Раён метро “Спартыўная”: 5 страшных і загадкавых месцаў ад даследчыка індзейцаў мая

01.02.2017
Гиды  
 
19

Раён метро “Спартыўная”: 5 страшных і загадкавых месцаў ад даследчыка індзейцаў мая

Загадкавы
CityDog.by працягвае прагулкі па мінскіх раёнах. Сёння страшнае і смешнае пра раён свайго дзяцінства расказвае выкладчык БДУ, даследчык Лацінскай Амерыкі Яўген Красулін.
0
0
0

CityDog.by працягвае прагулкі па мінскіх раёнах. Сёння страшнае і смешнае пра раён свайго дзяцінства расказвае выкладчык БДУ, даследчык Лацінскай Амерыкі Яўген Красулін.

Першыя гады жыцця наш герой правёў на Камуністычнай, у паваенным “генеральскім” доме. З  вокнаў была бачна ці не ўся сучасная Асмалоўка (праўда, смяецца ён, раней гэты раёнчык ніхто так не называў).

– Там, у цэнтры, яшчэ адчуваўся сапраўдны Менск. Напрыклад, мяне вельмі захаплялі масты праз Свіслач. Маці не вітала нашы прагулкі туды, а вось бацька вельмі любіў. Былі два знакавыя масты: Гарбаты, якія цяпер вядзе на Востраў слёз, і стары драўляны дзіравы трамвайны мост. Я памятаю, за ім на ўзгорак падымалася брукаванка вуліцы Кірыла і Мяфодзія. Бацька трымаў нас бліжэй да парэнчаў, бо па цэнтры ўсё ўжо прагніло. Мост быў вельмі стары, і гэта старасць пахла адмыслова. А ўнізе плавалі байдарачнікі, і было вельмі цікава глядзець, як які-небудзь з іх плыве, перакульваецца, лаецца і вылазіць сушыцца. Мне падаецца, Мінску сучаснаму не хапае такіх мастоў, яны былі вельмі атмасферныя. Гэты комплекс – мост і брукаванка за ім – утвараў настрой старога Менска.

На Жудро сям’я пераехала ў 1975-м. Раён на самым краі горада, незабудаваны, малады. Добрыя дэкарацыі для савецкіх фільмаў.

– У канцы 70-х “Беларусьфільм” здымаў тут дэтэктыў, – Яўген паказвае на аддзяленне “Беларусбанка” на скрыжаванні Жудро і Прытыцкага. – Там фігуравала гэта зберкаса.

“О, падпорныя сценкі. Гэта была ў дзяцінстве цудоўная забаўка. Усё, канечне, суправаджалася траўмамі – часам цяжкімі, але не смяротнымі. Пра смяротныя я вам далей раскажу”.

Мы адшукалі той фільм – “Задача з трыма невядомымі”. На касіра завода механікі і оптыкі нападаюць невядомыя, міліцыя пачынае следства, маючы толькі адну ўліку – андатравую шапку... Сюжэт наіўны і поўны азнакаў савецкага, затое ў фільме можна пабачыць зусім новенькую вуліцу Прытыцкага.

Глядзіце пачынаючы з 1:21:30.

Месца №1, таямнічае: Цівалі

– Калі мы тут жылі, то ў ваколіцах яшчэ заставалася тры дамы ад вёскі Цівалі – там, дзе цяпер Лядовы палац. Там можна было яшчэ сарваць па восені яблыкаў.

Пра магілу расстраляных і жывёльны могільнік ля Цівалёў я даведаўся ўжо ў юнацтве, калі хадзіў у Школу юнага гісторыка да Зянона Пазняка. У маім дзяцінстве тэма рэпрэсій не агучвалася. Нешта да нас даходзіла праз песні Высоцкага, але старэйшыя з намі асабліва не дзяліліся. Потым я даведаўся, што брат дзеда ў 30-я гады знік, і дзед яго шукаў да канца жыцця.

