“Чорнай магіі ў Беларусі болей чым дзе”. Ксёндз-экзарцыст – пра дэманаў, ведзьмаў і апантаных

“Чорнай магіі ў Беларусі болей чым дзе”. Ксёндз-экзарцыст – пра дэманаў, ведзьмаў і апантаных
Даведаўшыся, што ў Беларусі ёсць некалькі ксяндзоў-экзарцыстаў, мы з’ездзілі да аднаго з іх, каб разабрацца, як праходзіць рытуал экзарцызму і ці падобна гэта ўсё да фільмаў жахаў.

Даведаўшыся, што ў Беларусі ёсць некалькі ксяндзоў-экзарцыстаў, мы з’ездзілі да аднаго з іх, каб разабрацца, як праходзіць рытуал экзарцызму і ці падобна гэта ўсё да фільмаў жахаў.

З намі пагадзіўся паразмаўляць ксёндз-пробашч касцёла святога Юзафа ў Воршы Аляксандар Жарнасек, які таксама з’яўляецца ксяндзом-экзарцыстам Віцебскай дыяцэзіі.


“ЧАМУ ты за чалавека молішся, усё нармальна 
і раптам пачынае пахнуць серай?”


– Мы ўсе глядзелі фільмы пра апантаных і экзарцыстаў, але растлумачце, калі ласка, што гэта за з’ява.

– Па-першае, трэба разумець, што чалавек складаецца з цела і духа. Даказаць існаванне духа цяжка, але хрысціянская вера сцвярджае, што ён ёсць. Такім чынам, калі вернік пачынае грашыць, то злы дух перш за ўсё ўплывае на дух чалавека, нішчыць яго адносіны з Богам і людзьмі. Але некаторыя грахі, часцей за ўсё звязаныя з магіяй і акультызмам, уплываюць на чалавека так, што не толькі парушаюць яго адносіны з Богам, але злы дух пачынае панаваць над целам чалавека. І гэта мы называем апантаннем.

Канешне, тое, што паказваюць у фільмах, – гэта перабольшанне, але факт у тым, што паранармальныя з’явы існуюць і ў выпадку апантання адбываюцца рэчы, якія звычайнай логікай не растлумачыш.

– Што, напрыклад?

– Напрыклад, гэта можа быць моцны пах серы. Логіка не падкажа, чаму ты за чалавека молішся, усё нармальна  і раптам пачынае пахнуць серай. Ці, напрыклад, у чалавека змяняюцца зрэнкі. Я бачыў такое, калі ў чалавека былі звычайныя круглыя зрэнкі  і раптам выцягнуліся, як у ката. Або жанчына пачынае гаварыць мужчынскім голасам, распавядае тое, чаго нават тэарэтычна не можа ведаць, або гаворыць на незнаёмай ёй мове. Нельга сказаць, што ў мяне такі вялікі вопыт у гэтай тэме, але з рознымі з’явамі я сутыкаўся.

Канешне, усё гэта не так проста. Трэба бачыць мяжу паміж апантаннем і псіхіятрычным захворваннем, бо шмат людзей усё ж такі не апантаныя, а маюць псіхічныя хваробы. Часам чалавек кідаецца на зямлю і крычыць: “Я сатана!”  гэта страшна, але гэта яшчэ не гаворыць пра апантанне.

– Як разабрацца, што ёсць што?

– Асабіста для мяне знакавымі з’яўляюцца паранармальныя рэчы, калі чалавечая логіка адключаецца – гэта, хутчэй за ўсё, апантанне. Але гэта мяжа не такая ясная, таму я стараюся не рабіць хуткіх высноваў. Як бы банальна ні гучала, але перш за ўсё я пытаюся, што гэта за чалавек, як ён жыве, якія ў яго адносіны з Богам.

Ёсць такія рэчы, калі ў сям’і сур’ёзныя канфлікты ці хтосьці п’е, хаця сям’я веруючая. Тады дзеці могуць несвядома весці сябе, нібыта яны апантаныя, – проста таму, што ім балюча і яны не ведаюць, як пра гэта сказаць, як звярнуць на сябе ўвагу. Іх падсвядомыя рэакцыі могуць прамаўляць такім вось чынам. Падобным дзіўным чынам можа звяртаць на сябе ўвагу самотная жанчына або дзяўчына, якая перажыла трагедыю або па розных прычынах не выйшла замуж, а вельмі патрабуе чалавечых адносін. Гэта эмацыйныя праблемы, і яны ў большасці на ўзроўні падсвядомасці. Але гэта далёка не апантанне.

