Крутая барахолка ля Свіслачы, нямодная Камароўка і нейкі Пітулайнінскі базар. А вы ведаеце, дзе шопіліся мінчукі 70 гадоў таму?

20.09.2017
История  
 
1
Рубрика Мінск 1067

Крутая барахолка ля Свіслачы, нямодная Камароўка і нейкі Пітулайнінскі базар. А вы ведаеце, дзе шопіліся мінчукі 70 гадоў таму?

Успаміны
Разам з Samsung мы робім рубрыку “Мінск 1067” пра невядомыя гісторыі Мінска. Сёння чытаем успаміны хлопчыка пра паваенную сталіцу БССР.
0
0
0

Разам з Samsung мы робім рубрыку “Мінск 1067” пра невядомыя гісторыі Мінска. Сёння чытаем успаміны хлопчыка пра паваенную сталіцу БССР.

Мастак і калекцыянер Ігар Сурмачэўскі запісаў і апрацаваў успаміны свайго бацькі Валянціна пра жыццё Мінска адразу пасля вайны. Маленькім хлопчыкам бацька мастака штодзень ездзіў у сталіцу з Фаніпаля – прадаваць малако. Часта ён затрымліваўся ў горадзе даўжэй. Цалкам успаміны надрукаваны ў часопісе “Маладосць” (№4–6, 8 за 2015 год).



Што за Пітулайнінскі базар на “Інстытуце культуры”?

У пасляваенны час майму тату трэба было, акрамя вучобы, дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Раніцай мама даіла карову, Вацік з паўнюткім бітонам на 10 літраў садзіўся на мінскі цягнік-“лятучку” і ехаў на кірмаш. 

Суражскі кірмаш ля Таварнай станцыі ў час вайны. Па ўспамінах старажылаў, рынак быў зусім малы – дзесьці ў тры разы меншы за стары Чэрвеньскі рынак, што стаяў на Аранскай.


Кірмаш ладзіўся на мінскай Таварнай станцыі. Ён называўся Пітулайнінскі, па прозвішчы начальніка аддзялення першай Мінскай дыстанцыі чыгункі Пітулайніна. Пакупнікамі былі звычайна жыхары вуліц Лодачнай, Гарбарнай, Энгельса. У пасляваенны час гэты раён яшчэ захоўваў старажытную назву Ляхаўка.

Цягнік з Фаніпаля прыходзіў у Мінск а 7-й раніцы. Жыхары Ляхаўкі ў такі ранні час у нядзелю яшчэ адпачывалі... Малако хутка разыходзілася, трэба было вяртацца ў Фаніпаль, каб заўтра зноў цягнуць цяжкі бітон па Ляхаўцы.

Майму тату з маленства так запомніліся твары некаторых пакупнікоў, што нават сёння ён пазнае іх, калі сустракае старэнькіх дзядкоў і бабуль у Кафедральным касцёле на імшы. Але хіба яны памятаюць падлетка, які прыносіў ім малако ў пасляваенныя ляхаўскія кватэры?

 

Вяртаючыся з барахолкі на Ляхаўцы. 


Архітэктурнымі дамінантамі пасёлка былі гарбарны і гарэлачны завод (цяпер завод “Крышталь”. – Рэд.). Гарбарны завод выліваў у Свіслач свае адыходы ад вырабу скур. Але пасляваенная малеча ў гарачыя ліпеньскія дні з пырскамі скакала ў тую твань і была вельмі задаволена прынятымі воднымі працэдурамі.

 

 

У адным з цэхаў гарбарнага завода. Зараз тут кавярні, лофты і друкарні.


На другім беразе Свіслачы пад засенню вялікіх вязаў знаходзілася лодачная станцыя. Мала хто з кавалераў умеў спраўляцца з вёсламі, таму сяброўкі пасля такіх прагулак былі з ног да галавы запырсканымі свіслацкай вадой, ад якой хлопцы спрабавалі іх прыкрыць сваімі шырокімі пінжакамі з неймаверна вузкімі, па тагачаснай модзе, лацканамі.

На плошчы за Ляхаўкай, у канцы Лодачнай вуліцы, 30 студзеня 1946 года былі збудаваны вялікія шыбеніцы, на якіх павесілі 18 фашыстаў. 

Пазней каля гэтага месца ўтварылася самая вялікая ў Мінску барахолка. Чаго там толькі не было: вайсковае адзенне, тавары кантрыбуцыі з Германіі – насценныя гадзіннікі, антыкварная парцаляна, кішэнныя срэбныя гадзіннікі, літаграфіі з сюжэтамі ідэальнага бюргерскага жыцця, пышныя золатавалосыя русалкі і анёлы з ружовымі шчокамі, швейныя машынкі “Зінгер”, знакамітыя аўстрыйскія шпалеры і мэбля чырвонага дрэва ў стылі ар-дэко.

