На мяжы з тым светам: містычныя месцы Мінска

На мяжы з тым светам: містычныя месцы Мінска
Чым любяць папужаць турыстаў у Мінску? Казкай пра млынара Менеска? Кракадзілам у Свіслачы? Не смяшыце людзей. Лепей пажахайце іх. Балазе, таямніц і загадак у Мінску хапае.

Чым любяць папужаць турыстаў у Мінску? Казкай пра млынара Менеска? Кракадзілам у Свіслачы? Не смяшыце людзей. Лепей пажахайце іх. Балазе, таямніц і загадак у Мінску хапае.

Кастрычніцкая плошча: крывавы манах

ЛЕГЕНДА: Яшчэ дзесяць гадоў таму месца злева ад Палаца Рэспублікі, «квадраты», было заседжанае падлеткамі. Асноўнай перашкодай для іх станавіліся служкі парадку: міліцыя «зачышчала» тэрыторыю з зайздроснай перыядычнасцю і ўдзень, і ўночы.

Расказваюць, менавіта адзін з міліцыянтаў аднойчы і прызнаўся. Быў позні вечар, калі падчас патрулявання па Кастрычніцкай плошчы ён заўважыў фігуру. Яна рухалася ў раёне «квадратаў». Фігура была ў манаскім балахоне, са свечкай у руках. Падазраючы несанкцыянаванае шэсце, міліцыянт наблізіўся да фігуры, але тая нечакана знікла, пакінуўшы замест сябе кроплі крыві на зямлі.

Таго манаха бачыла не адно пакаленне мінчукоў. І па расповедах становіцца зразумела: убачыць прывід манаха на месцы дамініканскага касцёла – знак бяды.

Так выглядаў кляштар з боку гатэля «Еўропа».

ГІСТОРЫЯ: Яшчэ ў 1950-я гады ў левым верхнім куце сённяшняй Кастрычніцкай плошчы стаяў будынак касцёла манахаў-дамініканцаў. Касцёл 17 стагоддзя і пабудаваны побач кляштар былі і паратункам для менчукоў падчас вайны: за тоўстымі сценамі хаваліся ад ворагаў. Падчас чарговага нападу маскоўцаў гараджане трымалі тут аблогу, але не змаглі выратавацца – сотні людзей загінулі ў сценах святыні.

Падчас раскопак кляштара дамініканцаў у 1986 годзе. Справа – фундамент Палаца Рэспублікі.

Зрэшты, можна меркаваць, што, апроч спакою, прывід не можа знайсці і будынак, за які чапляўся ягоны дух. У 2011 годзе Таварыства аховы помнікаў выступіла з прапановай да мінскай мэрыі аднавіць старажытны комплекс, але...

Плошча Свабоды: падземны горад

ЛЕГЕНДА: Дзверы бамбасховішча ў двары к/т «Перамога» для абазнаных мінчукоў як уваход ў іншы, падземны Мінск.

Увесь Верхні горад – ад манастыра бенедыктынак да кляштара дамініканцаў, ад дамініканцаў да Святадухава сабора, ад Катэдры да царквы Святога Духа – наскрозь перарэзаны падзямеллямі. Кіламетры катакомбаў – тут можна хавацца, тут можна хаваць. Якраз гэтым і займаліся служкі Бога ўвесь час, баронячыся спачатку ад захопнікаў, а пасля – ад бязбожнікаў. Таму не выключана, што ў мінскіх падзямеллях, якія раскінуліся ад кінатэатра «Перамога» фактычна да станцыі «Няміга», апроч скарбаў, хаваецца нешта больш таямнічае і страшнае.

Карта Менска 1934 года – мажліва, нехта спрабаваў накрэмзаць на ёй размяшчэнне падземных хадоў?

ГІСТОРЫЯ: У легендарнай кнізе «Рэха даўняга часу» чорным па белым напісана: да вайны і пасля яе мінчукі, асабліва малыя, лазілі ў гэтыя падзямеллі. Некалькі дзяцей праз гэтыя падзямеллі загінулі. Таму дарослыя хуценька замуравалі ўваходы і загадалі забыць «усе гэтыя гісторыі». І зразумела, чаму на гэтыя дзверы глядзяць як на апошнюю легальную магчымасць трапіць у падзямеллі Мінска. На жаль ці на шчасце, дзверы гэтыя вядуць у звычайную студыю гуказапісу.

…Вось і пытанне: навошта вынаходзіць ровар для турыстаў? Проста аднавіце мінскія катакомбы.

Канцэртная зала «Мінск»: духі самазабойцаў

ЛЕГЕНДА: Той раён, дзе зараз стаяць к/з «Мінск» і завод «Крышталь», мінчукі здавён абыходзілі бокам. Па-першае, лес і балоты тут былі – чорт шыю зломіць. Па-другое, побач, праз Свіслач, было паганскае капішча, дзе стаяў легендарны Дзед-валун. Гэты самы далёкі кут раёна Ляхаўка мінчукі лічылі праклятым.