Толькі ў падлеткавым веку, калі нам тлумачылі гісторыю ці грамадазнаўства, у нас сталі ўзнікаць пытанні. І вось на Школе юнага гісторыка, а потым ад Святланы Івановай, былой дырэктаркі БТ, я даведаўся, што ў Цівалях быў жывёльны могільнік. І ў 60-я, калі яго сталі ўскрываць, каб пабудаваць новы мікрараён, акрамя костак жывёл знайшлі чалавечыя шкілеты, звязаныя калючым дротам, і прастрэленыя чарапы. Казалі, што гэта чыгуначнікі, якія адмовіліся даваць транспарт для вывазкі высланых у Сібір. Месца магілы вызначыць складана: казалі і на “Ракаўскі кірмаш”, і на вуліцу Берута, і на двары за “Макдональдсам”. Дакументаў пра тое няма, і месца дакладна ніхто не ведае. І не дзіва: было зроблена ўсё, каб гэту памяць знішчыць.

 

Месца №2, роднае: вуліца Жудро

– У маім дзяцінстве фрагментаванасць горада вельмі добра адчувалася. Наш раён канфліктаваў з Харкаўскай. Там, дзе кінатэатр “Аўрора”, рынак, Лядовы палац – гэта была мяжа раёнаў, там мы асабліва не пасвіліся, толькі на Кальварыю лазілі, хоць пра яе расказвалі шмат жахаў. Мы больш развівалі сваю актыўнасць у бок Масюкоўшчыны і Драздоў. Карацей, у маім дзяцінстве тут былі цэлыя бандыцкія раёны.

У якім сэнсе бандыцкія? Хуліганскія?

– Ну так, хуліганскія. На той жа Грушаўцы, нам распавядалі хлопцы, трох міліцыянтаў павесілі. Так што хуліганства было такое... даволі цяжкае.

Ля крам часцяком капейкі трэслі. Як правіла, старэйшыя дзеці лавілі меншых, пара-тройка падыходзіць: капейкі давай. Але, калі я гэтым займаўся, мы рабілі высакародна: бралі толькі тых, хто нашага ўзросту і старэйшы.

– А вы не маглі проста папрасіць капеек, калі вам не хапала?

– А мы і прасілі! Мы ж ніякіх рэпрэсій не прымянялі супраць тых, хто адмаўляўся.

– То бок вы не прымушалі аддаваць?

– Не.

– Шкада... Вось быў бы загаловак: “Выкладчык гістфака БДУ...”

– “...адціскаў дробязь ля крамы”!

Смяёмся.

– У пачатку 90-х ішоў я неяк у гэту краму. Бачу, стаіць група дарожных рабочых і зацята кідае камяні і кавалкі зямлі ў дрэва. Я спыніўся, гляджу, а на дрэве сядзіць папугай. Такі брыдкі, няшчасны, напалоханы!.. Яны ў яго кідаюць, а ён нават ужо не адлятае. Мне тады так спадабалася мэтанакіраванасць нашага народу!

– Тутэйшыя дамы будавалі па эксперыментальнай тэхналогіі. На заводзе адліваўся цэлы пакой, і пасля з іх, як з канструктараў, складаліся дамы. Калі мы ехалі сюды, нас з сястрой вельмі радавала, што тут няма кутоў. Бо кут для дзіцёнка – гэта ж пакаранне. Аказалася, што куты ўсё-такі былі, проста скругленыя.

Наш дом на Жудро – даволі загадкавы. Тут, напрыклад, ёсць пад’езд (не скажу які – тут яшчэ людзям кватэры прадаваць), у якім – дзіўная заканамернасць – хлопцы не выжывалі:  хто патануў, хто ў катастрофе загінуў. Так было ў часы майго юнацтва.

На Камуністычнай такога адчування блізкасці замагільнага свету не было, як на Жудро. Калі мы пераехалі, я пачаў назіраць пахавальныя працэсіі. Мы, дзеці, збягаліся глядзець. Але, з іншага боку, і на вяселлі таксама збягаліся. Вяселле заўсёды было на ўвесь двор. На казырках над пад’ездамі, на ўзроўні другога паверха, размяшчаліся музычныя групы. З усяго раёнчыка збягаліся дзеці. Ім нявесты кідалі цукеркі з гэтага ж казырка.

“Дзяўчынка сімвалізуе шчаслівае савецкае дзяцінства, калі бацькі сыходзілі на працу, павесіўшы дзіцёнку на шыю на доўгім шнурку ключ ад кватэры. Шчаслівыя дзеці гойсалі па вуліцах між транспартам, будоўлямі і маньякамі і распавядалі адно аднаму страшныя гісторыі пра тое, што бандыты фатаграфуюць ключы, што на шыі, робяць па фотаздымках копіі, а потым рабуюць кватэры”.

