаванне дарог.

Нават ў 1940-50-я гады камянямі выкладалі вуліцы ў раёне Трактарнага і Аўтазаводу. Сяргей Харэўскі ўпэўнены: мінскі брук варта захоўваць – гэта гісторыя. Да таго ж, «якасны брук вымагае куды менш рамонту, чым асфальт. Граніт амаль не сціраецца гумовымі шынамі, таму брук не мае калюжын». Наконт відавочных нязручнасцяў для пасажыраў транспарту і небяспекі ад заледзянення гісторык кажа адназначна: «Гэта адзін працэнт мінскіх вуліц! Я думаю, гэта невялікая праблема».

Не некаторых вуліцах Мінска брук захаваўся, і па ім ездзяць дагэтуль (ніжэй – здымкі з вул.Гало).

  Фота Аляксей Літвінка

поделиться