Мастак і куратар Міхаіл Гулін распачынае цыкл лекцыяў па гісторыі мастацтва ХХ–ХХІ ст.
Штопанядзелак а 19:00 у прасторы ЦЭХ ён будзе расказваць пра тых асобаў і тыя з’явы, якія пакінулі важны адбітак у мастацтве ХХ стагоддзя і сучаснасці, паўплывалі на прафесійнае станаўленне Гуліна, уразілі і працягваюць уражваць.
Мастацтва сёння часта патрабуе медыяцыі ды інтэрпрэтацыі, мы не заўжды маем час на чытанне спецыялізаванай літаратуры, а, прыходзячы ў галерэю, здараецца, і губляемся. Наўрад ці хто можа дапамагчы разабрацца ў тэме так, як адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускага сучаснага арту.
Міхаіл Гулін вядомы сваёй разнастайнаю практыкай, у якой удала спалучаецца дасціпны поп-культурны жывапіс, акцыянізм з выразным сацыяльным кампанентам і куратарства. Аўтар лекцыяў выстаўляецца ў Беларусі, мае багата прафесійных кантактаў па-за межамі краіны, курыруе міжнародныя экспазіцыі. Вымушаны перапыніць сваю выкладчыцкую дзейнасць у 2012 годзе, пасля акцыі «Персанальны манумент», ён працягвае ўдзельнічаць у адукацыйных праектах і творча супрацоўнічае з маладзейшым пакаленнем мастачак і мастакоў. Адзін з апошніх прыкладаў – удзел у якасці т’ютара ў Школе мастацкага жэсту (Artbat FEST, Алматы) і праграме «10 майстэрняў», арганізаванай Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» у 2016 годзе.
Наступныя лекцыі адбудуцца 27 сакавіка і 3 красавіка.
У чацвертай лекцыі Міхаіла Гуліна пойдзе гутарка пра мастацтва акцыянізму. Цэнтральнаю фігурай аповеду зробіцца Алег Кулік, вядомы расійскі мастак, з імем якога звязанае станаўленне такой значнай з’явы ў мастацтве Усходняй Еўропы, як Маскоўскі акцыянізм. Будуць прыгаданыя іншыя знакавыя асобы і мастацкія групы. Не абыдзецца без паралеляў з перфарматыўнымі практыкамі Беларусі.