Каб разабрацца, трэба добра зразумець, што такое грэх. Людзі часта лічаць, што вось ты зграшыў  і Бог пачынае гнявіцца, можа нават пакараць цябе. Але сутнасць у тым, што грэх сам па сабе з’яўляецца прысутнасцю злога духа. Такім чынам, калі чалавек грашыць – ён ужо пад уздзеяннем таго ці іншага злога духа, хоць пакуль што гэта ўздзеянне не праяўляецца знешне.

Цікава, што людзі баяцца апантання, паранармальных з’яваў. Ім здаецца, што калі ў хаце адбываецца штосьці паранармальнае, то гэта самае страшнае. Але гэта не самае страшнае – страшна тое, што людзі могуць жыць у смяротных грахах, але нічога знешне не адбываецца. Такім чынам, у цябе “нармальнае”, спакойнае жыццё, толькі грэшнае. У выніку гэта спакойнае грэшнае жыццё вядзе да ізаляцыі ад Бога. Людзі апраўдваюць сябе і кажуць, што маюць Бога недзе там, у сэрцы, але за гэтымі словамі нічога не стаіць, ніякага Бога яны не ведаюць, а дэман даўно ізаляваў іх ад Бога, у іх няма нічога супольнага з Богам. А паколькі нічога страшнага ў жыцці не адбываецца, то і мяняць нібыта нічога не трэба. Вось гэта страшна, а не апантанне. Чаму? Таму што як, будучы ізаляваным ад Бога, можна трапіць у рай? Як прабываць з Богам вечна ў раі, калі цябе нічога з Ім не яднае? Вось гэта сапраўдная трагедыя граху і подласць зла!

Ну а калі і адбылося апантанне – яно адбылося не проста так, а ў выніку канкрэтных грахоў і адыходу ад Бога. Проста так нічога не бывае. Калі чалавек не жыве як належыць верніку  не спавядаецца, не каецца, – то няма ніякага сэнсу праводзіць экзарцызм. Калі ў чалавека няма адэкватнага жыцця з Богам, то няма ніякага сэнсу ганяць дэманаў.


Людзі чакаюць, што ТЫ будзеш залатой рыбкай,
якая выконвае ўсе пажаданні


– А наогул ці распаўсюджаны ў свеце экзарцызм?

– У нас не вельмі развіта гэта паслуга  у той жа Польшчы шмат экзарцыстаў і вельмі шмат літаратуры пра апантанне. У Беларусі мала святароў, якія будуць займацца толькі гэтым служэннем. Гэта спецыфічнае служэнне, і яму ў нейкім сэнсе трэба асабліва прысвячацца.

У нас гэта тэма малавядомая, таму калі людзі чуюць, што ты экзарцыст, то прыходзяць з усімі праблемамі – з залежнасцямі ад алкаголю, наркотыкаў, псіхічнымі захворваннямі. Людзі чакаюць, што ты будзеш залатой рыбкай, якая выконвае ўсе пажаданні. Канешне, гэта няправільна, але гэта сведчыць пра нізкую рэлігійную свядомасць, а таксама пра абсалютную несвядомасць на тэму чалавечых эмоцый і псіхікі.

– А што адбываецца ў іншых канфесіях?

– На самой справе ва ўсіх хрысціянскіх канфесіях ёсць такая паслуга, але яе могуць так не называць. Проста Каталіцкі Касцёл звязаны з заходняй культурай, на якую мела ўплыў Рымская Імперыя і нормы рымскага права. Таму ў Касцёле ўсё даволі ўпарадкавана. Спачатку былі манахі і святары, якія атрымлівалі ад Бога такі дар малітвы аб вызваленні, а потым гэта вырашылі ўпарадкаваць, і зараз гэтым займаюцца тыя, каму даў дазвол біскуп.