Таксама ў нас у доме жыла старая бабка, увесь час у хустачцы хадзіла. І такое ўражанне было, што ў яе няма часткі чэрапа. Казалі, што яна была ў партызанах і атрымала раненне. А ў час майго дзяцінства яна была кашатніцай. Нібы цяпер стаіць перад вачыма карцінка, як яна падыходзіць і пытае: “Коціка шэранькага не бачылі?..”

У нас ёсць уяўленне пра савецкі час, нібы ўсё было стабільна і спакойна. Мой першы ўдар па гэтай карціне свету – гэта аповеды бацькі пра трупы, якія ў паваенныя гады пастаянна знаходзілі ў падваротнях таго раёна, што цяпер завецца Асмалоўкай. А другі ўдар быў на Жудро. У суседнім доме №29, насупраць нас, жыў дырэктар мінскай шпалернай фабрыкі. І ў адну з начэй яго ўзарвалі. Прыставілі драбіны – ён жыў на другім паверсе – залезлі і кінулі ў пакой, дзе ён спаў, бомбу. Выбухам, а потым пажарам яго забіла, загінула і ягоная жонка. Хто забіў, не ведаю. Але нас найбольш уразіла, што наша сям’я адзіная ва ўсім доме не прачнулася. Маці перажывала: нас тут выражуць, а мы і не адчуем. Гэта быў 1979 ці 1980 год.

А маці ў дзяцінстве жыла ў камунальнай кватэры побач з Міхайлаўскім скверам. Яна расказвала, што на Свярдлова была крама і ў сярэдзіне 50-х там таксама адбыўся выбух, прычым падарвалі ці не чыноўніка нейкага. Так цікава жыў стабільны Савецкі Саюз.

 

Месца №3, хтанічнае: вуліца Матусевіча

– Кажуць, на скрыжаванні Жудро і Матусевіча цяпер будуюць новыя тэнісныя корты. А раней тут была проста горка, па ёй хадзілі на аўтобус. На ёй таксама стаяла будка гадзіннікавага майстра. Стаяла, пакуль не згарэла. Пасля гэтага тут усё было засыпана старымі цыферблатамі.

Далей па Матусевіча была аўтобусная станцыя: спачатку маленькая, пасля яе пашырылі. Стаяў стацыянарны навес, дыспетчарскі пункт з некалькіх памяшканняў. І, што цудоўна, побач са станцыяй ставілі бочку з півам. Заўжды стаяла чарга да бочкі, а тыя, хто дастаяў, потым ужо ляжалі вакол яе.

Вуліца Матусевіча ператварылася цяпер у моцную артэрыю, а раней была вузкай, паўтары паласы ў кожны бок. І ўсё адно ўхітраліся адбывацца катастрофы. Насупраць аўтобуснай станцыі ў канцы 70-х збілі хлопчыка на ровары. Канечне, усе дзеці збегліся сюды, глядзелі, як ён ляжаў. А над ім стаяў міліцыянт і ўсім вяшчаў пра правілы дарожнага руху.

А раён скрыжавання Матусевіча і Глебкі ў нас чамусьці зваўся Алімпійскімі гарамі. Аднойчы дзяўчынка з нашай кампаніі расказала: там знайшлі чэрап. Які гэта быў жах: каля нашага дома – чэрап!.. Адразу ўзнікла асацыятыўная лінія: чэрап – жах – Алімпійскія горы. Адпаведна гэта потым уплывала і на ўспрыманне алімпіяды.

Хтанічнасць заўжды захапляла мяне ў гэтым раёне. Усе гэтыя аповеды пра чарапы, якія тут знаходзілі...

 

Месца №4, раздольнае: парк 60-годдзя Кастрычніка

– Парк 60-годдзя Кастрычніка паміж вуліцамі Жудро і Сердзіча ў наш час называўся Пустыром і ніяк іначай. Гэта было пустое месца, без дрэваў.

Шмат было негатыву пра гэта поле, бацькам вельмі не падабалася, што мы праз яго ходзім у школу. Расказвалі пра хлопчыка, які вучыўся з маёй сястрой: нібыта нейкія маладзёны на яго натравілі сабаку. Таму нам забаранялі тут хадзіць, маўляў, гэта тое месца, дзе сабак на людзей натраўліваюць! Але я, як заўсёды, спазняўся і таму ўсё адно бег праз Пустыр.