Там, на даляглядзе, дзе бачныя завадскія трубы, і месціліся «нячыстыя» могілкі.

Ледзь не кожную ноч тут адбывалася абы-што: прывіды, стогны, незразумелае святло над зямлёй. І не дзіва: падалей ад хрысціянскіх і іўдзейскіх могілак у гэтым раёне Ляхаўкі хавалі самагубцаў і нехрысцяў, жорсткіх забойцаў ці паганцаў. Тых, чые душы ніколі не знойдуць спакою і прыстанку на тым свеце.

Месца лічылася гіблым: балоты і хмызнякі, ды яшчэ гэты могільнік не надавалі гумору мінакам і падарожнікам. Хто сюды трапіць, таму капцы. Нездарма гэты раён называўся «Ляхаўка»: як тлумачылі старажылы, яно пайшло ад «ляха», гэта значыць, «гучныя стогны». Стогны тых, хто ўтапіўся ў балотах. Ці чыю душу тут загубілі.

Тут сканчалася Верхняя Ляхаўка (на месцы стадыёна спрадвеку былі яўрэйскія могілкі).

ГІСТОРЫЯ: Энцыклапедыі і слоўнікі настойваюць: назва Ляхаўка пайшло ад «лях», г.зн. паляк. Маўляў, тут была іх слабада. Але не пярэчаць: Ляхаўка і сапраўды лічылася «канцом свету» – ва ўсіх сэнсах.

Ці насамрэч мінчукі баяліся хадзіць у дальнія раёны Ляхаўкі? Наўрад ці: па сваю порцыю містыкі і здароўя (дзякуй Перуну, паганскае капішча функцыянавала ледзь не да аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі) сюды прыходзіла багата людзей. Праўда, менавіта тут, на Ляхаўцы, на «нячыстых» могілках, палілі архіў і дакументы мінскага таварыства масонаў. Чаму тут? Добрае пытанне.

Парк Горкага: масоны і зорка Давіда

ЛЕГЕНДА: У 1805 годзе граданачальнік Карнееў адкрывае ў Мінску Губернатарскі сад – дагэтуль малавядомы від культурнага адпачынку для гараджан. Лавачкі, акультураныя дрэвы, гушкалкі, свежае паветра – сённяшні крэатыўны клас пра такі парк Горкага можа толькі марыць.

Алея кахання ў Губернатарскім садзе.

На калоне, якая размяшчалася ў глыбі парка, было напісана: Post laborem requies, г.зн. пасля працы – адпачынак. Так сабе афарызм, калі б не адна акалічнасць: па чутках, гэтую калону ўстанавілі ў парку… мінскія масоны. І ўстанавілі не проста так, а ў знак падзякі. Аказваецца, пры планаванні саду Карнееў ледзь не ўласнай рукой маляваў на плане сцяжынкі для прагулак. Маляваў-маляваў – і вымаляваў іх у выглядзе… 6-канцовай зоркі Давіда. Так Карнееў зрабіў першы (і апошні?) мінскі парк «па фэн-шую». Па масонскаму фэн-шую. Дзе зорка сімвалізуе гарманічнае зліццё трох пачаткаў: агня і вады, мужчынскага і жаночага, духоўнага і матэрыяльнага. Такім чынам Губернатарскаму саду было наканавана доўгае жыццё. Пад апекай бессмяротных і ўсюдыісных «вольных муляраў». Якія і дагэтуль жывуць і ціха-мірна збіраюцца ў Мінску.

Гуглмэп як бы кажа: легенды не сінонім гісторыі.

ГІСТОРЫЯ: Мінчукі доўга не маглі звыкнуцца са статусам «губернскага» горада. Тым не менш рускія абралі правільны шлях: першым мінскім губернатарам становіцца Захар Карнееў, масон. Чалавек адукаваны і ліберальны, ён спрабуе наладзіць адносіны з мясцовай шляхтай. І масонства становіцца добрай нагодай для гэтага. Па непацверджанай інфармацыі, менавіта Карнееў даў дазвол сябрам масонскай ложы «Паўночная паходня» на пабудову таямнічага Дома масонаў у Мінску. Але што такое Дом масонаў, чаму яго, як і масонаў, дагэтуль баяцца некаторыя мінчукі – гэта ўжо іншая гісторыя.

Калона ў гонар Захара Карнеева ад ўдзячных нашчадкаў. Не, не ад масонаў…

Фота: Аляксей Літвінка, pomniki.budzma.org, maps.google.com, karty.by, уласныя архівы.

Еще по этой теме:
Горад герояў Мінск
«Темная комната» на ул.Ленинградской
поделиться