Гардэроб: бездакорна стылёвая рэдактарка пра свае адносіны з адзеннем

Гардэроб: бездакорна стылёвая рэдактарка пра свае адносіны з адзеннем
Сёння, як і кожную сераду, у рубрыцы «Гардэроб» мінчане распавядаюць пра свае адносіны з адзеннем і дэманструюць свае шафы.

Сёння, як і кожную сераду, у рубрыцы «Гардэроб» мінчане распавядаюць пра свае адносіны з адзеннем і дэманструюць свае шафы.

ВОЛЬГА ГАРАПУЧЫК
рэдактарка, 23 гады

– Я нарадзілася і расла ў маленькім горадзе Белаазёрску, дзе на 13 тысяч чалавек літаральна с дзясятак крам з адзеннем. Прычым пераважна такім адзеннем, што водар ад танных матэрыялаў нельга адмыць за адзін раз. Хоць бацькі мае ніколі не шкадавалі грошай на адзенне, асноўнай праблемай была адсутнасць выбару. Змяніла маё жыццё субкультура эма, якую мы засталі ў самым спрыяльным для вопытаў узросце. Я з сяброўкай хадзіла з вялікімі начосамі на галаве і чорнымі вачыма, мы спалучалі неспалучальныя рэчы, ляпілі паўсюль значкі і былі дастаткова шчаслівымі ў сваім вобразе. Я нават хадзіла з магнітафоннай касетай на грудзях у якасці ўпрыгожвання і лічыла, што гэта крута.

 

 

Я была вельмі закамплексаваным падлеткам. Заўсёды вельмі худая, я нібыта цягнула за сабой шлейф са словаў «накарміце яе». Дактары думалі, што ў мяне анарэксія, а бацькі выслухоўвалі натацыі пра тое, што нельга марыць дзіця голадам. Усе вакол старанна ўбівалі мне, што такой, як я, быць кепска і непрыгожа. Асабліва я саромелася сваіх худых ног – я нават зараз не апранаю спадніцы і сукенкі вышэй за калена. Гэтак жа і з шортамі.
 

 

 

Такіх эксперыментатараў у модзе на горад было два: я і, уласна, мая сяброванька. Нас за гэта не любілі і часта абкідвалі камянямі ці бульбай, хоць мы нічога кепскага не рабілі. Але гэта такі вось яскравы прыклад непрыняцця тых, хто выглядае інакш, – талерантнасць па-беларуску. Але субкультурны вопыт любому падлетку ідзе на карысць, галоўнае – у свой час з гэтага вырасці. У гэтым і ёсць асноўная пагроза.

 

 

Бэжавыя туфлі – гэта родная Zara, куды ж мы без яе. Шкада, што яна адкрываецца ў Беларусі. Вось раней з’ездзіш у той жа Вільнюс, набудзеш нейкі абутак ці касцюм і ходзіш модны, а зараз кожны ахвочы зможа быць модным з Zara. Будзе канкурэнцыя за ўнікальнасць.
 

 

Я перарасла і звярнулася да класікі. Звычайна гэта простыя сілуэты і мадэлі. На мой погляд, няма нічога больш прыгожага, чым мода пачатку мінулага стагоддзя. Дасканаласць дэталей, фасонаў і тканіны таго часу я разглядаю ўвесь час як твор мастацтва. Не было і не будзе створана нічога лепшага. Пры гэтым я разумею, што выглядаць я ў такім адзенні буду недарэчна, але так ці інакш шукаю такія сілуэты. У выніку часам выглядаю як бабуля.

У мяне ўвогуле з адзеннем палюбоўныя адносіны, якія будуюцца на ўзаемапавазе і пяшчоце. Я люблю глядзець на добрае адзенне, дакранацца да яго, запускаць рукі ў тканіну і вывучаць дэталі. Кожны элемент свайго гардэроба я люблю і апранаю. Я дакладна магу сабе сказаць, што вось гэту ці іншую рэч я болей насіць не буду і яе лепш камусьці аддаць. Рэчы не павінны ляжаць без справы. Гэта як з кнігамі: любая кніга жадае быць прачытанай. Так і кожная рэч патрабуе ўвагі і дагляду.

 

 

 

Я сустракаю чалавека па адзенні і адразу шмат магу сказаць пра ягоныя асаблівасці характару, жыццёвыя погляды і густы. Адзенне – гэта візуальны працяг таго, што адбываецца ўнутры. Гарманічна складзены чалавек будзе такім жа і знешне. Але выключна ў тым выпадку, калі адзенне – не самамэта, а толькі дадатак вас. Калі за адзеннем не бачна вас – гэта ўжо напускное.
 