“Тут ёсць адна кропка, з якой мне падавалася ў дзяцінстве, што там, паміж дамамі, павінна быць мора. А цяпер там, дзе было маё гіпатэтычнае мора, хмарачос”. – “Гэта, можа, карабель?” – падказвае фатограф.

Сюды ж, на Пустыр, выкідвалі рознае смецце з кватэр, у асноўным буйнагабарытнае. Такая стыхійная звалка. Ідзеш, бывае, са школы, а тут сафа новая ляжыць, спружынная. Паскакаў на ёй, пайшоў радасны далей. А аднойчы мы з сябрам ішлі са школы дамоў і знайшлі сапраўдны скарб: нехта выкінуў люмінесцэнтныя лямпы, доўгія такія, вельмі небяспечныя. Мы, канечне, не глядзелі ў той час эпапею “Зорныя войны”, але нешта спадзвігла нас узяць гэтыя лямпы ў якасці мячоў і пачаць біцца. Яны так прыгожа разляталіся ад удару!.. Цікава, колькі гадоў жыцця гэта ў нас забрала.

У сярэдзіне 80-х тут зрабілі сцяжынку здароўя. Мы бегалі па ёй на фізкультуры, а таксама калі займаліся турызмам з элементамі рукапашнага бою. Гэта быў час, калі ў Саюзе забаранілі секцыі барацьбы, таму мы займаліся падпольна. Чаму забаранілі? Можа, пабаяліся, што народ будзе падрыхтаваны да сілавога процістаяння.

Тады казалі, што Мінск стаў вельмі спакойным горадам, ніхто не рызыкаваў лезці, асцерагаліся: ці мала з кім сутыкнешся! Секцый сапраўды было вельмі многа. Вялі іх такія, як наш фізкультурнік: якія самі ведалі некалькі прыёмаў і нас навучалі.

Сюды, на Пустыр, узімку вылазілі жыхары ўсяго наваколля: каталіся на лыжах, а дзеці ладзілі спаборніцтвы, хто хутчэй з гары з’едзе. Мы прыходзілі адтуль як снегавікі, памятаю, нас доўга сушылі пасля гэтага. У парку ёсць некалькі горак, адна з іх, з боку Сердзіча і Альшэўскага, у нас лічылася найвышэйшай кропкай горада. Там нават стаяў геадэзічны знак. У канцы 80-х у нас нават была бізнес-ідэя пабудаваць там кавярню ды так яе і назваць: “Найвышэйшая кропка Менска”.

На тую горку збольшага хадзілі хлопцы з Данілы Сердзіча, але і мы. Пра яе таксама ёсць сумная гісторыя: адзін хлопец, наш равеснік, ехаў на лыжах, упаў і наткнуўся на сваю лыжную палку. Гэта палка прабіла яму жывот. Мы былі малыя, але ў нас былі дарослыя разважанні, мы тады з экспертным выглядам казалі, што не трэба было палку з жывата даставаць. Але яе дасталі да прыезду хуткай дапамогі, так ён загінуў.

 

Месца №5, для гульняў і думак: школа №32

– Цярпець не магу школу, але, халера, часта сніцца! – смяецца наш герой. – Раней камень з назвай парка стаяў проста насупраць школьнага ганка. Мне ён заўсёды нагадваў надмагілле. У нас у школе была забаўка: мы гулялі ў кіраўнікоў дзяржаў. Пісалі ганаровыя граматы, надавалі ганаровыя тытулы кшталту “Пачэсны алкаголік 3-га класа”. І потым увесь гэты “архіў” тут закапалі. Некалі я хацеў знайсці і не знайшоў... Так што будзе цікавая знаходка для археолагаў.

Таксама мы з вялікай радасцю гулялі тут у конны бой. Ведаеце, што гэта такое? Адзін чалавек сядае на плечы другому, і яны б’юцца з такой жа парай. Задача – зваліць вершніка: для гэтага трэба абысці ззаду і сцягнуць яго на зямлю. Той, хто ўнізе, нічога не можа рабіць: ні пінацца, ні штурхацца – толькі трымаць сябра на плячах.

У школьныя гады забаўкі – тое, што падсоўвае наваколле. А наваколле падсоўвала будоўлі. Вось дом культуры, мы таксама ўдзельнічалі ў яго пабудове. Бо савецкая сістэма – гэта сістэма, дзе ўсе знаходзяцца не на сваім месцы, і школьнікаў трэба трымаць не за партамі, а на будоўлях – смецце прыбіраць разнастайнае...

