Ангарская: 5 месцаў раёна, якога баяўся кожны мінчук

Ангарская: 5 месцаў раёна, якога баяўся кожны мінчук
Апошні зімовы матэрыял рубрыкі мы зрабілі на Ангарскай. Кепская слава раёна вабіла нас даўно: хацелася разабрацца, як Ангарская стала для мінчан самым страшным страхам. І разабраліся ж!

Апошні зімовы матэрыял рубрыкі мы зрабілі на Ангарскай. Кепская слава раёна вабіла нас даўно: хацелася разабрацца, як Ангарская стала для мінчан самым страшным страхам. І разабраліся ж!

МЕСЦА №1:
ПАЎНОЧНЫ ПАСЁЛАК

Наш гід па пяці вусцішных мясцінах – фатограф Аляксандр Малама. Сустракаемся з Сашам на прыпынку “Зімовая”.

– Вуліца Зімовая ідзе ў Паўночны пасёлак – увесь тутэйшы прыватны сектар называецца Паўночным пасёлкам, але чаму – я так і не зразумеў. Гэта паўднёва-ўсходняя частка Мінска, але ўсе назвы вуліц – з паўночна-ўсходняй Сібіры: Ангарская, Алтайская, Байкальская, Хабараўская, Іркуцкая, Ахоцкая...

Паўночны пасёлак з’явіўся ў канцы 40-х, тут сяліліся рабочыя аўтазавода, рысорнага, шарыкападшыпнікавага заводаў. Некалькі дамоў купілі цыганскія сем’і. У савецкі час яны гандлявалі золатам, а з распадам Саюза пачалі гандляваць наркотыкамі. Да пачатку 2000-х, калі я вяртаўся дамоў на таксі і называў вуліцу Зімовую, таксісты казалі: “Грошы наперад”. Зімовая ў майго пакалення і дагэтуль асацыіруецца з наркотыкамі, з марыхуанай.

Яшчэ ў Паўночным пасёлку разбіралі крадзеныя машыны: у адрозненне ад кватэры, у прыватны дом машыну можна загнаць, разабраць і прадаць на запчасткі. Перыядычна тут ДАІшнікі рабілі аблавы, шукалі крадзеныя аўто. Невыкарыстаныя часткі машын вывозілі за кальцавую, там было цэлае поле, занятае старымі машыннымі каркасамі.

“Гэта класічны прыклад таго, як будуюць у нашым раёне. З’яўляюцца грошы – дабудоўваюць крыху, яшчэ з’яўляюцца – яшчэ дабудоўваюць. У выніку дом выглядае вельмі цікава”.

З вуліцы Летняй па вуліцы Асенняй можна трапіць на Зімовую. Але завяршыць гештальт, вярнуўшыся па Вясенняй на Летнюю, ужо не атрымаецца: замест Вясенняй тут вуліца Варвашэні, некалькі гадоў таму перанесеная з цэнтра горада.

– У прыватным сектары быў іншы свет, мы, ангарскія, тут тусаваліся менш. Хіба што хадзілі на балота ў канцы Зімовай лавіць трытонаў. Але балота засыпалі, і стала нецікава.

Увогуле, у нас заўжды была вайна – Зімовая на Ангарскую: не было пытанняў, як падзяліцца на каманды, калі гулялі ў футбол ці ў баскетбол. Але калі прыходзілі чужыя хлопцы ці, не дай бог, старэйшыя, то мы заўжды адразу ядналіся.

“Сюды выходзяць вокны маёй кватэры, і калі ўсё гэта цвіце вясной, то пасёлак выглядае проста неймаверна”.

“У нас з жонкай ёсць такая забава: мы ходзім і разглядаем дамы. Можна прайсці кіламетр і пабачыць усе стылі, усе архітэктурныя тэндэнцыі”.

