Выставки

Скарыніяна (3+)

17 ноября 2017 - 3 декабря 2017

Дворец искусств

Минск, ул. Козлова, 3

Справки: +375 17 288 15 49

Вход: 3 руб.

Скарыніяна (3+)

17 лістапада 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі
Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё
рэспубліканскай выставы “Скарыніяна”.

Сёлета спаўняецца 500-гадоў з часу выхаду ў Празе Бібліі Францыска Скарыны – першай
друкаванай кнігі на беларускай мове. Само з'яўленне яе 500 гадоў таму было такой жа
значнай падзеяй, якой у мінулым стагоддзі стаў першы касмічны палёт. Захоўваючы сваё
сакральнае значэнне, кніга стала для нас даступнай.

Друкарства – не толькі тэхналогія вырабу кнігі. Перадусім, гэта гісторыя адметнай асобы,
якая стаіць за кожнай кнігай. Францыск Скарына, безумоўна, з'яўляецца бацькам беларускага друкарства і яго ўнёсак складана пераацаніць, але яшчэ больш важным з'яўляецца тое, што па сканчэнні пяці стагоддзяў беларуская школа друкарства паспяхова развіваецца. Сучасныя прадаўжальнікі справы Францыска Скарыны – беларускія мастакі-графікі ствараюць сапраўдныя шэдэўры, паказваючы, што і зараз кніга застаецца адным з сімвалаў Беларусі.

Дадзеная выстава – гэта спроба перакінуць часавы мост і прадэманстраваць, што пачаты
Скарынай працэс стварэння беларускай школы друкарства мае свой працяг і сёння.
Уключаючы ў сябе тэхналогіі мінулага і будучыні, выстава робіць асноўны акцэнт на творчасці
мастакоў.

Можна сцвярджаць, што ў той ці іншай ступені прадстаўленыя ў дадзеным выставачным
праекце мастакі, у тым ліку знакавыя прадстаўнікі беларускай графічнай школы – Юрый
Якавенка, Павел Татарнікаў, Леў Алімаў, Міхаіл Басалыга, Раман Сустаў ды іншыя – з'яўляюцца нашчадкамі той традыцыі, грунт якой быў закладзены наватарскай творчасцю Францыска Скарыны. Гэта выяўляецца ў спалучэнні цвёрдага прафесійнага майстэрства з лёгкасцю эксперыменту. Кожны з мастакоў з'яўляецца носьбітам непаўторнага вобразнага стылю і валодае яркай выразнасцю пластычнай мовы.
У межах “Скарыніяны” прадстаўлены мастацкі праект “Беларускі АРТ-Алфавіт”,
куратарам якога з’яўляецца віцебская мастачка Кацярына Мяснікова.

Прэзентацыя “АРТ-Алфавіта” адбылася 1 верасня 2017 года у Дзень ведаў у Віцебскім мастацкім музеі. Па словах куратара, праект прапануе азірнуцца ў мінулае, працягнуць руку славутаму продку і прайсці скрозь стагоддзі, каб разам асэнсаваць тыя змены, якія адбыліся за гэты час. “Устойлівы ўздым цікавасці да беларускай  нацыянальнай культуры, да яе характэрных асаблівасцей і рысаў з’яўляецца своеасаблівым рухавіком для пошукаў творчых людзей, улюбёных у гісторыю і культуру сваёй Радзімы. Беларуская мова, беларускі алфавіт, абрысы літар, устойлівыя выразы, показкі, гумар – у іх захоўваецца ўнікальны светапогляд беларуса, дбіваюцца розныя адценні гістарычных змен, каларыт і самабытнасць нацыянальнай
культуры”, – адзначае Кацярына Мяснікова.

Акрамя твораў выяўленчага мастацтва на выставе прадстаўлены шлем віртуальнай
рэальнасці, з дапамогай якога можна перанесціся ў друкарскую майстэрню XVI стагоддзя,
паглядзець і выпрабаваць адноўлены друкарскі станок Францыска Скарыны, параўнаўшы яго з
сучасным друкарскім станком і 3D-прынтэрам.

Тэрмін правядзення выставы: з 17 лістапада па 3 снежня 2017 года, штодзень з 11.00 да
19.00, апрача панядзелка. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац
мастацтва (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў, +375 29 5502207 – каардынатар
выставы Аляксандр Уладзіміравіч Зінкевіч.