Будка з нечаканымі малюнкамі з’явілася на Кастрычніцкай. Што за яна?

Будка з нечаканымі малюнкамі з’явілася на Кастрычніцкай. Што за яна?
На Кастрычніцкай з’явілася незвычайная будка: яна згадвае вымерлых жывёл і заклікае беларусаў не ўваходзіць у іх лік. Даведаліся, навошта яна там стаіць.

На Кастрычніцкай з’явілася незвычайная будка: яна згадвае вымерлых жывёл і заклікае беларусаў не ўваходзіць у іх лік. Даведаліся, навошта яна там стаіць.

Як выглядае будка на Кастрычніцкай?

Па адрасе Кастрычніцкая, 16 з’явіўся цікавы аб’ект. На ўваходзе ў будку вісіць шыльда «Неза-будка». Два бакі змяшчаюць выявы маманта і птушкі Додо з кароткімі звесткамі пра вымерлых жывёл.

На трэцім баку намаляваны «Беларусы незвычайныя». Адзначана, што яны «знаходзяцца пад пагрозай знікнення праз інтэнсіўныя інтэграцыйныя працэсы».

Хто і навошта паставіў будку?

Будка належыць Беларускай партыі «Зялёныя» і ўздымае пытанне інтэграцыі нашай краіны з Расіяй. Яе ўсталявалі ў межах пікета партыі падчас выбарчай кампаніі.

– Ніхто не ведае, што адбудзецца 8 снежня (у гэты дзень прэзідэнты Беларусі і Расіі плануюць зацвердзіць план інтэграцыі краін. – Рэд.), – кажа CityDog.by прадстаўніца моладзевага крыла Беларускай партыі «Зялёныя» Вераніка Яновіч. – Гледзячы на паводзіны Расіі, магчыма, што, калі дамову аб паглыбленні інтэграцыі падпішуць, гэта стане апошняй кропкай для незалежнасці Беларусі.

Будка мае мэту прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Узаемадзейнічаць з ёй прапануюць у двух напрамках. Па-першае, побач з будкай можна рабіць фотаздымкі, а потым посціць іх у сацсетках, каб распаўсюджваць інфармацыю. Па-другое, там можна пакінуць свой подпіс.

– Мы збіраем подпісы пад зваротам у Савет Міністраў, каб дамовы аб паглыбленай інтэграцыі паміж Расіяй і Беларуссю сталі адкрытымі і людзі бачылі, аб чым там дамаўляюцца, – расказала Вераніка Яновіч. – Дакументы, якія зараз распрацоўваюцца, ніхто не бачыў, і на пытанні ніякіх адказаў не даюць.

Акрамя таго, у звароце мы таксама патрабуем, каб перамовы наконт інтэграцыі перасталі весціся і быў сабраны рэферэндум для агульнага абмеркавання гэтага пытання. Нам здаецца, што гэта тычыцца не толькі кіраўнікоў краіны, а ўсіх грамадзян Беларусі, і яны павінны ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

Будка будзе стаяць сёння, 15 лістапада, да 7 гадзін вечара, а потым знікне.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: Ірына Сухій.

поделиться