“Калі я першы раз пайшоў на Зыбіцкую, мне здавалася, што я ў Пецярбургу”. Шпацыр па Мінску з Лявонам Вольскім
16
21.12.2017
Мінск 1067

“Калі я першы раз пайшоў на Зыбіцкую, мне здавалася, што я ў Пецярбургу”. Шпацыр па Мінску з Лявонам Вольскім

Разам з Samsung мы расказваем вам забытыя і падзабытыя гісторыі з мінскага мінулага. Аповед пра горад Лявона Вольскага, які сёння грае святочны канцэрт з «Крамбамбуляй» ў Prime Hall, запісала Хрысціна Марчук. 

Разам з Samsung мы расказваем вам забытыя і падзабытыя гісторыі з мінскага мінулага. Аповед пра горад Лявона Вольскага, які сёння грае святочны канцэрт з «Крамбамбуляй» ў Prime Hall, запісала Хрысціна Марчук. 

Наш маршрут ляжаў ад Акадэміі навук праз філармонію, Траецкае прадмесце і скончыўся ў раёне метро “Фрунзенская”, дзе доўгі час знаходзілася “кропка” гуртоў N.R.M., Zet, “Крамбамбуля” і дзе неспадзявана для нас саміх чакаў сюрпрыз.
 


“Вольскі, гэта добра, але ты разумееш, што цябе заваляць з такой карцінай?”

Лявон прызначыў спатканне каля кінатэатра “Кастрычнік”. Рок-зорка з’явілася з падземнага пераходу, і мы пакрочылі ў двары. Па адрасе Хмяльніцкага, 5 года да 2010-га было мастацкае вучылішча імя Глебава. Мы ж убачылі на месцы вучэбнага корпуса абнесеную плотам будаўнічую пляцоўку. 

Лявон паступіў у “глебаўку” у 15 гадоў і штодзень прыязджаў на заняткі спачатку з вуліцы Адоеўскага, а пасля з Карастаянавай, дзе жыла сям’я Вольскіх.
 


– Фармальна мая спецыяльнасць называлася “выкладанне чарчэння, малявання ў сярэдняй школе”, але з нас рыхтавалі станкавых жывапісцаў. Паступіць было няпроста, але я вельмі хацеў тут вучыцца. Дырэктар-скульптар быў аўтарытарны, а сярод выкладчыкаў і студэнтаў квітнела вальнадумства.

На апошнім курсе кампазіцыю выкладаў Альгерд Малішэўскі. Ён быў такі высокі, мажны, мог прыйсці ў мятліку, а мог не прыходзіць тыднямі. Ён абсалютна не прымаў савецкую сістэму мастацкіх каштоўнасцей. Ён неяк сказаў: “Я прынясу альбом Жоржа Руо, гэта таленавіты мастак”. І прыносіць – а там зусім не традыцыйнае ў савецкім разуменні мастацтва!

Ну, а мы ўсе хацелі быць авангардыстамі, як Малевіч ці Кандзінскі, а не маляваць завод, будні ліцейнага цэха і сенажаці.
 


– Я ненавідзеў педпрактыку. Чаму я мог навучыць гэтых дзетак, калі сам быў яшчэ як “дзетка”? Мы з Алегам Дземідовічам (бубнач “Мроі”. – Рэд.) адпрацоўвалі “павіннасць” у школе ў Фрунзенскім раёне. Маляванне малым яшчэ падабалася выкладаць, але я заўважыў, што ўсе змалёўваюць у адных і тых жа вучняў. Я стаўлю задачу: “Намалюйце гэта і тое”. Не каб кожны нешта сам сабе думаў і маляваў, дык у паловы кляса – аднолькавыя работы. Я змагаўся з гэтым, але беспаспяхова.

Чарчэнне ў 8-м клясе ўвогуле было жахлівым, бо прыходзілася вучыць людзей, якія ніколі не будуць нічога крэсліць і мала тым цікавяцца. 
 


