Успаміны відавочцы: на якой мове размаўлялі, як апраналіся і ў што гулялі мінчукі 150 гадоў таму

Успаміны відавочцы: на якой мове размаўлялі, як апраналіся і ў што гулялі мінчукі 150 гадоў таму
CityDog.by уважліва прачытаў унікальныя ўспаміны гісторыка і публіцыста Тадэвуша Корзана пра Мінск 1840–1850-х гадоў.

CityDog.by уважліва прачытаў унікальныя ўспаміны гісторыка і публіцыста Тадэвуша Корзана пра Мінск 18401850-х гадоў.

…Мінск ужо больш за 50 гадоў уваходзіць у склад Расійскай імперыі; падаўлена першае вызваленчае паўстанне, але расійскія ўлады яшчэ не пачалі агрэсіўна русіфікаваць і пераводзіць у праваслаўе мінчукоў. Гэта пачнецца пасля паўстання Каліноўскага, да якога застаецца менш за 10 гадоў. Пакуль жа на двары ціхамірныя 50-я гады XIX стагоддзя. На вуліцах Мінска чуваць беларускую, польскую, габрэйскую мовы – і толькі зрэдку рускую. Горад жыве сваім жыццём, за ім назірае хлопчык Тадэвуш Корзан.

 

ТАДЭВУШ КОРЗАН

Нарадзіўся ў Мінску ў 1839 годзе. У 1855-м скончыў мясцовую гімназію, пасля юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У 1861 годзе быў арыштаваны за ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях, сасланы ва Уфу і ў Арэнбург. Вызвалены ў 1867 годзе, ён не меў права жыць на радзіме, таму перасяліўся ў Варшаву. Аўтар шэрагу манаграфій, падручнікаў па ўсеагульнай гісторыі і артыкулаў. Яго важнейшая праца – «Унутраная гісторыя Польшчы пры Станіславе Аўгусце, 17641794». У 1908 годзе Тадэвуш Корзан апублікаваў невялікую брашуру «Mińsk w połowie XIX wieku: ze wspomnień osobistych», у якой апісаў свае дзіцячыя і юнацкія ўспаміны (перакладзена на беларускую мову Віталем Макарэвічам). Памёр у 1918 годзе ў Варшаве.

 

У САМЫМ ЦЭНТРЫ МІНСКА – ВЁСКА

Мае назіранні пачынаюцца з падлеткавых гадоў, недзе з 1845 г. Тады мы жылі каля Архірэйскага завулка (цяпер не існуе. – Рэд.), які злучаў вуліцы Юр’еўскую і Захар’еўскую (Юр’еўскай цяпер няма, яна перасякала сённяшнюю Кастрычніцкую плошчу паралельна праспекту, які знаходзіцца на былой Захар;еўскай вуліцы. – Рэд.), найдаўжэйшую з усіх мінскіх вуліц. <…>

Не было на гэтай вуліцы бруку, ходнікаў, канаваў для сцёку вады, неабходных з улікам крутога схілу вуліцы Юр’еўскай; таму яна выглядала як вясковая вуліца, з выбаінамі пасярэдзіне ад дажджавой вады. У верхняй частцы ўхіл быў скапаны, таму з боку заставаўся высокі пагорак, які ўвесну буйна зарастаў травою. З двух бакоў стаялі драўляныя дамы; з іх два ў цэнтры на самай сярэдзіне гары сёння ўжо не існуюць, дакладней былі перабудаваны да непазнавальнасці; яны належалі Лаўрыновічу, вядомаму мяшчаніну, шаўцу і земляробу. Ён валодаў некалькімі моргамі (1 морг – 0,71 га. – Перакладчык) зямлі за горадам, а ўраджай звозіў “у адрыну”, якая агароджвала яго падворак ад суседняга ўладання адваката Джненвіча.

