Што будзе на Vulica Brasil? Поўная праграма

Што будзе на Vulica Brasil? Поўная праграма
У Мінску пачаўся фестываль Vulica Brasil. 34mag.net расказвае, што і дзе паглядзець, хто працуе і што малююць.

У Мінску пачаўся фестываль Vulica Brasil. 34mag.net расказвае, што і дзе паглядзець, хто працуе і што малююць.

У пятнiцу ў Мінску стартуе фестываль бразільска-беларускага урбан-арту Vulica Brasil. Таго самага, які калісьці растапіў стэрэатып аб тым, што легальнае вулічнае мастацтва і Беларусь – рэчы паралельныя. За тры папярэднія эдыцыі было створана ўжо каля двух дзясяткаў мастэрпісаў: ад будынка Нацбанка і амбасады Бразіліі да самага вялікага мурала ў свеце на Кастрычніцкай. 34mag даведаўся ў арганізатараў, дзе сёлета з’явяцца новыя муралы, хто іх малюе і куды далей глядзіць Vulica Brasil.


 

СЁЛЕТА ФЕСТЫВАЛЬ ПРОЙДЗЕ ЎЖО Ў ЧАЦВЁРТЫ РАЗ

Vulica Brasil – штогадовы фестываль урбаністычнага мастацтва, у межах якога бразільскія і беларускія мастакі ўжо не толькі размалёўваюць сцены ў розных лакацыях Мінска, але і ствараюць іншыя арт-аб’екты, якія закладаюць аснову смарт-трансфармацый гарадской прасторы. Пачатак фэсту быў пакладзены ў 2014 годзе апантанасцю і настойлівасцю супрацоўнікоў бразільскай амбасады Мілы Коткі і Данілу Косту, якія ўпэўнілі Мінгарвыканкам упершыню афіцыйна сказаць «так» манументальным мастацкім працам на вуліцах горада. Сёлета фестываль пройдзе ўжо ў чацвёрты раз. Глядзім, якія дадатковыя вымярэнні з’явяцца ў Мінска.

– Першыя фестывалі ўвасаблялі кароткатэрміновыя працэсы. Гэта быў пачатак, нараджэнне, нам важна было пераканаць, што так рабіць можна, пераадолець боязь у мясцовых мастакоў, выйсці ў свет. Тады мы не думалі, што фестываль будзе мець працяг. Гэта быў чэлендж – скарыць гару. А на гары мы ўбачылі, якія гарызонты адкрываюцца перад намі, – гаворыць Міла Котка, прадзюсарка і куратарка фестывалю.

– У другі год мы дадалі івэнтнасці: прыдумалі рабіць закрыццё на Кастрычніцкай вуліцы. Пасля мы зразумелі, што ўплываем таксама і на урбанізм, на людскія плыні, таму задумаліся, як стварыць ідэальную гарадскую прастору. Мы пачалі запрашаць усіх, хто ў гэтым горадзе крупінкамі раскіданы па розных кутках: веласупольнасць, эколагі, птушачкі, расліначкі, крафтавікі – у кожнага ёсць свая ідэя, як зрабіць нешта крутое. Але адно дзеянне губляецца, тады ты ствараеш платформу з грунтам, куды можна проста кідаць семкі і глядзець, што з гэтага атрымаецца.

Чацвёрты год – гэта ўжо план і развіццё гарадской прасторы. Гэта не толькі муралы, гэта ўжо глабальнае мысленне. У красавіку мы запрасілі бразільскага архітэктара Лаўрэнса Жыменэса. Цэлы тыдзень разам з Гошам Заборскім і ініцыятыўнай групай архітэктараў і урбаністаў яны прыдумлялі ідэі для вуліцы Кастрычніцкай. Больш за тое, яны зразумелі, што гэта не вуліца, а паўвостраў з канкрэтнымі абрысамі па Свіслачы. Тут ёсць і канцэртная зала, і студэнты, заводская тэрыторыя, дзе ты нікому не будзеш перашкаджаць, – разнастайная зона. Такое мысленне закладае падмурак на доўгатэрміновае развіццё гэтай тэрыторыі, таму сказаць, што будзе ў гэтым годзе, мне ўжо складана, таму што ў нас планы на пяцігодку. Калі раней гэта быў этап, потым форма, чацвёртым фестывалем, я б сказала, мы запускаем працэсы. І што будзе рэалізавана сёлета – гэта тое, што паспее ў гэтым працэсе атрымацца.

