Выставки

Майстры польскага малюнка (12+)

21.07 - 20.09

Минск, ул. Ленина, 20

Справки: тут.

Вход: 5 руб.

0

Майстры польскага малюнка (12+)

Пачаткам еўрапейскага мастацтва быў малюнак. У старажытнасці яго рабілі на папірусе, у Сярэднявеччы – на пергаменце, пасля – найчасцей на паперы і палатне. Яго жорсткую лінію мастакі змякчалі, напрыклад, расціраючы мяккі аловак або падводзячы контур тушшу, акварэллю ці гуашшу.

Праўда і тое, што практыкаванні і накіды часта выконваюць службовыя функцыі ў працэсе падрыхтоўкі карціны, але малюнак з’яўляецца не толькі этапам, які вядзе да скончанай працы. Эскіз – гэта раскрыццё канцэпцыі “твора”, многія мастакі рабілі на прыродзе накіды пейзажу, сцэны або цікавай паставы.

На патрэбы прэзентаванай у Беларусі выставы былі ўзяты дзве калекцыі з аб’яднаных супрацоўніцтвам музеяў: Падляшскага музея ў Беластоку і Акружнога музея ў Сувалках.
Сабраная за палову стагоддзя калекцыя малюнкаў Падляшскага музея ў Беластоку змяшчае творы такіх выбітных польскіх мастакоў, як Ян Матэйка, Яцэк Мальчэўскі, Станіслаў Віткевіч, Юзаф Панкевіч, Ігнацы Пянькоўскі, Віткацы, і многіх іншых. У музейны рэестр упершыню быў унесены малюнак Міхала Эльвіра Андрыёлі – ілюстратара і патрыёта, удзельніка паўстання 1863–1864 гадоў і выгнанніка.

Увагі заслугоўваюць накіды, эскізы і малюнкі вядомага польскага мастака, тэарэтыка і крытыка мастацтва Станіслава Віткевіча, які перанёс на польскую зямлю погляды французскага крытыка Э. Верона: “Не важна, ці гэта Замойскі пад Бычынай, ці Каська, якая абірае рэпу, ні ў першым, ні ў другім выпадку на карціне не будзе ніводнага бліка, ніводнага ценю ці рэфлексу, калі глядзець на іх у адну і тую ж пару дня”. Інакш кажучы, для мастацкай каштоўнасці твора важная не тэма. Віткевіч займаўся малюнкам з маленства, самя раннія яго працы з’явіліся ў Сібіры, бо яго бацька, кіраўнік паўстання 1863–1864 гадоў у сваім павеце, разам з сям’ёю быў высланы на чатыры гады (1864–1867) у Томск. Там з алоўкавага эскіза была зроблена паштоўка на імяніны бацькі, 31 ліпеня 1867 года (“Перад адкрыццём чыгункі”, MB/S/1518), а 1868 годам датуецца эскіз “Калмык (MB/S/1531)”. З часам эскізы Віткевіча рабіліся ўсё больш дакладныя, лініі больш выразныя, дэталей было ўсё менш. Збор дазваляе прасачыць развіццё мастака ад юнацкіх накідаў да скарочанах графічных нотак, якія перадаюць асноўныя рысы мадэлі.

Сын і вучань Станіслава, Станіслаў Ігнацы Віткевіч (Віткацы), напачатку пераняў ідэі бацькі, але з часам змяніў свае погляды і стварыў арыгінальную тэорыю Чыстай Формы. У 1928 годзе ён прыйшоў да высновы, што яго карціны ніхто не разумее, не цэніць і не купляе, выдаў рэгламент “Партрэтнай фірмы С.І. Віткевіча” і амаль цалкам прысвяціў сябе стварэнню партрэтаў. Прыклад ранейшых прац – містычная пастэль 1917 года “Фантастычнае бачанне” (MB/S/594). “Партрэт маладой жанчыны” (MB/S/1791) ілюструе творы Партрэтнай фірмы з раздзела “самы вылізаны і найдаражэйшы”. Апошняя праца (“Шабаш чараўніц”, MB/S/1192) з’явілася ў 1939 годзе, калі аўтар пісаў амаль адны партрэты.

