Гэта «Памылка»: беларускія навукоўцы выдаюць часопіс пра навуку, які будзе цікава пачытаць і вам. Вось падрабязнасці

Гэта «Памылка»: беларускія навукоўцы выдаюць часопіс пра навуку, які будзе цікава пачытаць і вам. Вось п...
PAMYŁKA – гэта навукова-папулярны зін на беларускай мове, які распаўсюджваецца пад свабоднымі ліцэнзіямі. Нядаўна выйшаў трэці нумар – і вы яго ўжо можаце атрымаць.

PAMYŁKA – гэта навукова-папулярны зін на беларускай мове, які распаўсюджваецца пад свабоднымі ліцэнзіямі. Нядаўна выйшаў трэці нумар – і вы яго ўжо можаце атрымаць.

Як пішуць выдаўцы, ідэя стварыць такі часопіс з’явілася проста таму, што папулярных часопісаў пра навуку ў Беларусі не было: «Мы вырашылі, што выданне ў нашых уласных руках».

Тэмы артыкулаў самыя розныя: гісторыя, энергетыка, археалогія, псіхалогія і шмат-шмат іншых. Сярод аўтараў – фізікі і матэматыкі, геолагі, хімікі. Першапачаткова рэдактарамі выдання былі праграміст, фізік Юрый Адамаў і выкладчыца, папулярызатарка фізікі Святлана Волчак.

PAMYŁKA – гэта і вялікая колькасць ілюстрацый беларускіх мастакоў. У часопісе ёсць, скажам, комікс пра вынаходніцтва маятнікавага гадзінніка альбо комікс на тэму жыццёвага цыкла зоркі.

А не так даўно працу аўтара здымкаў, якія былі зроблены для артыкулаў па астраноміі, апублікавала старонка Apod.nasa.gov (Astronomy Picture of the Day), платформа, якую падтрымлівае Мічыганскі тэхналагічны ўніверсітэт і Нацыянальны навуковы фонд ЗША.

Як атрымаць нумар часопіса?

Калі вы ў Беларусі і хочаце пагартаць старонкі часопіса, то ёсць толькі такі варыянт: спампаваць электроннае выданне зіна і самастойна раздрукаваць яго ў друкавальным цэнтры або тыпаграфіі. Усе файлы часопіса ёсць у вольным доступе тут.

Калі вы знаходзіцеся ў Вільнюсе, то набыць друкаваны часопіс можна ў кнігарні «Гартайка», якая знаходзіцца па адрасе Maironio g., 11. Працуюць з панядзелка да пятніцы з 9:00 да 18:00, у суботу – з 10:00 да 13:00.

А ў Варшаве зін можна знайсці ў «Беларускім моладзевым хабе» (Dożynkowa, 6a).

Але ёсць і яшчэ адзін спосаб атрымаць зін. Вы можаце падтрымаць праект данатам: 10 еўра каштуе PDF-версія аднаго з трох нумароў, 25 еўра – друкаваная версія, 45 еўра – два любыя нумары, а 65 еўра – усе тры. Сабраныя грошы ідуць на ўзнагароджанне рэдактараў, мастакоў і іншых стваральнікаў зіна.

«Мы хочам, каб выданне было перыядычным і ўстойлівым, але гэта магчыма толькі з вашай падтрымкай», – адзначае каманда.

А ці магу я стаць аўтарам артыкулаў ці рабіць ілюстрацыі для часопіса?

Так, канешне. Гэта адкрыты праект, таму каманда запрашае ўсіх ахвотных пісаць пра навуку стаць часткай супольнасці. Ужо адкрыты прыём артыкулаў для чацвёртага нумара.

Таксама праект шукае мастакоў, якія будуць маляваць ілюстрацыі да артыкулаў. Каб звязацца з камандай, пішыце ў прыватныя паведамленні альбо на пошту pamylka.zin@gmail.com.

Дарэчы, для таго каб пісаць артыкулы ў зін, не трэба мець ступень, рэгаліі і гэтак далей. Важна ўмець пісаць рэфераты, валодаць беларускай мовай і любіць навуку. Але што яшчэ важней: нельга браць чужыя працы і выдаваць іх за свае. На любую крыніцу, якую вы выкарыстоўваеце ў працы над артыкулам, трэба пакідаць спасылку.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Instagram.com. Відэа: Instagram.com.

поделиться