ІДЭАЛЬНЫ ХМАРАЧОС

 

Двухпавярховая архітэктурная абракадабра – «Ідэальны хмарачос» – ужо красуецца на лужку ў канцы Кастрычніцкай. Праект быў прадстаўлены майстэрняй «ШЦ architects» мінулай восенню, але грошы на яго сабралі толькі да лета 2017-га. У выніку ля трамвайнага кальца з’явіўся драўляны каворкінг на адкрытым паветры з электрычнасцю ад сонечных батарэй, памідорамі дажджавога паліву і барнай стойкай. «Адразу мы думалі, што гэта занадта высакамоўная назва, лепш бы яго назваць “Шматфункцыйная шпакоўня”, – кажа Міла. – Але потым мы зразумелі, што гэта ідэал, які маладыя архітэктары ўвасобілі ў публічнай прасторы, – месца, вольнае ад камерцыі. Ты можаш там пасядзець, паляжаць. І ні ў каго не трэба пытаць на гэта дазволу».

МУРАЛЫ

 

 

Dante Horoiwa  
29 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія

Дзе малюе: Цеплаэнергетычны інстытут (тарэц будынка) (вул. Раманаўская Слабада, 5а)

Што малюе: Традыцыйны для многіх культур свету абрад абразання валасоў жанчыне. Мурал малюе пэндзлем і акрылам.

Бразільскі мастак японскага паходжання пачаў сваю мастацкую дзейнасць у 15-гадовым узросце як камерцыйны ілюстратар, але паволі вуліцы Сан-Паўлу прыцягнулі яго да стрыт-арту, дзе ён некаторы час, дарэчы, дзяліў студыю з Імаі Юскам, удзельнікам папярэдняй Vulica Brasil. Апошнія пяць год Данчы жыве адзін у гарах Мінас-Жэрайс пасярод вадаспадаў і ўзгоркаў, удалечыні ад гарадскога шуму і камерцыйнага мастацтва.

Японскія карані граюць вялікую ролю ў мастацтве Араівы, яго муралы – як візуальныя іерогліфы. Ён даследуе станы паміж падсвядомасцю і свядомасцю, паміж самасвядомасцю і светам. «Мне цікава ўвасабляць нябачныя сілы, якія вакол нас, рэчы, якія прыводзяць нас да слепаты і адсутнасці разумення. Яны прымушаюць нас заглушаць інтуіцыю і інстынкты, што дазваляе нам адчуваць сябе досыць камфортна. Гэтыя рэчы дазваляюць нам забыць пра нашы недахопы, але і пажыраюць унутраныя сілы, неабходныя, каб расці далей».

Яго працы выстаўляліся ў Бразіліі, Нідэрландах, Аўстраліі, ЗША. Апошні мурал ён маляваў 8 гадоў таму.

 

Dedablio
30 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія

Дзе малюе: Культ.цэнтр «Корпус» (пр-т Машэрава, 9)

Што малюе: Абстрактныя рознакаляровыя выявы людзей.

Дыегу Дэдабліу пачаў маляваць ва ўзросце 15 гадоў на вуліцах роднага горада Татуй, у штаце Сан-Паўлу. На творчасць мастака моцна ўплывае афрабразільская народная культура з віхрам колераў, этнічных матываў, падобных да сучаснага наскальнага роспісу. У сваіх працах і матэрыялах Дыегу спалучае традыцыі з паўсядзённай глабалізацыяй, а развінанне колераў і ліній падпарадкоўвае музычнай метрыцы, будуючы кампазіцыю быццам па нотах.

Яго муралы красуюцца на сценах Амстэрдама, Сан-Паўлу, у Аргенціне, на чарзе – Мінск, дзе мастак увасобіць на «Корпусе» пачутую мелодыю горада, па ходзе прыдумляючы вайб малюнка.

 

Zeh Palito
30 гадоў, Лімейра, Бразілія

Дзе малюе: Будынак абутковай фабрыкі «Луч» (вул. Кальварыйская, 18)

Што малюе: Прыродную кампазіцыю з раслінамі, вазай і якой-небудзь птушачкай.