 

МЕСЦА № 2:
ВУЛІЦА АНГАРСКАЯ

– Вуліца Ангарская дала назву раёну. Зараз маладое пакаленне называе раён “Ангáрка”, а мы казалі “Ангарá”. На вуліцы Ангарскай у маім дзяцінстве быў такі транспартны рух, што мы, седзячы на гэтай дарозе, спакойна гулялі ў карты – машына праязджала раз на дзве гадзіны! Цяпер нават уявіць немагчыма...

Да вайны тут былі лес і хутары, я помню яшчэ сям-там фундаменты стаялі і сады цвілі. А ў вайну тут праходзіла першая лінія абароны Мінска. Калі будавалі музычную школу, годзе ў 1985-1986-м, вырылі катлаван пад яе і знайшлі мінамётны разлік з поўным камплектам мін. Я бачыў, як усё гэта разміноўвалі, – мяне якраз тата вёў у садок. Гэта мой першы ўспамін пра Ангарскую.

У пачатку 90-х у галубятні знайшлі замучанага чалавека. Я па дарозе ў школу бачыў міліцэйскае ачапленне – яны вымалі цела. Мужчыну выразалі вены на руках, катавалі. Гэты чалавек таксама жыў у доме побач. Выразалі ўсіх яго сваякоў, толькі дзіця пашкадавалі – гэта ўзровень бандыцкіх разборак пачатку 90-х. Але такое не толькі на Ангарскай, такое па ўсім Мінску адбывалася.

У доме побач з музычнай школай ад наркотыкаў загінуў мой першы сябар. Гэта здарылася проста перад пад’ездам, на лавачцы. Пра наркату тут ведалі ўсе, гэта было абсалютна даступна. На Ангарскай у мой час шпрыцы валяліся паўсюль: на вуліцы, у пад’ездах...

Яшчэ ў гэтым доме жыў мой аднакласнік. Ягоныя суседзі гандлявалі наркатой. Каб не пускаць кліентаў у кватэру, яны ва ўваходных дзвярах выбілі такое акенца накшталт касы, праз якое бралі грошы і аддавалі тавар. Гэта пра ўзровень гандлю, які тут быў.

“Я магу ўстаць як ангарскія гопнікі, яны вось так стаяць,” – смяецца Саша.

Гэта мой дзіцячы садок. Летам у гэтым кутку ўвогуле няма святла – лісце ўсё закрывае. Калі я ўпершыню прывёў сюды жонку і паказаў, дзе прайшлі першыя гады майго жыцця, яна перастала мяне дражніць за мярзотны характар.

Мы з некаторымі хлопцамі, з якімі пазнаёміліся ў садку, дагэтуль падтрымліваем адносіны (потым жа ў школу хадзілі разам і ўвогуле – суседзі). І сёлета мы дамовіліся з адміністрацыяй, каб прыйсці на нашу дзіцячую пляцоўку і зрабіць фотасесію. Прычым з нас павырасталі каларытныя дзядзькі: адзін – майстар татуіровак, другі – танцор балета высокага рангу, а трэці – высокага рангу інжынер... Але гэта я назваў тых, хто выжыў. Многія, на жаль, памерлі ад перадазіроўкі.

Каля нашага садка была звалка, на якой хлопцы часта палілі вогнішчы. І аднойчы, класе ў пятым, мы там знайшлі цела нованароджанага дзіцяці. Нейкая дзяўчына, старшакласніца, нарадзіла і такім чынам пазбавілася.

“Ніжэй па Ангарскай была турма, цяпер у тых будынках інтэрнат МУС. Штораз, калі мы бачылі на вуліцы міліцыянераў па трое, ведалі: з турмы ўцёк зэк”.

 

МЕСЦА №3:
ШКОЛА

– У нашым раёне чатыры школы. Я вучыўся ў школе №141, яна была перапоўненая, у паралелі было па 6-8 класаў. Было вельмі многа народу, і, напрыклад, калі мы на перапынках пераходзілі з класа ў клас, то ў калідорах была такая даўка, як у гадзіну пік у мінскім транспарце. То бок калі ты выпусціў з рук ручку, то падняць яе ўжо не зможаш.