 

Лодкі пры Лодачнай вуліцы (за рэстаранам “Старое русло”). На заднім плане заводскія будынкі на Кастрычніцкай вуліцы.


Але значна большым попытам у простых гараджан карысталіся звычайныя рэчы: іголкі, ніткі, тканіна, адзенне. Хадзіць не на Ляхаўку, а на Камароўку ў той час лічылася дрэнным густам, бо Камароўка стаяла на балоце і дарога да яе была заўсёды непралазная. Вярнуцца з таго балота з чыстым абуткам было даволі праблематычна.



Вакзал як першы паваенны фэшн-уік

Чыгуначны вакзал быў самым цікавым для падлеткаў месцам у пасляваенным Мінску. Каго тут толькі не было: прайдзісветы, жабракі, пакалечаныя на вайне, картачныя шулеры, мажныя афіцэры, якія вярталіся з Германіі з “іканастасам” медалёў на шырокіх грудзях, іх жонкі, паважныя і прыгожыя.

Вакол вакзала, пераважна ў бок Чэрвеньскага кірмашу, стаяла шмат драўляных будак, ці шапікаў па-сучаснаму. Тут гандлявалі таннымі прысмакамі, спіртнымі напоямі на разліў, але найбольшым попытам у мясцовай публікі карыстаўся спірт-сырэц. Як гэту вогненную вадкасць можна было піць? Але п'яных на вуліцы не было відаць.

 


З Прывакзальнай плошчы да вуліцы Дружнай над чыгункай быў перакінуты мост-пераход. Там, як на тэатральным балконе, любілі збірацца “гледачы”. На перон у той час прайсці было не проста – трэба было мець квіток на цягнік. 

За парадкам назіралі кандуктары, рэвізоры і міліцыянеры. На пероне стаяла невялічкая будка з надпісам “Кіпень”, і да яе з розным бразгатлівым посудам беглі пасажыры цягнікоў, што праходзілі праз Мінск.

На пероне рабілі праменад “высакародныя” людзі, размінаючы ногі пасля доўгай дарогі. Прыцягвалі погляд жонкі афіцэраў-франтавікоў, якія вярталіся з Германіі. Красуні былі апрануты ў цяжкія аксаміты, вытанчаныя крэп-жаржэты і фільдэперсавыя панчошкі. Прычоску “а-ля Марлен Дзітрых” звычайна ўпрыгожваў маленькі капялюшык з кветачкай ці пёркам. Такі галаўны ўбор у народзе празвалі “менінгітка”. Стомленыя пані трымалі ў руках, прыкрытых далікатным шоўкам пальчатак, карункавыя, колеру “шампань”, парасоны ад сонца.

Такое відовішча было незразумелым для пасляваенных дзяцей, і яны думалі, што ў Мінск прыехалі нейкія буржуі. Сябры Ваціка лічылі за гонар плюнуць зверху на тых буржуяў. На пероне адразу ўзнімаўся вэрхал, на мост бег міліцыянер у белым мундзіры, а галапузыя гледачы давалі дзёру.

 


Было на вакзале і яшчэ адно займальнае відовішча. Некалькі чалавек збіраліся на плошчы вакол драўлянай скрыні, на якой адзін з гульцоў раскладваў карты – туза, караля і шасцёрку, – рабіў магічныя рухі пальцамі, і карты хутка перасоўваліся. Пасля гэтага трэба было адгадаць, дзе апынуўся туз, што маглі зрабіць толькі сябры картачнага фокусніка, якія стаялі побач. Іншы раз, калі чарговая ахвяра з пустымі кішэнямі і праклёнамі пакідала азартнае рысталішча, у гульню ўступаў паплечнік махляра, каб паказаць, што ўсё-такі ёсць рэальная магчымасць здабыць запаветныя паперкі. Вацік аднойчы, прадаўшы малако, захацеў атрымаць лёгкія грошы. Так і пакінуў увесь свой заробак на вакзале.

 

Калі вам падабаецца рубрыка «Мінск 1067», рабіце рэпост артыкула і не забывайцеся на хэштэгі #сваё, #SamsungBelarus, #Minsk1067. Дзякуй!


РУБРЫКУ “МІНСК 1067” МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS*.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фото: minsk-old-new.comtut.by, zviazda.by.

*ООО «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ
20.09.2017
История  
 
1
0
0
0
КОММЕНТАРИИ
ava
Официально рынок назывался Суражским. И покупали там, конечно, не только жители Ляховки
ОТВЕТИТЬ
ЗАЛОГИНЬТЕСЬ ЧЕРЕЗ СОЦСЕТИ
VKONTAKTE
Или комментируйте с помощью капчи
НОВОЕ НА CITYDOG.BY