Данілу Сільва aka Zéh Palito малюе графіці з 2001 года. Яго лёгка пазнаць па стылі: муралы Зэ Паліту стракацяць жывёламі, раслінамі, людзьмі, колерамі, якія сплятаюцца ў цэласную сэнсавую адзінку. Ён шмат падарожнічае і вельмі цікавіцца антрапалогіяй, таму перад стварэннем кожнага мурала занураецца ў мясцовае жыццё, даследуе мясцовую флору і фауну, а пасля праз кветкі і сюррэалізм выдае сацыяльныя мэсэджы, важныя для наваколля. Жывёлы, людзі і прырода зліваюцца ў яго ў адзінае цэлае, каб паказаць, што ўсе мы роўныя ў жыццёвым цыкле. «Я стараюся дзяліцца сучаснай візуальнай міфалогіяй праз тэмы містыкі і метраполіі. Ствараць дыялог паміж людзьмі, жывёламі, прыродай і будучыняй, выкарыстоўваючы мову яркіх кветак, арганічных і геаметрычных форм, абстрактных ліній, экзотыкі і летуценнага настрою».

Яго працы прадстаўлены ў Аргенціне, Бельгіі, Паўднёвай Карэі, Чылі, Іспаніі, ЗША, Егіпце, Польшчы, Малайзіі, Тайландзе, В'етнаме, Замбіі. У Сан-Паўлу ён размаляваў офіс Facebook.

Міла: Мы хацелі аддаць Зэ Паліту велізарны мурал на Даўмана. Але праблема гэтага года не тое, што сканчаюцца сцены, а тое, што ў горадзе з'явілася шмат рэкламы, і яна павялічваецца. Сцены, на якіх патэнцыйна можна было б намаляваць, альбо здадзены пад рэкламу, альбо чакаюць, калі пад яе здадуцца. У выпадку з Даўмана перамагла рэклама.

Ты ўжо нават фільм не здымеш, каб у «Фоташопе» не замазваць білборды. Я не маю нічога супраць рэкламы, я маю супраць яе лішкаў і нізкай якасці. Трэба прыдумляць кампаніі, якія рэкламавалі б, напрыклад, космас, мікрафлору, свядомасць. Чаму толькі goods?

У гэтым годзе мы хочам зрабіць замах на білборды і размаляваць некалькі шчытоў балончыкам. Мы б хацелі паказаць, што гэта таксама палотны і класныя месцы для мастацтва. Раз ужо такія дуры стаяць у горадзе, трэба неяк іх выкарыстоўваць. Мы паспрабуем. Хоць бы адзін. Ці тры.

 

Ramon Martins
36 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія

Дзе малюе: Корпус МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая, 19/5)

Што малюе: Працягне свой грамадны мурал з жывёламі і партрэтам жанчыны.

Гэты вар’ят прыязджаў летась на Vulica Brasil. Напэўна, вы бачылі яго агромністую псіхадэлічную сцяну з выявамі зубра, пеўня, жорава і аленя? Гэты мастэрпіс яшчэ зафіксаваны як самы вялікі мурал у свеце, зроблены адным мастаком. Дык вось, гэты вар’ят вяртаецца! Побач з масівам завода ўзвышаецца шматпавярховік, якім і спакусіўся Рамон – там ён, верагодна, намалюе партрэт. Яго рэкорд ужо спрабуюць пабіць, таму ён вырашыў вярнуцца і канчаткова абазначыць, хто тут найкруцейшы.

Рамон Марцінс нарадзіўся ў Сан-Паўлу, але вырас у вёсцы разам з бабуляй. Праз пастаянныя пераезды ягоная творчасць – гэта неверагодны мікс тэхнік і візуальнай мовы з усяго свету: дзікая трапічная прырода, арганічныя дэкаратыўныя эскізы, матывы бразільскага барока, гарадская вулічная культура, азіяцкая антычная традыцыя, поп-культура і контркультура, масавая адзінота і ананімныя партрэты – ці можна сабе ўявіць гэта?