– Школьны настаўнік чарчэння ўвесь час сядзеў у падсобцы і займаўся сабе філіграннай графікай. Мы спыталіся: “Можна мы будзем весці ўрокі на беларускай мове?” – “Ды калі ласка”. Ну, і мы праз пень-калоду, не асабліва ведаючы тэрміналёгію, выкладалі па-беларуску. Часам мы выглядалі маладзейшымі за васьмікляснікаў, што сядзелі за партамі.

Мы адгадоўвалі валасы, каб быць больш саліднымі. Праўда, у школе валасы даводзілася хаваць пад каўнер і шалік. Карацей, вучні нас пабойваліся, бо выгляд у нас быў адыёзны. Але без валасоў мы былі зусім як дзеці. Аднойчы, калі я прыйшоў з войска, паспрабаваў стрэльнуць на вуліцы цыгарэту, мне сказалі: “Хлопчык, ідзі адсюль. Падрасцеш – тады”.

Хіпі ўспрымалі нас за сваіх, але мы іх каштоўнасцей не падзялялі.
 


– За дыплём мне паставілі тры балы з фармулёўкай “Захапіўся не патрэбнымі для савецкай моладзі фармалісцкімі тэндэнцыямі”. Я намаляваў карціну з беларускімі сымбалямі, у трох колерах – белы, чорны, чырвоны, – з выцягнутымі постацямі. Карацей, банальны сюррэалізм. Рэцэнзент, маладая дзяўчына, чырванела-чырванела, потым сказала тое, што ёй сказалі сказаць.

Пасля да мяне падышоў Альгерд Малішэўскі: “Вольскі, у вас не на “3” праца. Што яны яшчэ могуць сказаць? Не бяры да галавы”. Гэта для мяне было істотна. А мой выкладчык, спадар Высоцкі, у жаху бегаў вакол, калі я працаваў у майстэрні: “Вольскі, гэта добра, таленавіта, але ты разумееш, што цябе заваляць з такой карцінай?” Я кажу: “Ну і што?”

А былі і такія, што малявалі ветэрана, які глядзіць з акна, жніво. Ім паставілі не “тройку”. Але адзнака ні на што не паўплывала, бо мяне забіралі ў войска, і гэта залічвалася як размеркаванне.
 


– “Мрою” запачаткавалі тут. У школе я граў на клявішах у ансамблі. Уладзь Давыдоўскі (гітарыст “Мроі”. – Рэд.), які вучыўся ў паралельнай групе, кажа мне: “Давайце скалоцім бэнд”. Я выцыганіў грошы ў бацькоў на першыя клявішы: страшныя такія, але для пачатку нічога. У яго была акустычная гітара, а потым мы ўзялі трэцяга – Алега Дземідовіча. Мы мелі меркантыльны разлік: у яго бацька багаты, ён будаўнік – можа купіць яму ўдарную ўстаноўку, таму што яна была найдаражэйшай.

Аднойчы нас накрылі, што мы пасярод заняткаў рэпеціруем, і забаранілі граць. Справа была ў тым, што ў паралельным гурце на бубнах граў сын дырэктара. Затое на адной дыскатэцы ў вучылішчы мы на пару песень выйшлі і так ужо далі, што канкурэнтаў проста знішчылі!
 


– Я думаў, што буду крутым мастаком. Пасля войска мы з Давыдоўскім паспрабавалі паступіць у інстытут – не атрымалася. На наступны год, думалі, дакладна паступім. Мы нават здымалі майстэрню, малявалі натуру, нацюрморты.

Калі музыка зацягнула – так лёгка было зрабіцца папулярным, – ніхто ўжо не збіраўся працаваць афарміцелем у аўтобусным парку. Пару разоў я хадзіў на дні сустрэчы выпускнікоў у “глебаўку”. Аднойчы меркавалася, што я буду выступаць, і я нават быў “за”, але штосьці перайгралася, бо я ўжо быў моцна забароненым. Я падумаў: ну і ладна. 