Ужо дарослым я даведаўся, што ёсць такая тэорыя пра пацукоў: калі пацукі жывуць у адной клетцы і іх у нейкі момант стае вельмі многа, яны пачынаюць грызці адзін аднаго і даходзяць да такога памеру папуляцыі, калі ім стае камфортна. У нас у школе была падобная сітуацыя. Дракі, агрэсія – усё тут.

Настаўнікаў ніхто не слухаў, але яны самі ў многім вінаватыя. Напрыклад, калі я вучыўся, ішла вайна ў Афганістане, і ў нас урокі пачыналіся з палітінфармацыі. І настаўніца, якая расказвала, як нашы войскі мужна стрымліваюць пагрозу, ваююць супраць жахлівай Амерыкі, у нейкі момант сама эмігравала ў тую самую Амерыку. Як можна верыць чалавеку, які кажа адно, а робіць іншае?

Настаўнікаў добрых было мала. Быў, напрыклад, настаўнік чарчэння, якога скарацілі з дзяржструктуры і ён нейкі час перабіваўся ў нас, а потым адкрыў сваю фірму па архітэктурным дызайне. Яго ўрокі былі як глыток свежага паветра. Ён любіў свой прадмет, цікава расказваў, хутка падзяліў клас на тых, каму цікава і каму не. Я за паўгода стаў выдатна чарціць.

А бачыце вокны на другім паверсе? Там былі кабінеты дакладных навук – хіміі, фізікі. Настаўніца была дастаткова строгая, прынцыповая, троек не ставіла, а ставіла тыя адзнакі, якіх чалавек заслугоўваў. І, каб сарваць кантрольныя, хлопцы выбівалі ёй вокны ў кабінеце. Але яны баяліся падыходзіць блізка, таму кідалі камяні з лесу. Калі я стаў дарослы, зразумеў: рукой адтуль камень не дакінеш. То бок яны, людзі, якія не маглі здаць фізіку, каб сарваць урок, рабілі спецыяльныя прыстасаванні – катапульты!

Але прынцыповасць настаўніцы фізікі не мела межаў: яна занавешвала вокны некалькімі фіранкамі, мы сядзелі ў куртках і пісалі. Потым у нейкі момант вокны заканапацілі фанерай, і, можа, з год яны так і прастаялі.

Пра наркотыкі нам у школе ніхто не расказваў. Была адна талковая размова пра алкаголь, калі хлопцы, на клас старэйшыя за нас, паехалі на дачу, напіліся там і ўгарэлі. Нас тады сабралі і сказалі: вось чым заканчваюцца такія рэчы. І гэта, канечне, напужала.

Увогуле, я скептычна стаўлюся да нашай сістэмы адукацыі. Я бачыў, як гінуць вельмі талковыя хлопцы. На Ангарскай былі паслухмяныя і ўседлівыя хлопцы, а былі і непаслухмяныя – але ж разумныя! Мой школьны сябар верхаводзіў бандай падлеткаў: яму было 14, а ім 16 – у той час гэта даволі сур’ёзная розніца. Яны кралі медзь: тады было многа металу на закінутых заводах, яны яго збіралі, прадавалі... У выніку ўся банда села, ён не сеў. То бок гэта быў разумны і рашучы чалавек, пры гэтым вучыцца ён не мог, бо не ўпісваўся ў сістэму адукацыі. І вось ён ішоў шукаць азарт у іншым месцы.

“У нас у школе быў ваенны музей, яго стварыў ваенрук – баявы афіцэр, які ваяваў у арабскім канфлікце ў 60-я”.

– Жонка прасіла, каб рабілі толькі партрэты, бо я ў рабочай куртцы. Мне ўсё роўна, проста жонка не любіць гэту куртку! – смяецца Саша. – Дарэчы, цікавы момант: для хлопцаў з суседніх са школай дамоў лічылася асаблівым шыкам бегаць у школу без курткі ў любое надвор’е.