У 2005-м Рамон атрымаў ступень бакалаўра выяўленчых мастацтваў у Guinard School of Art у Белу-Арызонці ды адразу там дэбютаваў у галерэі сучаснага мастацтва Léo Bahia Arte Contemporanea. У 2009-м Рамона запрасілі на ротэрдамскі R.U.A Festival, у межах якога ён стварыў шыкоўны мурал Love Spreads. Затым ён браў удзел у сан-паўлаўскай выставе De Dentro Para Fora De Fora Para Dentro, якую, паводле падлікаў куратараў, наведалі 140 тысяч чалавек за 10 тыдняў. Ягоныя працы можна знайсці ў Музеі сучаснага мастацтва ў Рыа-дэ-Жанэйра і Музеі мастацтва ў Сан-Паўлу, а таксама на сценах Бразіліі ды Еўропы.

 

L7M
28 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія

Дзе малюе: Будынак Belavia (вул. Няміга, 12)

Што малюе: Экзатычную птушку.

Стрыт-арт-арнітолаг Луіс Марцінс aka L7M таксама вяртаецца ў Мінск, каб намаляваць яшчэ адну птушку на будынку Belavia на рагу Нямігі і Раманаўскай Слабады (побач з «Макдональдсам»). Хоць ён часам малюе чалавечыя твары і медуз, усё-такі птушкі – гэта яго тэма. Ён атаясамлівае іх са свабодай, з ладам жыцця мастака, які таксама лётае з краіны ў краіну. Зараз у Менску намаляваныя калібры і вяртлявая чаротаўка. Мясцовыя просяць намаляваць яго бусла ці іншую лакальную птушку. Але Луіс кажа, што ў тым і справа, што птушкі лётаюць, дзе хочуць, таму класна намаляваць тут экзатычную птушку, якую вы ў жыцці не бачылі, а яна выпадкова заляцела да вас. Бо гэта разнастайнасць і іншы свет.

Балончык з фарбай Луіс узяў у рукі яшчэ ў 13-гадовым узросце, пасля вывучаў мноства тэхнік малявання і ў выніку прыйшоў да міксаванага стылю з выкарыстаннем кітайскай тушы, латэксу, пастэлі і акрылу. Аднойчы фарбай яму служыла нават «Кока-кола»!

Першым натхненнем для Луіса быў авангардны прамянiзм. На сваіх вулічных палотнах мастак камбінуе абстрактныя геаметрычныя формы з галаваломкай адценняў – і ўсё гэта на фоне выяваў крылатых сяброў. Луіс востра перажывае дысгармонію навакольнага асяроддзя, таму ягоныя карціны – гэта складана пабудаваны хаос у элегантнай падачы. У яго стылёвая фішка харчавання: ён не вегетарыянец, але не есць менавіта мяса птушак.

Міла: Калі працягнуць Кастрычніцкую праз «Дынама» ў Гарадскі Вал, Раманаўскую Слабаду і Кальварыйскую, то муралы выстройваюцца ў адну лінію. Там ужо ёсць Finok, Toes, з'явіцца Horoiwa, Zeh Palito, L7M. На будучыню: там адкрываецца трэцяя лінія метро з перасадачнай «Фрунзенскай». Як раз да адкрыцця рыхтуемся.

Rimon Guimaraes  
29 гадоў, Курыціба, Бразілія

Дзе малюе: Ніжне-Ляхаўскі мост (вул. Кастрычніцкая)

Што малюе: Дыялог колераў – зборны вобраз усіх культур.

Рымон маляваў у Мінску ў 2015 годзе, гэта яго загадкавая жанчына красуецца на жылым будынку на Калініна. Сёлета мастаку даручана ўпрыгожыць уваход на Кастрычніцкую – мост ля «Дынама». Як гэта будзе – нам самім цікава. Замест пад’ёмнікаў, напэўна, давядзецца прыгнаць лодку ці катамаран.

Працы Рымона насычаны касмапалітычным духам, ён шмат спадарожнічае і таксама ўгрызаецца ў мясцовую культуру. Калі піва – то толькі локал, калі адзенне – то толькі з мясцовай тканіны. У творчасці ён спалучае розныя спосабы самавыяўлення: дызайн, відэа, выяўленчае мастацтва, скульптура.