“Мы яму грукалі па галаве падчас запісаў, ён прыходзіў і сварыўся”

Мы пад’ехалі да філармоніі, дзе гурт “Мроя” рэпеціраваў 5 гадоў. Недалёка адсюль, на Чырвонай, 4, была рэдакцыя радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”, куды Лявон бегаў паміж рэпетыцыямі весці перадачу “Квадракола”. 

Яшчэ на гэтай вуліцы на месцы крамы “Суседзі” была крама-кавярня “Нектар”, у якой варылі натуральную каву. Лявон часцяком там сядзеў разам з сябрам па “глебаўцы” Міхалам Анемпадыставым.
 


– Восенню 1992-га мы ўмудрыліся прайсці па конкурсе ў філармонію. Зараз гэта “Мінскканцэрт”, а раней была “Рэспубліканская дырэкцыя эстрадна-цыркавога мастацтва”. Наколькі я разумею, была беларусізацыя – ім трэба было набіраць калектывы пажадана беларускамоўныя.

На заводзе халадзільнікаў зладзілі цэлы конкурс: удзельнічаў дзясятак калектываў і мы з праектамі “Мроя” і “Новае неба”, дзе я граў на клявішах. Ярмоленка паслухаў і сказаў: “О, дык ты добра спяваеш”. Гэта было вельмі дзіўна, бо, хутчэй за ўсё, для філармоніі гэта была адмывачная аперацыя. Мы ад яе толькі раз з’ездзілі ў Мазыр граць на Дзень горада.

Працоўная кніжка ляжала, у ведамасцях распісваліся, інструменты захоўвалі, ключ на вахту здавалі – і ўсё.
 


– Вунь нашы вокны на трэцім паверсе. У рэпетыцыйнай былі парэнчы і люстраная сцяна. Аднаму гітарысту – я не буду казаць імя – яна вельмі замінала, бо ён, замест таго каб граць, глядзеў, як прыгожа выглядае.

З Васілём Пятровічам Раінчыкам (кампазітар. – Рэд.) былі канфлікты. Пад намі ў яго была студыя. Мы яму бухалі падчас ягоных запісаў, ён прыходзіў і сварыўся. Тут працавала Ліка Ялінская, яна таксама скандалістая: “Я запісваю голас, а вы тут грукаеце басавым барабанам па галаве. Што гэта такое?” Але наш шэф за нас уступаўся.
 


– З пачатку 90-х з “Мрояй” пачалася руціна. Усе хадзілі на рэпетыцыі тройчы на тыдзень, бо было куды хадзіць, вымучвалі з сябе нейкія музычныя і тэкставыя кавалкі. Пік “Мроі” прайшоў у канцы 80-х, пачалася замена гітарыстаў, страта ідэалёгіі.

Пасля “перамогі дэмакрытыі і прагрэсу” здавалася, што справа зроблена. Ніхто ж не ведаў, што прыйдзецца па новай змагацца. У годзе 94-м у філармоніі сказалі: “Давайце забірайце адсюль усё”. Ай, тут прайшлі не самыя лепшыя часы. Творчы крызіс. З песень былі запісаны толькі дзве. 

 

“Тут у Цэслера адбываліся дні народзінаў, некаторыя нават заплывы рабілі”

На Старавіленскай, 2 у Траецкім прадмесці па сённяшні дзень працуюць “Старавіленская карчма” і бар “Кавярня”. У 80-х гадах гэта месца было як Зыбіцкая, толькі, здаецца, нашмат круцейшым.
 


– Тут усё было ў людзях, палова з якіх – твае знаёмыя з руху хіпі, з музыкаў. Можна было выпіць не толькі кавы, але і нешта памацней. Глёбус (пісьменнік. – Рэд.) прыходзіў сюды з братам. Там дзе мост, брат Глёбуса ў 80-х аднойчы напісаў: “Краіна ў кратах”. Уладам было не зразумела, як рэагаваць: якая краіна ў кратах? Пра гэта Ulis потым напісаў песню.
 