 

ЯК ГРЭЛІСЯ МІНСКІЯ ЯЎРЭЙКІ-ГАНДЛЯРКІ

Паблізу стаяла былая ратуша – двухпавярховая камяніца з абмураваным унутраным дворыкам, які, праўда, заўсёды быў адкрыты для прахожых і вельмі недагледжаны. Ратуша была разабрана для пашырэння плошчы, якую назвалі Верхнім рынкам (у сапраўднасці будынак ратушы быў знесены ў 1857 годзе па асабістым рашэнні Мікалая І, паколькі прыкрываў від на праваслаўны кафедральны Петрапаўлаўскі сабор. – Рэд.). Назва гэта ўжывалася ў дачыненні менавіта да той часткі плошчы, якая была аточана з трох бакоў “крамамі” (Слова kramami прысутнічала ў арыгінале. Мабыць, тагачасныя мінчукі менавіта так і казалі, таму Корзан бярэ слова ў двукоссе як арыгінальнае. – Рэд.) з тэкстыльным, галантарэйным таварам і сукнамі, акрамя толькі камяніцы Кістэра, якая стаяла пасярэдзіне і цягнулася амаль да сярэдзіны плошчы.

Від на ратушу. З малюнка невядомага мастака. Першая палова XIX стагоддзя.

Тут размяшчаліся маленькія крамкі без вітрын, з адчыненымі насцеж дзвярыма, праз якія праходзіла святло і – холад. Яўрэйкі, якія там гандлявалі, вынайшлі арыгінальны спосаб сагрэць адубелыя ад холаду часткі свайго цела, па меншай меры ніжнія: седзячы на зэдліку, яны ставілі гаршчок з распаленымі вуголлямі так, каб цяпло, якое з іх выпраменьвалася, затрымлівалася пад спадніцамі. Такая ж сістэма панавала і на цеснай вуліцы, што спускалася ўніз да Ніжняга рынку (не захавалася. – Рэд.), і ў ларках, якія запаўнялі гэты балоцісты, але напоўнены людзьмі рынак.

 

ЯК РУСКІЯ АБРАЗАЛІ БАРОДЫ І АДЗЕННЕ

<Мінскія дваране> ад чыноўнікаў адрозніваліся той свабодай, што адпускалі сабе вусы, застаючыся пры гэтым беспакаранымі, а часам нават і гішпанскія бародкі, насуперак правілам цара Мікалая. <…> Бачыў я і старога Рагоўскага ў польскім касцюме, але без карабэлы (род шаблі, тыповы для шляхецкага касцюма часоў Рэчы Паспалітай. – Рэд.), які хадзіў у ім па вуліцах Мінска ў той час, калі старадаўняя мода катэгарычна пераследавалася.

Яўрэям, напрыклад, нельга было насіць доўгія халаты, пантофлі, пэйсы і каўпакі, абкладзеныя футрам. Паліцмайстар (Будко), заўважыўшы такі касцюм, спыняў рэзка сваю зрусіфікаваную “ў арла” пару аргамакаў (старадаўняя назва ўсходніх пародзістых коней. – Рэд.), падзываў да сябе кіўком такога яўрэя-кансерватара, проста на вуліцы біў па твары аплявуху і адсылаў у паліцэйскую канцылярыю, дзе яго падначаленыя прыслужнікі з дапамогай нажніц даводзілі адзежу і куафюру (прычоску. – Рэд.) да памераў, якія былі прадпісаныя ва ўказе.

 

СПЯВАЛІ ПА-БЕЛАРУСКУ

Сам кафедральны сабор (цяпер Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. – Рэд.) Вайткевіч (мінскі біскуп. – Рэд.) сапсаваў, жадаючы яго асвяжыць і асвятліць. Ліквідаваў два старыя амбоны і збудаваў адзін, белы з пазалотаю; хоры, на якіх граў аркестр, што дугавата былі выгнутыя ў сярэдзіну і былі пафарбаваныя ў цёмны колер, перарабіў на прамалінейную, багата пазалочаную белую скрынку.

Гэтаксама выглядала мінская кафедра і ў гады дзяцінства Корзана.

З-за гэтага ўтварылася супярэчлівая мешаніна колераў, старых і новых ліній, што сведчыла пра няведанне ані стыляў, ані гісторыі мастацтва. Аднак жа ад жыхароў Мінска я не чуў такіх заўваг і нараканняў. Здавалася, што перш за ўсё яны цешыліся самаму багатаму аздабленню, узбагачэнню святыні золатам і пышнасцю набажэнстваў. Абуджаў такія пачуцці выгляд праваслаўнага сабора, які стаяў як грозны супернік якраз насупраць кафедральнага сабора на адлегласці некалькі соцень крокаў. Грамадскасць прадчувала ў ім ворага каталіцкай веры і з непрыхільнасцю глядзела на працэсіі, якія выходзілі з храма, перадражнівала курантавую гармонію званоў, спяваючы па-беларуску “Хадзі сюды, дам блін, дам блін!”. Быў у гэтым бліне напамін, што праваслаўныя намагаюцца перацягнуць каталікоў у сваю веру спакусаю матэрыяльных выгодаў, паколькі за перавод у праваслаўе кожнага плебея плацілі па 30 рублёў, не ведаю, праўда, на падставе якога закона.