Гарадскі стрэс і незадавальненне тым, што адбываецца ў свеце, падахвочваюць мастака выступаць супраць палітыкі капіталізму і масавай рэкламы. Калі Рымон стварае працы ў гарадской прасторы, ён кіруецца мэтай выцягнуць людзей з камфортнай і манатоннай штодзённасці і прымусіць іх зірнуць на вуліцу як на месца, дзе можна абменьвацца жыццёвым досведам, а не проста кудысьці спяшацца.

Рымон удзельнічаў у шэрагу калектыўных выстаў у Бразіліі, а з 2005 года праводзіць персанальныя выставы ў Сан-Паўлу, Порту-Алегры, Белу-Арызонці (Бразілія), Антверпене (Бельгія), Буэнас-Айрэсе (Аргентына), Амстэрдаме (Нідэрланды), Турыне (Італія), Цюрыху (Швейцарыя), Куала-Лумпуры (Малайзiя).

Дарэчы, ён таксама музыкант, таму чакайце яго выступ, а дакладней калабарацыю з беларускімі музыкамі на закрыцці фестывалю.

 

Сяргей Кірушчанка
66 гадоў, Мінск, Беларусь

Дзе малюе: Будынак МЗКР (вул. Кастрычніцкая, 16)

Што малюе: Дакладна геаметрычную абстракцыю, пакуль загадка – якога колеру.

Класік беларускага мастацтва ажыццявіць так званае «рукапацісканне пакаленняў»: разбавіць эмацыйна-фігуратыўны арт Кастрычніцкай сур’ёзнымі, фундаментальнымі абстракцыямі, да якіх прыходзіць мастак, калі ў ім прачынаецца філосаф. Рашотка Кірушчанкі з’явіцца на будынку, які «навісае» над барам «Хуліган», а потым яшчэ і займее канцэптуальны навес.

Сяргей Кірушчанка ўпершыню стаў вядомы як удзельнік суполкі «Няміга-17» – аб’яднання мастакоў, якія ўскалыхнулі арт-кам’юніці познесавецкага Мінска, калі арганізавалі выставу наўпрост у сваёй майстэрні на 17-м паверсе дома на Нямізе. На працягу 40-гадовай творчай дзейнасці Сяргей паглыбляецца то ў архаічнае мастацтва і кубісцкі пейзаж, то ў абстрактныя формы, лэнд-арт і канцэптуалізм. Але самыя пазнавальныя працы Кірушчанкі – гэта, канечне, выявы з рашоткай. Ён гуляецца з ёй і ў галерэйных прасторах, і выходзіць на вуліцу: дарэчы, першы мурал на Кастрычніцкай намаляваў менавіта ён. Акрамя плоскасцей ён працуе са скульптурай, шаўкаграфіяй, фатаграфіяй, відэа, лэнд- і паблік-артам.

У 1977 годзе Кірушчанка скончыў Мастацкі інстытут у Мінску. З 1983-га член Саюза мастакоў Беларусі. У 2014-м разам з Аляксеем Барысёнкам і Сяргеем Шабохіным заснаваў сайт-архіватар сучаснага беларускага мастацтва KALEKTAR.

 Міця Післяк
35 гадоў, Мінск, Беларусь

Дзе малюе: Офісны будынак (вул. Чыгуначная, 31/1)

Што малюе: Пакуль невядома.

Беларускі стрыт-артыст. Вядомы па рэпрадукцыі карціны беларускага мастака Івана Хруцкага «Партрэт жанчыны з кветкамі і садавіной» на Карла Маркса, якую ён самастойна ўзгадніў з уладай. А таксама графічнымі выявамі «Сабакі ў пад’ездзе», «Кавярні ў сцяне», касмічным роспісам студыі Sette і вайбераўскімі стыкерамі з пандай FSP.

Міцеў стрыт-арт часцяком нагадвае аловачны скетч, але з вялікай ступенню дэталізацыі і нязменна добрым настроем – ці то касмічная прастора за плячыма яго брата, ці то трус, які запрашае накаціць вінца.

 

СКУЛЬПТУРЫ

Творчая майстэрня «ЭХО»  

Дзе ствараюць: Будучы культурны кластэр «Белгазпрамбанка» (вул. Кастрычніцкая, 16)

Што ствараюць: Плеценыя з лазы прыродныя трубы, якія аплятуць заводскі будынак.