Шэраг работ складваецца ў адзінае цэлае, галоўным сувязным звяном якога з’яўляецца асоба мастака-калекцыянера Аляксандра Мана і яго жонкі Яніны з Перажыньскіх, уладальнікаў вілы “Ave” ў Канстанціне. Аляксандр Ман паходзіў з аселай у Варшаве паланізаванай нямецкай сям’і. У 1903 годзе ён пасяліўся ў Канстанціне. Яго сябар-архітэктар Тадэвуш Раствароўскі пабудаваў або перабудаваў больш за 30 касцёлаў на Падляшшы і ў Літве, быў адным са стваральнікаў несінуючага сёння імператарскага палаца ў Белавежы і неагатычнага палаца Путкамераў у Балценіках. Яго найбольш вядомым творам быў прадстаўнічы віленскі гатэль “St. Georges”, прафінансаваны і пабудаваны ім у 1894 годзе. У калекцыі Аляксандра Мана апынуліся таксама працы Здзіслава Ясіньскага, аўтара роспісаў у Белавежскім паляўнічым палацы, Чэслава Таньскага і многіх іншых.

У музейнай калекцыі ўвагу прыцягваюць шэдэўры Пятра Міхалоўскага, Яна Матэйкі, Максіміліяна Герымскага, Юзафа Панкевіча і Войцеха Герсана.
Альфрэд Веруш-Кавальскі атрымаў салідную акадэмічную адукацыю ў галіне мастацтва, істотным элементам у яго навучанні быў малюнак: “З ранку да вечара я сяджу ў класе і малюю антычныя скульптуры, [пасля] пару гадзін – з натуры. Інакш рабіць нельга і немагчыма, калі ты хочаш чаго-небудзь дасягнуць. […] Контур галавы робіцца тры або мінімум два дні, фігуры – па тыдні ці па два”, – пісаў ён у лісце да сябра. У фондах Акружнога музея ў Сувалках захаваліся графічныя накіды да карцін, фігур і малюнкі, створаныя для перанясення на палатно запланаваных кампазіцый. Выключнае месца ў даробку творцы займаюць некалькі дзясяткаў карыкатур на персанажаў польскага мастацкага асяроддзя ў Мюнхене. Пры іх стварэнні Веруш-Кавальскі вызначыўся выключнымі здольнасцямі назіральніка.

Іншую ролю малюнак выконваў у творчасці Рамана Каханоўскага: мастак-пейзажыст на працягу ўсяго жыцця не разлучаўся з паперай і алоўкам. Эскізы фігур і кампазіцыйныя малюнкі запоўнілі дзясяткі альбомаў і сотні аркушаў, ён стварыў сотні пейзажных кампазіцый, якія можна ўспрымаць як жывапісныя працы. Мастак карыстаўся мяккімі алоўкамі і чорным вугалем, дзякуючы гэтаму ён меў магчымасць інтэнсіўнай святлоценявой перадачы сваіх пейзажаў.

У творчасці Рамана Каханоўскага малюнак выконваў таксама і прыкладныя функцыі. Менавіта ў гэтай тэхніцы з’яўляліся многія графічныя праекты календароў, паліграфічных віньетак, тытульных старонак часопісаў, веераў, кніжных ілюстрацый і г.д.
У майстэрскай практыцы ХІХ стагоддзя малюнак быў важным сродкам выразнасці. Ён удасканальваў здольнасці, умацоўваў памяць, спрашчаў кампанаванне карцін. З цягам часу, аднак, малюнак губляў сваё практычнае значэнне, набываючы ўсё больш індывідуальнай мастацкай экспрэсіі.

Атрымліваючы асалоду ад вытанчанага мастацтва малюнка, варта суаднесці яго з жывапіснымі творамі майстроў. Прадстаўленая выстава – запрашэнне да такога аналізу, які можа стаць незвычайнай інтэлектуальнай і эстэтычнай прыгодай.

Фото: Radio Poland

ОТЗЫВЫ
ЗАЛОГИНЬТЕСЬ ЧЕРЕЗ СОЦСЕТИ
VKONTAKTE
Или комментируйте с помощью капчи