– А як жа мама, якая глядзіць з акна?

– Дык у тым і быў пацанскі цымус! Мы зайздросцілі – ох, як мы зайздросцілі гэтым пацанам!..

У дом побач са школай зімой бегалі грэцца хлопцы, якія прагульвалі ўрокі. Нас страшна не любілі тамтэйшыя жыхары. Я рэдка прагульваў, але той раз таксама рашыў прагуляць – і вось мы сядзім у пад’ездзе, адкрываюцца дзверы, і на нас кідаецца жанчына з нажом. Настолькі яе ўсе дасталі! Я гляджу на яе і разумею, што яна зараз будзе нас паласаваць... Скончылася добра: мы разбегліся, я пераскочыў праз парэнчы і так уратаваўся.

 

МЕСЦА №4:
ПАЛІГОН

– На Ангарскай  быў танкавы і артылерыйскі палігон ваеннай акадэміі, а таксама верталётны аэрадром. Паціху дамы адцяснялі палігон усё далей, у выніку ён апынуўся за кальцавой. У 1986-м праходзілі вялікія вучэнні “Усход-Захад”, і на палігоне размясцілі часці з людзей, прызваных з запасу. Вучэнні прайшлі, а зброя засталася. Хлопцы з нашага раёна прыходзілі туды і за дзве бутэлькі гарэлкі куплялі танкавы выстрал (гэта як патрон у стралковай зброі, а ў танка ён завецца выстрал). І ў нас гэтых выстралаў, пораху было нямерана, як пасля вайны. Пасля канікул прыходзіш у школу, і абвяшчаюць, што вось гэтыя чацвёра ўзрывалі порах, двое загінулі, двое выжылі.

Я таксама на палігоне бываў: мяне бралі з сабой старэйшыя хлопцы. Як я цяпер разумею, аднаму ісці было страшна, а калі б ён узяў аднагодка, то прыйшлося б дзяліцца. А так ён браў мяне за кампанію і даваў мне за тое дробку пораху, а я быў задаволены.

Хлопчыкі ўзрывалі порах у дварах і ў парках – у залежнасці ад таго, колькі было прыпасаў. Калі трэба было ўзарваць многа – сыходзілі глыбей у лес. У лесе засталіся танкавыя акопы і ямы для бронетранспарцёраў яшчэ з часоў, калі тут быў палігон. Звычайна мы ўзрывалі порах тут: бомба кладзецца ў яму, мы хаваемся за бруствер – выбух.

У мяне ёсць момант, за які я ўдзячны бацьку. Тут быў верталётны аэрадром, а ў верталётаў ёсць дэталь, зробленая з магнію, і мясцовыя яго таксама мянялі ў салдат на гарэлку, бо магній выдатна гарыць. Узрыўпакеты рабіліся ў падвалах, і многія пры гэтым гублялі вочы, пальцы, бо магній вельмі лёгка загараецца. І мой бацька, даведаўшыся пра гэта, дамовіўся са сваім бацькам, маім дзедам, які працаваў у Акадэміі навук, каб я ездзіў і рабіў эксперыменты ў яго: пры нармальным лабараторным стале, з усімі інструментамі, з мерамі бяспекі... Так бацька выйшаў з гэтай цяжкай сітуацыі, так мяне выратаваў. Бо забараняць хлопчыку хадзіць на палігон, забараняць рабіць хімічныя вопыты бессэнсоўна.

 

МЕСЦА №5:
АНГАРСКІ ЛЕС

– Калі б мне далі выбар: цэнтр ці Ангарская, я б усё адно хацеў жыць на Ангарскай. Я не ўяўляю, як можна хлопчыку жыць у горадзе, калі побач няма лесу. А лес у нас пачынаўся адразу за дамамі, ён быў жывы: тут жылі вавёркі, зайцы, а за кальцавой – касулі, лісы і адзін год нават ваўкі. Мы праводзілі ў лесе вельмі многа часу: вучыліся паліць вогнішчы, лазіць па дрэвах. У хлопцаў, якія жылі ў цэнтры, гэтага не было.