«Эхо» – гэта творчы дуэт Паліны Піраговай і Васіля Цімашова. Яны робяць як невялікія прадметы інтэр’ера, так і масіўныя лэнд-арт-скульптуры. Але нязменным застаецца прыродная форма, якую яны надаюць кожнай працы. Сюррэалістычныя, быццам нябачныя істоты, якія заўжды жывуць побач з намі, іх скульптуры робяць грунтоўны ўнёсак у развіццё сучаснага дэкаратыўнага мастацтва Беларусі.

На Vulica Brasil яны аплятуць будынак МЗКР трубамі-каранямі, якія, прарываючы асфальт, будуць несці энергію зямлі ў будынак, зараджаючы яго жыццём. На ніжніх элементах скульптуры можна будзе сядзець.

Bazinato  
35 гадоў, Маладзечна, Беларусь

Дзе стварае: Тратуар на вуліцы Кастрычніцкай побач з «ЦЭХам».

Што стварае: Скульптуру «вялікай істоты» з рэчавым кросінгам.

Мастак, дызайнер, выкладчык «Дзіцячых творчых майстэрняў» у галерэі «Ў». Найважнейшая тэма яго творчасці – экалогія. Часцяком ягоныя арт-аб’екты зроблены з выкарыстаннем другасных матэрыялаў і спалучаюць мастацкае ўвасабленне з біяморфнымі формамі. Базыль бачыць невідочныя структуры, якія для яго настолькі выразныя, што не застаецца іншага выбару, як надаць гэтаму фізічную форму.

Апроч удзелу ў персанальных і групавых выставах, Bazinato займаецца стрыт-артам, рабіў інсталяцыі ў межах першай і трэцяй Vulica Brazil. Пачаў засяляць горад зверанаўтамі – заступнікамі зямлі, якія вучаць людзей, як ладзіць з навакольнай рэчаіснасцю. Сёлета ён увасобіць наступную істоту ў выглядзе скульптуры з нішай у грудзях, праз якую можна будзе абменьвацца рознымі артэфактамі. «Я ствараю сімбіёз бактэрыі, чалавека і расліны. Новую структуру, новае цела, новыя функцыі. Бактэрыі ўмеюць знаходзіць чужыя часцінкі ДНК і ўбудоўваць іх у сябе для паляпшэння сваіх магчымасцей. Расліны валодаюць неверагоднай здольнасцю ператвараць сонечную энергію ў энергію росту і развіцця. У чалавека найскладанейшы мозг, супастаўны па складанасці з будовай сусвету. Сумеснае зліццё бактэрыі, чалавека і расліны адкрывае неверагодныя магчымасці для пазнання сувязяў і працэсаў, якія адбываюцца ў сусвеце».

Cowek
32 гады, Ліда/Мінск, Беларусь

Дзе стварае: Дзесьці на Кастрычніцкай

Што стварае: Камень-валун з чалавечым тварам.

Пакуль над старадаўнім муралам Ковека вырастаюць леташнія зялёныя пасадкі, Жэня вырашыў паспрабаваць сябе ў скульптуры. Сёлета ён зоймецца фармаваннем каменя-валуна ў чалавечы рост, пад якім, як пад грыбам з мульціка, можна будзе схавацца ад непагадзі. Плануецца, што гэты грыбок стане татэмам фестывалю.

Тэматыка прац Жэні караніцца ў старажытнай беларускай міфалогіі, народных казках, у прыродных матывах і вобразах. Ён шукае ўзаемасувязь шэрага гарадскога урбанізму з жывой энергетыкай прыроды. На жаль, горад як самастойны арганізм ужо выходзіць за свае межы, тым самым пачынае запаўняць і кранаць святое – прыроду.

Cowek – адзін з заснавальнікаў часопіса-альманаха «Сігнал», які асвятляе дзейнасць вулічнага мастацтва ў Беларусі. Сталы рэзідэнт Vulica Brasil: браў удзелы ва ўсіх фестывалях, працягне і ў гэтым. Таксама маляваў на стрыт-арт-фэсце MustAct у Магiлёве, Гомелi, Гродна, Баранавічах і Рагачове. Ягоныя працы ёсць у Варшаве i Гданьску, Вільнюсе, Санкт-Пецярбургу і Ярэмчы.