 

Напэўна, палова майго гардэроба – гэта рэчы, пашытыя на замову. Па-першае, я дастаткова худая і мне было – ды і зараз – амаль немагчыма падабраць штаны, сукенкі ці пінжакі, якія б сядзелі на мне добра. Па-другое, знайсці ў нашым мас-маркеце рэч, якая зроблена якасна і з добрай тканіны – таксама квэст не для слабанервовых. Плюс маё ўяўленне пра прыгожыя рэчы разыходзіцца з тым, што прапаноўваюць. Таму я ці набываю нешта ў беларускіх дызайнераў, ці проста выбіраю тканіну – і мне шыюць на замову. Я яскрава ўяўляю, што я хачу і які дызайн мне патрэбны. У мяне ёсць любімая партная-дызайнерка, якая мяне ратуе ўжо каля трох гадоў.

Вось гэта блакітная сукенка ў палоску ці чорныя штаны – яе рук справа.

Датычна абутку: гэтыя карычневыя брогі я набывала ў AXIS і вельмі пакутую, што ў іх змянілася вытворчасць, бо раней там можна было часам купіць вельмі якасны і прыгожы абутак. Дзе зараз у Мінску шукаць нешта, я не ведаю і буду ўдзячная, калі нехта раскрые кропкі.

 

 

Мяне можна лічыць страшэнным рэтраградам, але ў свае 23 пра спалучэнне дэталей у адзенні я разважаю як чалавек мінулага стагоддзя і лічу, што сучасныя тэндэнцыі ў стылі і модзе хутчэй нагадваюць карнавал. Ну павінны людзі ў пэўным узросце здымаць з сябе дзіцячае адзенне. Вось раней дзяцей апраналі як дарослых – строгая вопратка, пінжачкі ды камізэлькі. А зараз дарослыя апранаюцца як дзеці і не вырастаюць з гэтага вобразу. І чамусьці гэта з’ява пазіцыянуецца як свабода самавыражэння і моды.

 

Адзенне не мусіць выходзіць на першы план. Вы несяце адзенне, а не яно вас. Гэтак жа і з упрыгожваннямі. У мяне з імі не склалася. Я не магу знайсці штосьці, што б насіла з асалодай. Нават пярсцёнкі з’явіліся на маіх пальцах толькі год ці два таму. Мне проста падаецца, што ўпрыгожванні мяне пераігрываюць і адцягваюць увагу. Жанчынам да пэўнага ўзросту лепш не насіць буйныя ўпрыгожванні – яны самадастатковыя ў сваёй прыроднай прыгажосці. Ну і, на мой суб’ектыўны погляд, упрыгожванне не павінна кідацца ў вочы. А тым больш не варта апранаць на сябе танныя ўпрыгожванні, якія робяць з вас калядную елку. Вакол і так шмат таннага, пластмасавага і бліскуча-яркага. Таму звычайна самыя яркія элементы ў маім гардэробе — мае вусны ці пазногці.

 

 

Мне падаецца, што закрытая сукенка ці касцюм на жанчыне можа быць не менш сексуальным, чым кароткі топ ці спадніца і высокія абцасы. Хаця, вядома, самая жахлівая рэч у гардэробе жанчын – гэта капронавыя калготкі цялеснага колеру. Гэта проста жах. Лепш апранаць чорныя, калі ж чорныя не пасуюць пад колер адзення – пераапрануцца ўвогуле.

 

Джынсы таксама амаль не нашу. Не таму, што чагосьці там саромеюся, а таму, што з нядаўняга часу яны сталі для мяне асексуальным элементам гардэроба. Жанчыны ў іх ці псуюць сваю фігуру, ці, наадварот, так падкрэсліваюць свае формы, што нават я вочы ад іх адвесці не магу. А я не лічу, што такія адкрытыя маніпуляцыі сексуальнасцю ёсць штосьці добрае.

Абутак на высокіх абцасах апранаць я не люблю, бо ў ім адчуваю сябе няўпэўнена і хістка. Не бачу сэнсу так катаваць свае ногі. Бываюць выключэнні, калі я ведаю, што мне трэба на мерапрыемства і далей за таксі і месца падзеі я не пайду. Мяне ўвогуле вельмі цешыць тэндэнцыя сярод жанчын радзей апранаць нязручны абутак. Хоць красоўкі пад класічныя сукенкі я таксама не прымаю.

 

 

Дарэчы, вось гэты вобраз са светлым пінжаком і жоўтымі штанамі таксама складаецца з рэчаў, якія мне шылі на замову. Больш за тое, гэтыя рэчы мне шылі ў Белаазёрскім КБА. Такія вось жанчыны за 50 і ў памяшканні, якое не бачыла рамонту столькі ж часу. І якасцю працы я неймаверна задаволена. Справа ж не ў тым, колькі каштуе рэч ці якога яна дызайнера. Значэнне мае толькі тое, наколькі яна табе пасуе і наколькі дапаўняе.
 


Дзякуй Корпусу 8 за дапамогу ў арганізацыі здымкаў.

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: CityDog.by.

Еще по этой теме:
Гардероб: женственная офис-менеджер о своих отношениях с одеждой
Гардероб: невероятная создательница винтажного магазина о своих отношениях с одеждой
Гардероб: самобытная танцовщица о своих отношениях с одеждой
поделиться