Кватэраздымка: як зрабіць ідэальнай аднапакаёўку для трох чалавек

Кватэраздымка: як зрабіць ідэальнай аднапакаёўку для трох чалавек
Гэту кватэру нашы героі пачалі будаваць яшчэ перад крызісам, калі раптам зразумелі: цяпер ці ніколі. Выбару не было: ці гэта аднапакаёўка на апошнім паверсе навабуду, ці немаведама колькі жыць са свякроўю.

Гэту кватэру нашы героі пачалі будаваць яшчэ перад крызісам, калі раптам зразумелі: цяпер ці ніколі. Выбару не было: ці гэта аднапакаёўка на апошнім паверсе навабуду, ці немаведама колькі жыць са свякроўю.

– Калі ўсе дакументы былі аформленыя, – распавядае Паліна, – я пачала прадумваць, як жа маладой сям’і з планамі на дзіця камфортна размясціцца ў аднапакаёўцы, – і нічога добрага не выходзіла. Тады мы з Сашам задумаліся над перапланіроўкай. А на роздумы ў нас было аж два гады: за гэты час мы паспелі з’ездзіць у падарожжа па Скандынавіі, перабраць сто тысяч варыянтаў перапланіроўкі, а таксама зачаць, вынасіць і нарадзіць дзіця. А пасля яшчэ і рамонт цягнуўся ўсе 9 месяцаў, таму, па праўдзе, у мяне цяпер двое дзяцей: дачушка Ульянка і… не, не муж, а вось гэта кватэрка.

– І як са ста тысяч варыянтаў вы абралі адзіны?

– Спачатку мы расставілі прыярытэты: у кватэры мусіць быць асобная спальня / будучы дзіцячы пакой, агульная кухня-гасцёўня, злучаны санвузел і гардэробная – вось так мы і прыйшлі да таго, што маем.

Што да дызайну, то я перагледзела процьму фотак малагабарытных кватэр і зразумела, што менавіта скандынавам найлепш удаецца нават на сціплых квадратных метрах захаваць святло, паветра і прастору для камфортнага жыцця, таму ў афармленні я імкнулася арыентавацца на скандынаўскі стыль.

КУХНЯ

Усе варыянты перапланіроўкі ў мяне вярцеліся вакол кухні. У маленькай кватэры кожны сантыметр на ўліку: зменіш літаральна адну шафку – і разбураецца агульная карцінка. Таму я круціла кухню да тае пары, пакуль усе асноўныя крытэры не былі задаволеныя: шмат месцаў захавання, вялікая прастора для гатавання, уся неабходная тэхніка, мінімалізм і сіметрыя – і гэта ўсё ў закутку 1,8 на 2,3 метра. Такім чынам у мяне нарадзілася кухня нікому не вядомай літарай IL – двухшараговая з загінам пад тэлевізар. Убудаваныя шафы з антрэсолямі хаваюць лядоўню, пасудамыйку, духоўку, мікрахвалёўку і ракавіну.

– У вас нават ракавіна ўбудаваная?

Ну, ракавіна ў шафе – гэта наша самае рызыкоўнае рашэнне. Аднак аказалася, што гэта даволі зручна: локці не б’юцца, посуд мы тут мыем рэдка, хіба садавіну ды гародніну, і рыбе з кавуном таксама даем рады. Таму ўладальнікам міні-кухняў можна браць ідэю на ўзбраенне.

Вось што нязручна, дык гэта такія модныя цяпер фрэзераваныя ручкі. Мы спыніліся на іх праз тэхнічную неабходнасць: яны не мусілі выступаць, каб не драпаць сцяну, але павінны былі адчыняць лядоўню і пасудамыйку, таму ў нас выбару фактычна не было. А вось калі выбар ёсць, я б такія не раіла: без манікюру можна застацца назаўжды.

Я не вельмі люблю гатаваць, таму мне абавязкова патрэбна было зрабіць добрую кухню, каб яна натхняла мяне на кулінарныя подзвігі, – і гэта працуе! Так што на нашым дубовым стале (беларускай, дарэчы, вытворчасці) часта змяшчаецца па пяць салатаў, два гарачых і некалькі дэсертаў. Сябры кажуць, што наша кухня не падобная да кухні, – значыць, мэта дасягнутая!

ГАСЦЁЎНЯ

Крэслы і канапу мы набывалі ў краме насупраць дома, а вось дзіцячае крэселка – гэта наогул самы танны прадмет у доме – каштавала ў краме “Зрабі сам” 65 тысяч рублёў, яго бабруйскі “ФанДОК” вырабляе для ІКЕA і тут збывае без нацэнак.

Гэты гадзіннік з шасцікутнікаў нам нагадаў нашу плітку ў ванне, таму мы набылі ажно чатыры і злучылі ў вялікае гадзіннікавае пано – цікае, праўда, толькі адзін, і тое даволі гучна.

Дзіцячы столік мы зрабілі самі з выпілу дубовай сталешкі пад варку і таннага ікейскага зэдліка, які выкручваецца і змяняе сваю вышыню. Таму столік яшчэ часта выкарыстоўваецца для працы за ноўтбукам у нашым улюбёным фатэлі, які мы з мужам абралі не столькі душой, колькі целам: ён мегаўтульны.

– Дарэчы, а фіранкі на вокнах не плануюцца?