HutkaSmachna
35 гадоў, Мінск, Беларусь

Дзе робяць: Непрыкметная будка з боку паркінга ля ENZO

Што робяць: Вешаюць на яе свае знакамітыя люстэркі.

Андрэй Бусел разам з Сяргеем Краўчанкам і Тарасам Пашчанкам летась замуціў праект HutkaSmachna. Арт-бунтары ўжо развешвалі на Пуліхава чырвоныя парасоны, упрыгожвалі чаротам масток паміж Лошыцай і Серабранкай, вешалі люстэркі на Інтэрнацыянальнай, Маркса, Смаленскай. Зараз дададуць фантомнасці і на Кастрычніцкую. «Гэта быццам дзяліцца з горадам часткай свайго інтэр'ера, які ты любіш, доўга даводзіў да ладу, усе свае ўяўленні аб эстэтыцы ў яго ўклаў, а потым вынес любімае крэсла на гарадскую набярэжную, таму што там яно неабходна. А потым аказваецца, што ў ім не супраць пасядзець і мінак, а вось хтосьці яшчэ валачэ крэсла і ставіць яго побач – і казённасць месца прападае, і горад становіцца наш: бо мы яго не арандуем, мы ў ім жывём».

Даша Бубен
34 гады, Гомель/Мінск/Варшава, Беларусь/Польшча

Дзе робіць: Ля будынка МЗКР на Кастрычніцкай і ў дворыку «Лаўкі»

Што робіць: Пераздыме лепшых супрацоўнікаў завода на дошцы гонару ў фэшн-стылі, а таксама створыць галерэю адной фатаграфіі.

Даша Бубен – беларуская фатографка і мастачка, вучылася ў мінскай Акадэміі мастацтваў і варшаўскай Акадэміі фатаграфіі, доўгі час рабіла фота для рэкламных праектаў, працавала фотарэдактаркай у часопісе «Таймер».

Для Vulica Brasil Даша запросіць лепшых супрацоўнікаў МЗКР на модную фотасесію і абновіць гэты трахец пашпартны стыль дошкі гонару. А таксама зробіць дзе-небудзь у дворыку «Лаўкі» галерэю адной фатаграфіі, экспазіцыя якой будзе мяняцца раз у некалькі месяцаў.

ШТО ЯШЧЭ?

Архітэктура

У канцы жніўня зноў прыедзе бразільскі архітэктар Лаўрэнса Жыменэс, які 28 жніўня правядзе воркшоп «Зялёныя кварталы ў горадзе: жыццё сярод будынкаў», а на наступны дзень сустрэнецца з архітэктарамі і урбаністамі Мінска, каб абмеркаваць далейшы план футурыстычнай мутацыі горада.

 Кіно  

Падчас фестывалю таксама прывязуць кінастужку Street River разам з яе рэжысёрамі і героямі. Фільм пра тое, як 10 мастакоў прыехалі ў амазонскія плямёны і замуцілі там арт-галерэю на хацінах туземцаў. У мясцовых жыхароў няма базавых чалавечых даброт: чыстай вады, санітарыі, медыцынскіх устаноў, школ, электрычнасці – да чаго мастакі і прыцягваюць увагу. Паказ і сустрэча са стваральнікамі праекта пройдзе 30 жніўня ў «Корпусе».

Эка  

Сёлета эколагі працягваюць удасканальваць свае інтэрвенцыі на Кастрычніцкай. Да парклета ля Moby Dick яны прысабачаць сонечныя панэлі, якія дазволяць зараджаць да чатырох дэвайсаў адначасова, а таксама падсілкуюць бліжэйшы ліхтар. Яшчэ абновяць расліны ў кантэйнерах над стрыт-артам Ковэка. Нагадваем: летась Юля Стратовіч і Moss Town Studio азелянілі верхавіну мурала, але частка раслін з-за маразоў памерла. У планах эколагаў таксама зрабіць два клумбапарклета: адзін перад КЗ «Мінск», другі – пад лоджыяй за паркінгам «Данарыта». Ну і нарэшце арганізаваць раздзельны збор смецця на Кастрычніцкай.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото: 34mag.net.

поделиться