Потым нам пабудавалі новую забаўку – ФАЦ: фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Будаваць пачалі ў пачатку 80-х, але рэсурс хутка скончыўся, і будоўлю замарозілі. Яна стаяла без аховы, без агароджы, пакінутая дзецям. Мы гулялі тут у вайнушку. Памятаю, як залазілі на вяршыні сцен – вельмі небяспечна. І адзін хлопец загінуў. Там былі бетонныя пліты, ляжалі на сценах, не ведаю з якой задумай. І канечне, мы бегалі па іх, скакалі ўніз. Крайняя пліта ўрэшце расхісталася, хлопец ступіў на край, яна нахілілася, і ён упаў, а пліта яго зверху накрыла.

Дзяцінства, з аднаго боку, – гэта шчасце, спазнанне свету, а з іншага боку, па правілах бінарных апазіцый, гэта і смерць паблізу ходзіць. І нас тэма смерці ў дзяцінстве займала. Для мяне ўсведамленне смерці было вялікай трагедыяй. Ляжыш уначы, не можаш заснуць, думаеш пра яе: не саскочыш, не абыдзеш, абавязкова прыйдзеш да таго моманту, калі – усё.

Але і цікавасць ёсць: а можа, будзе што-небудзь далей...


І яшчэ крыху...

Колер раёна: я баюся, шэры. Воcь бедны раён на такія праявы.

Пах раёна: о, пах я нават уяўляю які. Пах саляры ад старых “Ікарусаў” на гэтым самым аўтобусным дыспетчарскім пункце. Другі варыянт – пах згнілай бульбы ў крамах. Вось нічога пазітыўнага не прыгадваецца з таго часу!

Смак раёна: маці па святах заўсёды рабіла шакаладны торт. Тады прадаваліся такія польскія наборы: некалькі пакецікаў сумесі для розных каржоў, з сумесі рабілі цеста. Былі корж белы і корж шакаладны. І, здаецца, таксама крэм у наборы. Гэты торт мне вельмі падабаўся.

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото:  CityDog.by, з архіваў Яўгена Красуліна і Таццяны Чаранковай.