 

“Я НЕ АСЁЛ!” – ЯК ТАДЫ КАРАЛІ ВУЧНЯЎ

Ва ўсіх навакольных дварах было поўна дзяцей, якія вучыліся ў прыватных настаўнікаў або ў дзяржаўных школах. У нашай былой кватэры пасялілася пані ці панна Шыманская, якая трымала ў сябе некалькі дзяцей, што атрымлівалі ў яе пачатковую адукацыю. Чаму і як вучыла? Не здаваў я сабе тады з гэтай справы, але яе сістэма пакаранняў надоўга ўрэзалася ў маю памяць. Аднаго хлопца яна аднойчы прыгаварыла кленчыць у аслінай шапцы, якую, мабыць, тады часта выкарыстоўвалі ў жаночых пансіёнах. Гэта быў цыліндр, склеены з аркуша тонкай сіняй паперы, што выкарыстоўвалася для ўпакоўкі вялікага кавалку цукру; зверху прышываліся два лейкападобныя скруткі, якія называліся аслінымі вушамі. Жывога асла ў Мінску ніхто не бачыў, але з малюнкаў дзеці мелі пэўнае ўяўленне пра яго вушы, што, канешне, абражала ў вачах іншых асобу, галаву якой яны аздаблялі. Узрушаны насмешкамі іншых, хлопчык казаў: “Я не асёл! Я арфірэй з фіронгамі”, г. зн. архірэй з харугвамі. Не ідзе тут гаворка пра дакладнасць параўнання, а знамянальным з’яўляецца тое, што ў мозгу дзіцяці, якое яшчэ не так дакладна валодала моваю, знаходзіўся вобраз праваслаўнага біскупа, канешне Зубкі (Антоній Зубко, архіепіскап Мінскі і Бабруйскі ў 18401848 гадах. – Рэд.), пра якога было шырока вядома па ўсёй Літве.

 

У ШТО ГУЛЯЛІ МАЛЫЯ МІНЧУКІ

Падрастаючы, шукаў таварыства гімназічных вучняў. Адкрыў для сябе, што на другім баку вуліцы, ці дакладней завулка, здымалі жыллё каля 15-ці вучняў з гувернёрамі. Я ўсоўваўся паміж імі, каб даведацца, як яны вучацца і як ім чытаюць лекцыі. Кульгавы Мэйштовіч не надта ўдала ладзіў з лацінаю; сябры прыгаворвалі яму па-беларуску: “Hic, haec, hoc (гэты, гэтая, гэта – лат.), кладзіся васпан на пянёк, за такія збродні спушчай васпан сподні!” Пан гувернёр біў ляніўцаў па лапах лінейкай і круціў вушы. <…>

Другая група, большая, якая налічвала не менш за 20 мальцоў, квартаравалася ў будынку каля нашага падворка. На шырокім дзядзінцы яны гулялі ў мяч і ў іншыя гульні. Як толькі гоман гэтай грамады далятаў да маіх вушэй, я пералазіў праз плот і назіраў за іх гульнёй у “кашку”, у “сценку”, у нейкія пагоні за ахвярай лёсу альбо менш прыемнымі рэчамі, устаноўленымі завадатарам, які казаў, абыходзячы кола, такія словы: “Ewa, Dewa, Res, Kwinta, Zając, Pies”. Той, на каго было ўказана пальцам пры слове “Zając”, павінен быў адразу ўцякаць, а “Pies” кідаўся ў пагоню.