– Тут у Цэслера адбываліся дні народзінаў, некаторыя нават заплывы рабілі.

Хто пабагацей, мог сесці ў суседняй карчме, а мы ў асноўным тусаваліся тут. Я, Алезсіс (мы вучыліся на адным курсе) прыносілі сюды карціны на абмеркаванне. Нехта вершы чытаў: быў такі Эрык-мулат, дзіця Алімпіяды, нібыта неблагі паэт.

На прыступках кнігарні “Вянок” адбыўся першы канцэрт “Мроі”. Да рэканструкцыі ў Траецкім (пачатак 1980-х. – Рэд.) было як у Вільні ў некаторых месцах: таямніча і страшнавата. У канцы першага курса мы прыходзілі сюды на практыку – пісаць эцюды.


– У гэтай кавярні былі першыя беларускамоўныя надпісы – наіўныя такія: “Чалавек, ня дзьміся, еш тое, што ў місе”. Карацей, адзінае падкрэслена беларускае месца ў горадзе.

Апошні раз я быў тут вельмі даўно. Я граў кароткі сэт у музеі Багдановіча і зайшоў перачакаць, але цяпер тут абсалютна шэраговая кавярня. У цэнтры быў яшчэ бар “Ромашка”, але адтуль мяне ганялі. Адміністратарцы, відаць, не падабалася, што я быў валасаты. Яна нават на мяне пару разоў выклікала міліцыю. Затое там былі такія кактэйлі, усе думалі, як у Злучаных Штатах.
 


– Лявон, а як вам сённяшнія тусовачныя Кастрычніцкая і Зыбіцкая? Толькі не кажыце, што не былі там!

– Канечне, быў. На Кастрычніцкай ёсць студыя гуказапісу. Пасярод працы можна зайсці ў якое-небудзь ENZO паабедаць. Але Кастрычніцкая – крыху не тое, хіпстары. Калі я першы раз пайшоў на Зыбіцкую са знаёмым, мне здавалася, што я ў Пецярбургу: усе такія рускамоўныя, так апрануліся прыгожа, каб выйсці на праменад. І ўсё забіта. Я не пачуваўся ў Мінску, шчыра кажучы. 

 

“О! Вунь мой “комбік” застаўся!”

 Мы прыехалі на Калектарную, 20 – у інтэрнат “Геасэрвісу”. У падвале будынка з 1997 па 2008 год знаходзілася рэпетыцыйная кропка N.R.M., “Крамбамбулі” і праекта Zet, а яшчэ ў розныя часы тут рэпеціравалі “Новае неба”, “Уліс” і “Нейра дзюбель”. У “Геасэрвісе” працаваў цесць Лявона, таму гурт без праблем абсталяваў тут “кропку”. 
 


Заходзім у фае: музыка гаворыць, што тут нічога не змянілася, узгадвае, як запісалі ў гэтым месцы альбомы “Пашпарт грамадзіна N.R.M.”, “Тры чарапахі”, “Дом культуры”…
 


І тут нечакана да нас выходзіць з плыткай “Крамбамбулі” ў руках, па ўсёй верагоднасці, загадчык гэтай установы. Аказалася, што памочніца Лявона Яна, якая ўвесь гэты час была з намі і зацікаўлена слухала размову, пайшла наперад і папрасіла кіраўніцтва інтэрната пусціць нас у падвал. Рабіць гэта дзядзька не вельмі хацеў, але мы яго ўгаварылі. 

– Да я знаю вас, это же было при мне. Гремели на всю эту самую… – кажа загадчык, суправаджаючы нас на былую “кропку” N.R.M.


Мы спусціліся па лесвіцы і быццам трапілі ў машыну часу! Лявон смяецца, што і карцінкі на сценах, і лямпачкі так і вісяць з тых гадоў.
 


– Ваў!.. Ну, так: “Не злоўжываць алкаголем”. Гэта мы на канцэрт у Адэсу ездзілі, – смяецца Лявон. 

