Выставки

Загляните на выставку сценических костюмов (0+)

1 - 15 декабря 2020

Галерея «Университет культуры»

Минск, пл. Октябрьская, 1

СПРАВКИ: здесь

ВХОД: бесплатный

 

Загляните на выставку сценических костюмов (0+)

1 снежня ў 17:00 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы “Скрозь час” мастака па касцюмах, члена Беларускага саюза мастакоў Наталлі Смаляк. Экспазіцыя выставы “Скрозь час” складаецца з трох асноўных частак.

  • У першую частку экспазіцыі ўвайшлі сцэнічныя касцюмы, створаныя па матывах гістарычных касцюмаў ХVI – ХVII стагоддзяў, і ўяўляюць сучасны аўтарскі погляд на багатую і шматгранную культурную спадчыну Беларусі.
  • Другая частка экспазіцыі знаёміць з аўтарскімі сцэнічнымі касцюмамі, распрацаванымі па матывах беларускіх народных строяў і народных вясельных касцюмаў канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя, якія ўяўляюць сабой сучасную сцэнічную стылізацыю беларускага народнага касцюма, выкананую з выкарыстаннем традыцыйных тэхнік: ручнога ткацтва, вышыўкі, нашыўкі тасьмай і карункамі.
  • Дапаўняюць выставу і складаюць трэцюю частку экспазіцыі эскізы і фатаграфіі аўтарскіх сцэнічных касцюмаў і касцюмаў, распрацаваных мастаком непасрэдна для калектываў, якія працуюць у тэатральных, музычных, харэаграфічных і іншых відах мастацтва.

На выставе прадстаўлены больш за 30 касцюмаў, 40 эскізаў, распрацаваных аўтарам з 1995 па 2020 год, і 50 фотаздымкаў, што дазваляе прасачыць творчы шлях мастака за 25-гадовы перыяд творчай дзейнасці.

Выстава знаёміць з творчасцю Наталлі Смаляк. У сферу інтарэсаў мастака ўваходзіць вывучэнне культурных традыцый і традыцыйных тэхнік гістарычнага і народнага касцюма, існаванне гэтых традыцый ва ўмовах сучаснасці і іх пераўтварэнне ў сучасныя сцэнічныя вобразы.

Кожны касцюм – гэта ўнікальнае злучэнне тэхнічных вынаходак, аўтарскага бачання, непаўторнага эмацыйна-эстэтычнага поля, у выніку чаго сцэнічныя касцюмы, створаныя мастаком, становяцца прадметам шматузроўневага дыялогу паміж мінулым і будучыняй, спадчынай і сучаснасцю, традыцыяй і навацыяй, праз час даносячы да сучаснага гледача багатую культурную спадчыну беларускай зямлі.

Наталля Смаляк скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (у 1995 годзе), Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў (у 2000 годзе), аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (у 2005 годзе). З 2003 года з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Творча працуе ў галіне мастацкага тэкстылю і сцэнічнага касцюма.

Упершыню творчыя працы Наталлі Смаляк былі прадстаўлены ў 1995 годзе. З таго часу яна прыняла ўдзел у больш чым 50 рэспубліканскіх, міжнародных і замежных мастацкіх выставах, конкурсах і фестывалях, якія праходзілі як у нашай краіне, так і за яе межамі (Польшча, Літва, Расія), неаднаразова станавілася іх лаўрэатам і дыпламантам.

Акрамя таго, адбыліся шэсць персанальных выстаў мастака ў Беларусі, а таксама ў Польшчы, найбольш вядомыя з якіх “Шляхецкі скарб” – выстава аўтарскіх сцэнічных касцюмаў па матывах гістарычных касцюмаў (2010, 2011 гады), “Невычэрпная крыніца” – выстава аўтарскіх сцэнічных касцюмаў па матывах беларускіх народных строяў (2013 год).

Своеасаблівае мастацкае бачанне і выразная канцэпцыя творчасці дазволілі мастаку заняць сваю нішу сярод іншых напрамкаў сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сцэнічныя касцюмы, створаныя па эскізах Наталлі Смаляк, запатрабаваны творчымі калектывамі Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Узбекістана. Асобныя працы, выкананыя па заказах прадстаўнікоў творчых калектываў і пасольстваў, знаходзяцца ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Амерыцы.

Усяго за перыяд творчасці мастаком распрацаваны сцэнічныя касцюмы для больш як 150 калектываў з 15 краін свету.

Час працы галерэі: аўторак – субота, 11:00-19:00.