Помнік на паркоўцы

Помнік на паркоўцы
Мемарыяльны камень на паркоўцы, помнік у двары старой хаты, незвычайная кампазіцыя на разбураных габрэйскіх могілках. Пра малавядомыя помнікі вайны ў Мінску чытайце далей.

Мемарыяльны камень на паркоўцы, помнік у двары старой хаты, незвычайная кампазіцыя на разбураных габрэйскіх могілках. Пра малавядомыя помнікі вайны ў Мінску чытайце далей.

  

Шталаг-352

Дзе: скрыжаванне вул.Калініна, 32 і Я.Коласа, 49.

Надпіс на помніку: «На гэтым месцы ў 1941-1943 гг. знаходзіўся фашысцкі лагер для савецкіх ваеннапалонных – гарадская частка лагера “Шталаг-352” (Масюкоўшчына), у якім знаходзіліся да 140 000 ваенных і цывільных палонных, значная частка якіх загінула».

Гісторыя стварэння: гэта дыпломная праца Сяргея Логвіна (цяпер дацэнт кафедры скульптуры Беларускай акадэміі мастацтваў) была створаная ў 1987 годзе. Спачатку планавалася, што яе паставяць у Парку Чалюскінцаў замест тыпавой жалезабетоннай скульптуры. Але ў 1993 годзе скульптуру прыраўнялі да помніка архітэктуры.

«Хацелася б, каб людзі падрабязней ведалі гэтую гісторыю, бо цягнецца яна яшчэ з 37-га году, – расказвае сп.Логвін. – Немцы ведалі, што на гэтай тэрыторыі знаходзяцца пахаванні людзей, расстраляных за Сталіным, і не сталі рыць новых могілак – паверх іх клалі новых людзей».

На гэтым месцы немцы расстрэльвалі знямоглых, якія ўжо не маглі даехаць да канцлагераў на Захадзе. «Гэта чалавек, які апошнімі сіламі хапаецца адной рукой за сцяну, каб не ўпасці, а другой з нянавісцю сціскае кулак,» – распавядае аўтар.

Пасля 9 мая працягнуцца працы па ўладкаванні месца. Адкрыццё манумента адбудзецца бліжэй да Свята горада.

Яма

Дзе: ля дома па вул.Заслаўскай, 11/2.

Надпіс на абяліску: «Светлая память на вечные времена пяти тысячам евреев, погибших от рук лютых врагов человечества – фашистско-немецких злодеев 2 марта 1942 г.»

Гісторыя стварэння: падчас нацысцкай акупацыі Мінска на тэрыторыі, якая пачынаецца за сучаснай вуліцай Рэвалюцыйнай і сканчваецца на месцы ўсталявання помніка, знаходзілася габрэйскае гета. У сакавіку 1942 года цягам трох дзён сюды, да яру, нацысты прыводзілі вялікімі групамі вязняў і расстрэльвалі. Усяго за гэты час тут было забіта больш за 5 тысяч габрэяў. Сярод іх 200 сірот з мінскага габрэйскага дзіцячага дома, якіх расстралялі разам з медперсаналам і выхавацелямі.

Працяглы час адзінай згадкай пра гета на Ракаўскай быў абяліск, пастаўлены ў 1947 годзе. Гэта быў першы помнік ахвярам халакосту на тэрыторыі СССР.

Бронзавая скульптура «Апошні шлях» з’явілася на гэтым месцы ў 2000 годзе. Яе аўтары – архітэктар Леанід Левін і скульптары Аляксандр Фінскі з Эльзай Полак. Помнік рабілі цягам васьмі год. Падчас мантажу не выкарыстоўвалася ніводнай адзінкі тэхнікі – усе працы па ўсталяванні кампазіцыі вяліся ўручную.

  

  

Разбіты агмень

Дзе: па вул.Сухой, 25 (на месцы былых габрэйскіх могілак).

Надпіс на помніку: «На гэтым месцы ў 1941-1943 гг. фашыстамі і іх пасобнікамі было знішчана звыш 5 000 яўрэяў. Вечная памяць бязвінным ахвярам нацызму».

Гісторыя стварэння: у час вайны тэрыторыя габрэйскіх могілак уваходзіла ў межы гета, і некаторыя карныя аперацыі нацысты ладзілі тут. Ёсць звесткі, што надмагільныя камяні пасля вайны выкарыстоўвалі паўторна: з іх ставілі помнікі на месцах масавага забойства габрэяў па ўсёй Беларусі. Мемарыял «Яма» першапачаткова таксама быў зроблены з помнікаў могілак.

У 2008 годзе пад раскідзістым старым дрэвам – сведкам расстрэлаў – усталявалі помнік «Разбіты агмень». Просты і драматычны сюжэт: разбіты круглы стол, за якім калісьці збіралася сям'я.

Адзін з аўтараў, скульптар Максім Пятруль узгадвае: «Нягледзячы на цяжкую гісторыю, з якой звязаны помнік, працаваць з архітэктарам Леанідам Левіным, чалавекам, які перажываў тыя падзеі не з боку, а з сярэдзіны, было вельмі лёгка. Праца заняла прыкладна год. Для мяне гэта быў цікавы досвед не як для скульптара, а як для чалавека».

У парку складзена група са знойдзеных тут ацалелых надмагілляў, а таксама размешчаны мемарыял габрэям з розных еўрапейскіх гарадоў, якія былі расстраляныя ў мінскім гета.

Сёстры Чыжэўскія

Дзе: двор дома па вул.Чыжэўскіх, 40.

Надпіс на помніку: «На гэтым месцы 25 снежня 1943 г. былі павешаны фашыстамі падпольшчыцы Майсеева Надзея Пятроўна, маці і дачка Чыжэўскія – Марыя Паўлаўна і Алена Антонаўна».

Гісторыя стварэння: маці і дачка Чыжэўскія і студэнтка Майсеева рыхтавалі падрыў генеральнага камісара Беларусі Карла фон Готберга. Але ў апошні момант выбухоўку знайшла нацысцкая служба аховы. Больш за месяц Чыжэўскіх і Майсееву катавалі ў гестапа, а потым павесілі ў роднай вёсцы Лошыца. На гэтым месцы і быў пастаўлены помнік – літаральна за брамкай хаты.

Скульптар Валянцін Занковіч стварыў помнік у 1979 годзе, усталявалі яго ў 1981-ым. Дарэчы, Занковіч з'яўляецца аўтарам манументаў «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», «Мінск – горад-герой», «Беларусь партызанская» і інш.

  

  

Канспіратыўная кватэра

Дзе: паркоўка ля дома на вул.Маякоўскага, 15.

Надпіс на помніку: «У гады Вялікай Айчыннай вайны ў доме №35 па вуліцы Маякоўскага размяшчалася канспіратыўная кватэра спецгрупы маёра М.М. Багатага (Багатырова). Александровіч Зінаіда Аляксандраўна, якая пражывала ў гэтым доме, выконвала заданні группы па разведцы. Загінула ў чэрвені 1944 г.»

Гісторыя стварэння: на жаль, знайсці інфармацыю пра аўтара дадзенай кампазіцыі мы не змаглі. Вядома толькі, што памятная дошка з падобным мемарыяльным тэкстам вісела на самім доме, які знеслі некалькі год таму. Гэтым і тлумачыцца дзіўнае размяшчэнне помніка. Тым не менш, калі вы паркуецеся ў раёне Чэрвеньскага рынка, не палянуйцеся знайсці гэты помнік і ціхенька пастаяць каля яго хаця б імгненне. У памяць пра мільёны жыццяў, якія разбурыла і знішчыла Другая Сусветная. 



поделиться