– Не, хавацца ад суседзяў на 16-м паверсе не выпадае, а вось ад сонца не хацелася б. Да таго ж падваконні я выкарыстоўваю як палічкі, а вакно – як вялікі гарадскі пейзаж.

Тут стаяць самыя свежыя сувеніры – дзве скарбонкі: зайчык з Варшавы і скутар з Барселоны, можа, яны распачнуць калекцыю, а можа, і не. Урэшце, трэба ж недзе захоўваць манеткі паміж паездкамі за мяжу.

– Па вашай кватэры асабліва і не скажаш, што тут жыве малое дзіця. Дзе ўсе плюшавыя мядзведзі, ружовыя лялькі ды каляровыя кніжкі?

Я не калекцыянер па натуры, але што напраўду збірала, дык гэта дзіцячыя кнігі па-беларуску. Праўда, увесь свой кнігазбор вырашыла пакуль сюды не перавозіць, бо самі чытаем пераважна ў электронным выглядзе, а Ульянцы пакуль цікавыя толькі кніжкі з малюнкамі. Цацкі і кніжкі змяшчаюцца ў скрынках і вось тут, у яе шафе, а таксама на антрэсолях: пакладзеш туды нешта на пару тыдняў, а потым дастаеш як новае. Спрабуем прывучаць да парадку: пакуль цацкі не прыбраныя, на вуліцу не ідзём.

СПАЛЬНЯ

Ложак мы зрабілі самі: набылі 4 дошкі, матрац і ўздымны механізм – дошкі скалацілі, механізм прыкруцілі, матрац паклалі, а ўнізе застаўся агромністы адсек для ўсяго-ўсякага. Тут мы спім усе разам у абдымку, і нам гэта даспадобы.

– І як вы абыходзіцеся без шафаў, камодаў ды стэлажоў з паліцамі?

– Перад пераездам я хаатычна шукала якую-кольвек шафу ці камоду, бо баялася, што ўсе нашы рэчы не ўлезуць у тыя месцы захавання, якія я запраектавала адпачатку (гардэробная, шафа ў ванне, шуфляды, паліцы і антрэсолі ў кухні, шафа на лоджыі, вялізныя адсекі пад канапай і ложкам). Але, на дзіва, мы пераехалі ўжо пару месяцаў таму, а некаторыя паліцы і скрынкі ўсё яшчэ працягваюць пуставаць, таму неабходнасць у дадатковай мэблі адпала. І гэта цудоўна, бо з часам, калі дачушцы спатрэбіцца свой пакой, ложак пераедзе ў гасцёўню, а ў дзіцячы пакой трэба будзе набываць новую мэблю для школьніцы. Таму вольны кут пакуль займае мальберт, які ў нас грае ролю арт-дошкі для нашых шэдэўраў: вось цяпер тут маіх рук праца – лямпачка-грушка.

ГАРДЭРОБНАЯ, ВІТАЛЬНЯ, КАЛІДОР

Гардэробную мы з Сашам рабілі самі з дрэва і металічных штангаў. Атрымалася нашмат танней, чым набываць гатовыя гардэробныя сістэмы. Хоць яна і зусім маленькая, але ў яе ўсё адно змясцілася куды больш, чым у звычайную шафу. Дзверы з люстэркам павялічваюць прастору і даюць магчымасць зацаніць свой выгляд з галавы да ног перад выйсцем на вуліцу.

 

ВАННА

Ванну я таксама імкнулася прадумаць пад сябе: цяпер не трэба бегаць у вітальню па фен ці ў спальню па крэмікі і майткі. Цяпер парфума, касметыка, бялізна, ручнікі – усё пад рукой і ў той жа час не навідавоку. У шафу ўсё ніяк не набудзем ручкі – недаробак яшчэ шмат, але я змагаюся. У шафе пральная машынка разам з сушкай – дастаю ўсё сухое, адразу пад прас і на паліцы. Улін гаршчок выконвае яшчэ і функцыю зэдліка, каб ёй было зручней мыць рукі, і сціпла хаваецца пад ракавіну. Аленя я набыла на барахолцы, пафарбавала, і ён заняў кароннае месца – над тронам.

ЛОДЖЫЯ

Нядаўна мы дарабілі рамонт на лоджыі. Зрабілі імітацыю цаглянай кладкі вельмі простым спосабам: разлінавалі сцены пад памер цаглінак, наклеілі малярны скотч у шырыню швоў, нанеслі тынкоўку, знялі скотч, а на сцяне засталіся цаглінкі, якія мы пафарбавалі ў белы. Атрымалася вельмі танна і хутка. Тут у нас шафа для інструментаў, а над ёй кветачніца, якую мне зрабіў бацька-зваршчык. Кветкі на зіму набыла штучныя, а там паглядзім.

Сябры часам смяюцца, што наш манахромны інтэр’ер не надоўга застанецца такім: маўляў, дзіця дадасць у яго сваіх фарбаў, размалюе сцены, раскідае цацкі. А мне падаецца, калі з дзяцінства крэатывіць толькі за столікам ці мальбертам, есці за абедзенным сталом, а цацкі прыбіраць на месцы, то і сцены будуць цэлыя, і дзеці з бацькамі шчаслівыя.

Фота: CityDog.by.

Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Еще по этой теме:
Кватэраздымка: неверагодны дом у класічным стылі пад Валожынам
Квартиросъемка: дом-мастерская на самом краю света
Квартиросъемка: брутальная квартира для молодой семьи на улице Высокой
поделиться