У вёсках людзі масава ходзяць да ведзьмаў. У гарадах – праклінаюць,
каб знішчыць нечую сям’ю Ці адвесці чужога мужа


– Вось вы казалі, што да апантання часта прыводзіць магія і акультызм. А якія канкрэтна дзеянні?

– Так, як правіла, гэта магія, эзатэрыка і акультызм. Прычым і белая, і чорная магія. Напрыклад, чалавек можа хадзіць да бабкі, каб вылечыць сваё дзіця, і гэтага часам дастаткова для дзейнасці злога духа, што можа перарасці нават у апантанне. Няма, канешне, дакладных прычын, чаму адбываецца апантанне, але нярэдка менавіта з-за такіх рэчаў: магія, акультызм, практыкі, звязаныя з усходнімі рэлігіямі.

– То бок калі людзі паляць духмянасці і сядзяць у позе лотаса – гэта ўжо акультызм?

– На самой справе ў духоўным свеце ёсць Бог і яго анёлы  і ёсць злыя духі. Людзі, якія дакранаюцца духоўнай сферы, часта не разумеюць, да якіх духоўных сфер маюць дачыненне. Для многіх нашых людзей тая самая ёга – гэта толькі фізічныя практыкаванні. Мала хто ведае, што на нейкім этапе ёгі ідзе размова пра здольнасць чытаць чалавечыя думкі. А значыць, гэта не проста фізічныя практыкаванні, а духоўная сфера.

–  А што яшчэ?

– На постсавецкай прасторы вядома “Жывая этыка” Рэрыха, эзатэрыка Блавацкай. У некаторых акультных практыках могуць быць элементы хрысціянства, але насамрэч гэта далёка не хрысціянства. Людзі ідуць да “бабкі” і кажуць, што ў гэтым няма нічога страшнага, бо там іконы стаяць і “бабка” малітвы чытае. Але іконы і таямнічыя малітвы яшчэ ні пра што не сведчаць. Маем дачыненне да белай магіі. Ідзе размова пра выкарыстанне духоўных сіл для сваіх мэтаў – напрыклад, для аздараўлення. Няверуючы чалавек нічога кепскага ў гэтым не бачыць. Вернік павінен задаць пытанне, чыёй сілай адбыўся цуд аздараўлення. Дэманы ўмеюць рабіць цуды. Толькі пасля яны возьмуць сваё за такія цуды. Нашы “бабкі”, “шаптухі”, знахары, экстрасэнсы, гадалкі – гэта ўсё белая магія. Тут дзейнічаюць тыя ж дэманы, толькі падманным спосабам яны хочуць паказаць, што яны не такія і дрэнныя, і такім чынам адводзяць чалавека ад Бога і збаўлення.

– Вось вы кажаце пра магію, але вельмі цяжка ўявіць, якая магія можа быць распаўсюджана ў сучаснай Беларусі.

– Чорнай магіі ў Беларусі болей чым дзе, таму што наш народ асабліва залежны ад граху зайздрасці, эгаізму і нянавісці. У вёсках людзі масава ходзяць да ведзьмаў, таму што ў суседзяў справы ідуць лепш. У гарадах праклінаюць, каб знішчыць нечую сям’ю або адвесці чужога мужа. Гэтага шмат. А часам нават проста праклінаюць. Проста так, бо хочуць знішчыць іншага чалавека. Некаму гэта прыносіць дзіўную радасць. Калі такіх гісторый наслухаешся, то аказваецца, што наша Беларусь не такая мірная і не такая сінявокая, як часам здаецца. Канешне, ведзьмы не выглядаюць як бабулі ў хатках на курыных ножках. Не, сучасныя ведзьмы будуць стаяць з вамі ў чарзе ў краме, могуць нават хадзіць на працу, але ўся вёска ведае, да каго ісці.


“БЫВАЕ, ЭКЗАРЦЫСТ ЧЫТАЕ РЫТУАЛ 10, МОЖА І 100 РАЗОЎ, АЛЕ НІЧОГА НЕ МЯНЯЕЦЦА. 
А ЧАСАМ ХАПАЕ АДНОЙ МАЛІТВЫ” 


– А што рабіць, калі чалавек ужо апантаны?