 

ЯК АПРАНАЛІСЯ ГІМНАЗІСТЫ

З грамадскага пункту гледжання ўсіх вучняў (гімназіі. – Рэд.) нівелявала адзіная для ўсіх сшытая дакладна паводле ўрадавага ўзору форма – ад шапкі да штаноў і ботаў. На заняткі ў клас мы прыходзілі ў віцэ-мундзірах, г. зн. у цёмна-зялёных сурдутах з пунсовымі каўнерчыкамі і двума радамі латунных гузікаў; для параднай залы і на ўрачыстыя набажэнствы быў патрабаваны ад нас фракавы мундзір з галонамі на каўнеры, які зашпільваўся на дзевяць гузікаў, прышытых у адзін рад.

На месцы будынка гімназіі цяпер знаходзіцца сквер па вуліцы Леніна з бюстам лётчыка Грыцаўца.

Вопраткаю ад нас сваёй паўсядзённай курткай адрозніваліся вучні, якія жылі ў інтэрнаце, што размяшчаўся ў будынку гімназіі за дзвярыма з парапетам, якія для нас ніколі не адчыняліся. Вучні там былі на поўным утрыманні – мелі гувернёраў, лекара, дагляд інспектара і дырэктара, плацілі па 250 рублёў на год, паходзілі з вельмі багатай шляхты. Гэта ўстанова называлася яшчэ шляхетным, ці высакародным, пансіёнам (“благородный пансион”) – ён забяспечваў сваім выхаванцам месцы для рассадкі на першых партах без розніцы ў іх узроўні і вучэбных поспехах, а таксама і неафішаваную падтрымку падчас квартальных ці гадавых атэстацый.

Так выглядалі калідоры гімназіі, у якой вучыўся пан Тадэвуш.

Адзін не надта заможны памешчык, Бараноўскі, плаціў такія вялікія грошы, абы толькі сын яго трапіў у ранг гэтых “прымасаў”.

 

ЯК РЫХТАВАЛІСЯ ДА ПРЫЕЗДУ НАЧАЛЬСТВА

Незвычайна неспакойна зрабілася ў школе пад канец 1854 г., калі я ўжо быў у 4-м класе. З Вільні павінен быў прыехаць Ілля Гаўрылавіч Бібікаў Другі, генерал-губернатар чатырох літоўскіх губерняў, які быў прызначаны і на пасаду куратара Віленскай навучальнай акругі (Ілля Бібікаў – літоўскі генерал-губернатар у 18501855 гадах, у маладосці дзекабрыст. – Рэд.).

Чысціліся сцены, вокны, падлогі; нам было загадана прыйсці на заняткі ў парадных мундзірах. У мяне не было такога мундзіра, таму я не пайшоў у гімназію. Аднак да мяне, задыхаўшыся, прыбег пасланец з загадам, каб я ішоў як найхутчэй у віцэ-мундзіры. Лячу.

Каля ўвахода у будынак прабягаю каля інспектара і дырэктара, якія загадваюць ісці ў клас. Аднакласнікі сядзелі ў абсалютным маўчанні. Я сеў на сваё месца за першай партай збоку. Нас навучылі адказваць на прывітанне, гучна выкрыкваючы “Здравия желаем, Ваше Высокопревосходительство!”. Мы пачулі крокі, звон шпор, такія самыя гучныя вітанні ў кожным класе. Нарэшце, і ў нашым класе мы ўбачылі генерала з суровым выразам твару, у мундзіры, аздобленым ордэнам і стужкай. Ён павітаў нас, усеўся за рабочым сталом і загадаў выклікаць найлепшага вучня ў геаграфіі. Шаблоўскі паказаў на мяне. Я смела стаў перад суровым абліччам. “Адвязі мяне з Пецярбурга да Канстанцінопаля”. Я выбраў марскую дарогу і ўдала даплыў. Але назад мне было загадана плыць па сушы па прычыне дзіркі ў лодцы. Я даехаў толькі да Кіева і спыніўся. Генерал задаволіўся і гэтым.

 

Матэрыял друкуецца з ласкавага дазволу часопіса Arche, у якім упершыню з;явіўся пераклад успамінаў Корзана.

Фота: архівы CityDog.by, ctv.by.

Еще по этой теме:
«Я пока изучаю минчан – так что будьте осторожны!»: как мы ездили на экскурсию с правнуком самого влиятельного мэра Минска
Мінчукі, якія пачалі размаўляць па-беларуску
Черта оседлости: история любимых мест Евгения Тихонова
поделиться