Я прыязджаў да брата ў цэнтр, і нам там было даволі сумна. А на Ангарскай заўжды знойдзеш занятак: можна пагуляць у казакоў-разбойнікаў, папаліць кастрык, палазіць па дрэвах. Можна нават паплавіць свінец: прыйшоў, расклаў вогнішча і плавіш – а як гэта хлопцы ў цэнтры рабілі, я нават не ўяўляю! (Смяецца.) Не думайце, што тут пастаянна была дзіч. Жыццё ў нас было дастаткова цікавае.

Пра Ангарскую, напэўна, толькі страшныя гісторыі ёсць...  Але цяпер раён стаў проста дзівосны: лес, цудоўная прырода, і метро блізка, выехаць у горад вельмі проста. Усе бандыты і наркаманы загінулі або сядзяць.

Наркотыкамі тут перасталі гандляваць у годзе 2000-м. Літаральна за некалькі месяцаў усё стала вельмі спакойна. На вуліцы ўжо ніхто не падыходзіць з пытаннем, дзе тут узяць наркотыкаў. Ты і сам ужо не ведаеш, дзе.

Саша вядзе нас па сваім ужо такім спакойным раёне. Насустрач нам – хлопец-цыган.

– Бачыце яго? Гэты хлопец мяне некалі стаў чапляць, я яго пабіў, тады ён прывёў пяцёх сваіх, яны пабілі мяне, і далей я яго дачэпкі ўжо цярпеў. Мы цяпер кантактуем, вітаемся, але раней быў канкрэтны канфлікт.

Увогуле, у мяне была пэўная пагарда да славянскіх хлопцаў, таму што ў адрозненне ад нас цыганы заўжды трымаліся разам: калі я б’ю аднаго цыгана, ён назаўтра прыводзіць брата, а калі б’ю брата, то назаўтра ён прывядзе трох братоў. Заўжды такая сітуацыя заканчвалася перамогай цыганоў. А нашы хлопцы маглі стаяць побач, калі цябе б’юць, і не ўмешвацца.

Сітуацыя памянялася ў пачатку 90-х: многія з нас сталі займацца боксам, мы пасябравалі паміж класамі – бо раней толькі варагавалі. Цыганскія хлопцы адчулі, што мы сталі моцнымі, і перасталі нас шчаміць. Жыццё было даволі суровае, тут, на Ангарскай, трэба было трымацца кагортай – адзіночкі не выжывалі.

Цяпер у мяне ёсць і сябры-цыганы, яны прыстойныя людзі: скончылі школу, атрымалі адукацыю.

І ЯШЧЭ КРЫХУ...

Гук раёна: ангарскія цыганы паміж сабой размаўлялі па-цыганску. Я ў свой час нават некаторыя словы ведаў, мы запытвалі тых, з кім былі нармальныя адносіны, што якое слова значыць.

Смак раёна: бярозавы сок. На вясенніх канікулах мы хадзілі на палігон яго збіраць.

Колер раёна: я хлопчык! Мы ж не глядзім на колеры! Але калі падумаць, то зялёны.

Пах раёна: бэз. У маі па ангарскіх дварах цвіло вельмі шмат бэзу. Цяпер, на жаль, амаль нічога не засталося.


Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото: CityDog.by, архив героя.

Еще по этой теме:
Арыстакраты і хуліганы: 5 месцаў мінскай Венецыі
Вялікая экскурсія па Трактарным: 5 месцаў самага прыгожага раёна Мінска
5 месцаў Зялёнага Лугу: “Тут ёсць помнік, якому 15 тысяч гадоў”
поделиться