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ
01.02.2017
Гиды  
 
19
0
0
0
КОММЕНТАРИИ
ava
Что за бред я сейчас прочитал? До 16 лет жил на Жудро и ничего подобного не наблюдал. Дяде нужно бульварные романы писать. Или сценарии для дешевых ужастиков.
ОТВЕТИТЬ
Дзякуй чарговы раз за гэтую рубрыку! А той урывак з фільма - можна было падумаць што ў галоўнай ролі Робэрт Рэдфард. Але не.
ОТВЕТИТЬ
Будынак на Матусевіча, 20, дзе цяпер напісана "Концертный зал" - гэта былы ДК "Сукно". Традыцыйнае месца збору розных"кангрэсаў беларускай інтэлігенцыі" ў канцы 1990-х - пач. 2000-х.
Вавёрка на фота добра атрымалася... Іх у парку сапраўды многа; часам яны перабягаюць вул. Жудро, зазіраюць у вокны.
ОТВЕТИТЬ
Зазіраюць у вокны? Аааааа. Як бы я жадала каб мне калі-небудзь зазірнула ў вакно. А я ёй: прывітанне, вавёрка! А мы пасябравалі б.
ОТВЕТИТЬ
Тады Вам трэба пераехаць куды-небудзь на першы паверх (Жудро 57, 59, 61...) Вавёрак у парку больш за ўсё насупраць гэтых дамоў :) Між іншага, у двары за Жудро-59 - цікавая "касмічная" лесвіца і графіці. З'явіліся, здаецца, у мінулым чэрвені.
ОТВЕТИТЬ
Интересные субьективные воспоминания, в хорошем смысле. Понравилось про море)
А в целом... дядя тот еще гот в душе!
ОТВЕТИТЬ
ava
В том месте действительно было видно водохранилище в Дроздах (пока деревья не подросли, ну и небоскребы позже) - было и правда похоже на море :)
ОТВЕТИТЬ
Кхе-кхе, 01-02-2017, 13:37
+8 9 1
"Наш раён канфліктаваў з Харкаўскай. Там, дзе кінатэатр “Аўрора”, рынак, Лядовы палац – гэта была мяжа раёнаў, там мы асабліва не пасвіліся, толькі на Кальварыю лазілі, хоць пра яе расказвалі шмат жахаў. Мы больш развівалі сваю актыўнасць у бок Масюкоўшчыны".
Ну ещё бы! Дальше Дуньки не прошли бы. Не говорю уж про Пьянки Мавра с Одоевского. А КЗ - вообще могила, ха-ха.
ОТВЕТИТЬ
ava
Просто скорее всего ваши "до 16 лет" выпали не на те годы, о которых рассказывал автор. А вот у меня воспоминания прям нахлынули :) Действительно из моего детства байки! Спасибо.
ОТВЕТИТЬ
ava
Торт космос ))) я помню )))
ОТВЕТИТЬ
Все мужчины - случайно выжившие мальчики
ОТВЕТИТЬ
Тереза 01-02-2017, 18:40
0 4 4
Какие то девочки, маньяки, ваверки зазираюць у вокна, музыканты играют на козырьках подъездов, рабочие забрасывают камнями, наверное крупными, попугаев на деревьях, чиновников взрывают сонных прямо в постелях. Это Минск? А я тогда где жила в те годы? Кажется, я все пропустила.
ОТВЕТИТЬ
ava
Были музыканты на козырьках подъездов!!! :) Танцевали все соседние дворы :)
А "страшные сказки" про маньяков (раньше то никакого потока новостей не было, только слухи и истории) - они были везде, где есть более-менее крупный парк.
ОТВЕТИТЬ
ava
Трохi блытае змешчанае пад згадкай аб ФАЦы фота ДК Сукно, цi як часцей называюць яго, ДК Кiсялёва. А яшчэ наконт магiльнiка - не ўпэўнены, што быў ён менавiта там, дзе кажа спадар Красулiн, бо на пустыры на ўскрайку сучаснага Цiвалi-парка з боку вулiцы Матусевiча насупраць гуртажыткаў i дагэтуль ёсць могiлкi хатнiх жывёлаў, а ня так яшчэ даўно стаяў вялiзны драўляны крыж. I пра паходжанне гэтага крыжа iснавала некалькi легенд - адная з iх менавiта пра растрэлы. Была яшчэ й такая, што там бандыты пастралялiся ўжо напачатку 90-х, але падаецца, што крыж стаяў i раней.

Ну i мая школа родная, i мая Жудроўка - прыемна гэта пабачыць праз манiтор.
ОТВЕТИТЬ
ava
это точно рассказ про район? или про место кто где погиб или был убит?
ОТВЕТИТЬ
ava
Статья хоть и интересная, но какая-то странная. И, мне кажется, не в эту рубрику. Тут ведь вроде про интересные места района рассказывают, а не страшные истории из детства. И про район сейчас - ни слова. Не вписывается статейка в общую картину. Можно было её отдельно опубликовать, не к этой рубрике. Просто детские воспоминания.
ОТВЕТИТЬ
ava
"У парку ёсць некалькі горак, адна з іх, з боку Сердзіча і Альшэўскага, у нас лічылася найвышэйшай кропкай горада. Там нават стаяў геадэзічны знак. "
Чаму стаяў? Ён і па-сёння стаіць. Гэта і сапраўды найвышэйшая кропка Мінска.
ОТВЕТИТЬ
ava
В этом районе я проживаю с 1973 г. Правда на ул.Бельского Фильм я очень хорошо запомнила т.к. там происходили события в галерейном доме по адресу Бельского 17. Тогда он был построен как экспериментальный дом. И герой фильма шёл через пустырь с Пушкина ,где сейчас Дунина -Мартинкевича. Хорошо помню частный сектор между ул. Одоевского до Жудро. Район Жудро по-сравнению с Я .Мавра, Пономаренко Одоевского лучше. Ближе к Харьковской вообще полная депресуха.Кстати как иавтор я переехала с родителями в этот район в 8-м классе с ул.Пугачёвской (между Комаровкой и ул.Красной
.) .И ездила с пересадками в свою английскую школу №64 2.5 года.
ОТВЕТИТЬ
ava
Вам в "Точку" совсем рядом!
ОТВЕТИТЬ
ЗАЛОГИНЬТЕСЬ ЧЕРЕЗ СОЦСЕТИ
VKONTAKTE
Или комментируйте с помощью капчи
НОВОЕ НА CITYDOG.BY