Ён быў сабраўся забраць “артэфакты” з сабой, але пасля чамусьці вырашыў пакінуць іх на сцяне. Загадчык, чуючы нашы захопленыя воклічы, заўважна палагаднеў: 

– Никто ничего не говорит, что было плохо. Другое дело, что нам Мингорисполком дал запрет на сдачу в аренду. Пришлось всех отсюда убрать. А вот это позабирайте, это же ваше, наверное, – кажа дзядзька.


– Там студыя, тут апаратная, а тут для кейсаў было. О! Вунь “комбік” застаўся! – Лявон заўважыў вялізны комбаўзмацняльнік у куце. 

– А чаго ж вы яго пакінулі?

– Ды ён цяжкі, куды яго цягнуць?.. Слухайце, я, можа, пазней заеду, забяру комбік? – пытаецца ў дзядзькі Лявон і працягвае: – Тут былі і нармальныя пасядзелкі, але не тое каб брутальна. Тым больш пасля кожнага канцэрта “Крамбамбулі” прыходзілася завозіць комбікі, гітары. Пасля знакавых выступаў адразу не хацелася разыходзіцца па хатах, сядзелі, абмяркоўвалі.

Тут адбывалася вельмі шмат, тут нарадзілася “Крамбамбуля”, запісалі альбом Zet. Такое было шыкоўства: “кропка” ў цэнтры горада. 

 

“Вільня нагадвае Мінск майго дзяцінства”.

У Лявона яшчэ заставалася трохі часу, і мы папрасілі расказаць пра дзяцінства. Ці вызнаюць у сям’і Вольскіх “мінскі” патрыятызм?

– Маё дзяцінства прайшло ў Тэатры юнага гледача, куды я з 4 гадоў хадзіў рэгулярна. Мой бацька спачатку там быў заўлітам, пасля дырэктарам. Прыходзіш у дырэктарскую лёжу – а там прагоны, прэм’еры, здачы, спектаклі можна паглядзець. Я ведаў усіх рэжысёраў, машыністаў сцэны, а яны мяне. Першы музычны досвед я атрымаў таксама там. Акцёр Саша Кашпераў  навучыў граць песню “Чыжык-Пыжык” на фартэпіяна.

Вядома, усіх дзяцей вадзілі ў цырк, і тады ён мне вельмі падабаўся. Потым я неяк пайшоў з Адэляй, калі яна была малая, мне так не спадабалася! А ў годзе 2002-м Шаблінскі (Уладзімір Шаблінскі, прадзюсер. – Рэд.) прывез польскае шапіто: яны былі вельмі прафесійныя. Тады я ацаніў цырк.
 


З юнацтва Лявон не любіў праспект Незалежнасці за яго савецкасць. “Антысавецкае” выхаванне ў сям’і было заўжды: “Голас Амерыкі” і “Нямецкую хвалю” слухалі рэгулярна. Лявон кажа, што тады так рабілі ўсе культурныя людзі.

Праўда, з часам Лявон зразумеў, што сталінскі ампір – не самае горшае, што можа быць у горадзе. “Не-Кемпінскі”, дом Чыжа, на ягоную думку, сапсавалі Мінск куды больш. Музыка кажа, што Адэля, натуральна, ведае ўвесь цэнтр горада, але не сказаць, што адчувае сябе аж такой свядомай гараджанкай. 

– Зразумела, у мяне штосьці звязана з дамамі і рознымі месцамі ў горадзе, але я не магу сказаць, што маю такі ўжо сентымент. Я да Мінска стаўлюся халаднавата. Не ведаю, чаму. 

– А да Вільні?

– Цяплей (смяецца). У мяне з Вільняй былі розныя стасункі. Як ні прыязджаеш, дык не хочацца вяртацца. Мне Вільня нагадвае Мінск майго дзяцінства.

 
РУБРЫКУ “МІНСК 1067” МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS*.
Клікніце, каб падпісацца на навіны Samsung Беларусь.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: Citydog.by.

*ООО «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910