Выставки

Беларускае вяселле (6+)

13 сентября 2018 - 13 октября 2018

Справки: тут.

Вход: от 5 руб.

Беларускае вяселле (6+)

12 верасня 2018 г. а 19 гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, у межах Месяца фатаграфіі ў Мінску, адбудзецца адкрыццё выставы «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня».

Фатаграфіі выставы прадставяць наведвальнікам НЦСМ традыцыйнае вяселле праз партрэты яго галоўных арганізатараў: жанчын-носьбітак песенна-абрадавай традыцыі, а таксама мужчын-вясковых музыкаў, якія адказвалі за танцавальную частку свята.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 60 твораў з калекцыі кабінета традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якія былі зроблены ў 1970–1990-я гады ў музычна-этнаграфічных экспедыцыях супрацоўнікамі і студэнтамі Акадэміі музыкі – аматарамі фатаграфіі (С. Мыцько, Д. Касцюкавец, А. Каліна і інш.).

Фатаграфіі таксама можна будзе праглядзець у фармаце слайд-фільму, дзе кожны здымак агучаны «вясельным голасам» той асобы, якая на ім выяўлена, а ўвесь экспазіцыйны цыкл (партрэт+гук) абагульнена выбудаваны ў паслядоўнасці вясельнага рытуалу і маркіруе галоўныя яго этапы.

Важным раздзелам праекта стане дэманстрацыя фільма «Радзілавіцкае вяселле», знятага ў 2017 г. сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства паводле сцэнара Р. Гамзовіч (аператар – А. Глушко, фота – А. Мікус, відэамантаж – Д. Касцюкевіч).

19 верасня а 19:00 у межах выставы пройдзе куратарская экскурсія.

26 верасня а 19:00 да 85-годдзя з дня нараджэння выбітнага беларускага этнамузыколага З.Я. Мажэйка адбудзецца рэтраспектыўны прагляд і абмеркаванне дакументальнай кінастужкі «Полесские свадьбы» (сцэн. З. Мажэйка, рэж. Юрый Лысятаў; Беларусьфільм: “Летапіс”, 1986, 20 хв.).

Работа выставы плануецца ў тэрмін з 13.09. па 13.10.2018 г.

Куратары: Настасся Даніловіч, Дзіна Даніловіч (+375 29 716-37-35).