– Калі злы валодае целам, ён не можа на 100% завалодаць духам і розумам чалавека. І нават калі знешне валодае, то чалавек усё ж такі не марыянетка і заўсёды можа змагацца. Чалавек павінен сам пачаць змагацца. Перш за ўсё ідзе размова пра пакаянне, споведзь, змену свайго жыцця, рэгулярныя малітвы і пасты. Праблема ў тым, што калі чалавек не ведае Бога, то не ведае, як і змагацца са злом. Таму корань бяды не столькі ў магіі і ведзьмах, а ў абсалютнай рэлігійнай абыякавасці і несвядомасці.

–  То бок гэта не так, як у фільмах, калі чалавек нічога не кантралюе?

– Знешне гэта можа выглядаць так, што чалавек нічога не кантралюе, у момант прыступу ён можа не валодаць языком. Але нават будучы апантаным, чалавек можа прыйсці да Госпада, бо Гасподзь усё бачыць.

І трэба разумець, што гэта бітва не толькі чалавека. Бывае, што Бог дае сілы і апантаныя вызваляюцца без дапамогі экзарцыстаў. Гэта Бог вызваляе, а не экзарцыст! Былі таксама такія выпадкі, калі апантаныя не маглі зайсці ў касцёл. Разумелі, што ім трэба пакаяцца, але злы не пускаў іх і яны не маглі пераступіць парог. Але потым Гасподзь даваў сваю міласць, і чалавек прыходзіў да споведзі. Менавіта таму я не люблю казаць пра нейкую сілу экзарцыстаў. Экзарцыст можа дапамагчы чалавеку змагацца са злом, можа падтрымаць, але не з’яўляецца таямнічай феяй.

– А калі справа ўсё ж такі даходзіць да самога экзарцызму, ёсць нейкі спецыяльны рытуал?

– Ёсць адпаведны рытуал. Але, зноў-такі, гэта не пытанне рытуала. Не трэба глядзець на яго як на нешта магічнае. Вызваленне можа адбыцца падчас рытуала, споведзі – ці пасля. Я ведаю гісторыю, калі чалавек падчас асабістай малітвы пачаў паказваць дэману, што яго не баіцца, і дэманстраваць, што не мае з ім нічога супольнага, – і так вызваліўся. 

Карацей, рытуал ёсць, але не трэба да яго ставіцца магічна. Бывае, экзарцыст чытае рытуал 10, можа і 100 разоў, але нічога не мяняецца. А часам хапае адной малітвы. У любым выпадку трэба разумець, што толькі Гасподзь можа вызваліць чалавека, а ні ў якім разе не сам рытуал.

– А наогул, пра што сведчыць апантанне?

– Пра тое, што чалавек не жыве як належыць хрысціяніну. Ён можа казаць, што “Бог у маім сэрцы”, але гэта не так. Канешне, такія гісторыі, як апантанне, звяртаюць на сябе ўвагу, і гэта заўсёды шок, але, паверце, ёсць рэчы нават больш страшныя. Напрыклад, калі ўсё грамадства жыве ў сетках зла, практыкуе акультызм і сэксуальную развязанасць. Грамадзянскія шлюбы сталіся абсалютна нармальнай з’явай. Аборты, разводы, алкагалізм, падманы. Гэта зло ўсюды, гэта цэлая структура зла. Многія лічаць гэта нармальнымі рэчамі. Нараджаюцца дзеці, якія не бачаць зла, бо не бачаць іх бацькі. Такія дзеці вырастаюць сляпымі і потым жывуць без Госпада. Вось гэта пракляцце, і гэта вельмі страшна. Таму ўсе гэтыя праблемы нашмат глыбейшыя, а апантанне – проста адна са знешніх праяваў. Злыя духі ўмеюць звярнуць на сябе ўвагу, умеюць чалавека напужаць, увесці ў шок, але, паколькі яны перш за ўсё падманшчыкі, то яны ніколі не будуць звяртаць увагу на самыя карані зла. І ў гэтым намнога большая небяспека.

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут

 Фота: CityDog.by.

Еще по этой теме:
Домашняя библиотека психолога Ольги Андреевой
Психолог о бессмысленности техник тайм-менеджмента и причинах постоянного желания делать больше и лучше
Уличная мода: теолог-религиовед в вещах, заказанных на AliExpress, и психолог с татуировкой в виде гормона счастья
поделиться