Куды пайсці ў выхадныя 15–17 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 15–17 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
CityDog.io сабраў цікавыя мерапрыемствы, у якіх вы можаце прыняць удзел на гэтых выхадных. Выбірайце ў залежнасці ад горада, дзе жывяце ці куды можаце паехаць.

CityDog.io сабраў цікавыя мерапрыемствы, у якіх вы можаце прыняць удзел на гэтых выхадных. Выбірайце ў залежнасці ад горада, дзе жывяце ці куды можаце паехаць.

МІНСК

Пятніца: завітайце на масленічную вечарыну «На моры вутка купалася»

15 сакавіка, 18:30.

Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13).

Білеты: 8 руб. – на музычную праграму, 5 руб. – на майстар-клас.

У Музеі гісторыі беларускай літаратуры пройдзе масленічная вечарына са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам «На моры вутка купалася». Запрашаюць вясну гукаць ды Масленку святкаваць, танчыць ды спяваць.

Таксама будзе майстар-клас па вырабе пластылінавых птушачак, бо здаўна стварэнне птушкі сваімі рукамі з паперы, саломы ці дрэва лічылася сімвалам вясны і хуткага яе прыходу.

На майстар-клас запісвайцеся па нумары +375 17 363 56 21. На спевы ды танцы проста прыходзьце.

Пятніца–нядзеля: запішыцеся на майстар-клас па рамёствах

15–17 сакавіка.

Мастацкая галерэя «Цэнтр» (вул. Гікалы, 4 – будынак Пушкінскай бібліятэкі).

Запіс: па тэл. +375 17 377 40 91 або праз дырэкт.

Напрыканцы тыдня ў галерэі «Цэнтр» ладзяць майстар-класы для дзяцей і дарослых.

15 сакавіка ў 17:30 мастацтвазнаўца і дасведчаная майстрыня выцінанкі Таццяна Марквец пакажа і навучыць, як зрабіць выцінанку з велікоднымі матывамі. Кошт – 15 руб. Узрост – 10+.

16 сакавіка ў 14:00 мастачка Кацярына Цешка прадэманструе спосабы дэкаравання фанерных загатовак. Кожны ўдзельнік забярэ з сабой уласнаручна распісаную кветку (брошку або магніт, на выбар). Кошт – 15 руб. Узрост – 6+.

17 сакавіка ў 12:00 з архітэктаркай і выкладчыцай Ірынай Парахневіч удзельнікі будуць ствараць брошку-мак з лямцу ў тэхніцы мокрага валяння.

Субота: схадзіце на майстар-клас па беларускай народнай вышыўцы

16 сакавіка, 14:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Кошт: 15 руб. (запіс па тэл.: +375 17 270 17 02).

У суботу ў музеі Якуба Коласа пройдзе майстар-клас Галіны Рудніцкай па беларускай народнай вышыўцы. Падчас занятку вы даведаецеся шмат цікавага пра беларускую вышыўку, яе значэнне і сімволіку, а таксама засвоіце асноўныя ўзоры і павышываеце ў асалоду.

Галіна Рудніцкая – народная майстрыха Беларусі, даследчыца беларускай традыцыйнай вышыўкі, аўтарка шматлікіх дапаможнікаў па гісторыі і майстэрстве вышывання.

Субота: паглядзіце спектакль «Дзяўчынка і варона»

16 сакавіка, 17:00.

Лошыцкі маёнтак у Лошыцкім парку.

Білеты: замаўляйце па тэл. +375 17 396 18 86 альбо праз дырэкт.

У суботу народны тэатр «На Доўгім Бродзе» іграе ў Лошыцкім маёнтку спектакль «Дзяўчынка і варона». Вы станеце сведкамі незвычайнага дыялогу дзяўчынкі Луізы і Вароны.

Мама Луізы, археалагіня, рызыкуючы жыццём, падняла з Міжземнага мора старажытную амфару з сямю зернямі шчасця часоў Аменхатэпа, прадстаўніка XVII дынастыі старажытнаегіпецкіх фараонаў. На атрыманыя грошы яна хацела вылечыць сваю дачку, якая пасля няўдалага скачка не магла хадзіць. Ці атрымалася ў яе, даведаецеся на спектаклі.

Усе выхадныя: абнавіце гардэроб на распродажы

15–17 сакавіка.

Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

Барахолка KaliLaska працуе цэлы тыдзень, але менавіта на гэтых выхадных пройдзе вялікі распродаж рэчаў са скідкамі 50%.

Забягайце за адзеннем, абуткам, тэкстылем і дэкорам для дома, кнігамі, аксесуарамі і іншым.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Глыбіня звонку / глыбіня ўнутры»

Да 26 сакавіка.

Грузінскі дом (вул. Куйбышава, 48).

У Грузінскім доме працуе выстава «Глыбіня звонку / глыбіня ўнутры». На экспазіцыі сабраны творы 16 беларускіх мастачак, якіх аб’ядноўвае імкненне глыбокага спасціжэння свету і сябе ў ім. У кожнай – свая тэма і мастацкая мова.

Тут вы ўбачыце працы ў розных жарнах: жывапіс, фатаграфія, тэкстыльнае мастацтва, арт-аб’ект, інсталяцыя.

РАЎБІЧЫ

Усе выхадныя: з’ездзіце на выставу Апалінарыя Пупко «Я беларус»

Да 28 красавіка.

Музей беларускага народнага мастацтва (Раўбічы, Мінскі раён).

У Раўбіцкім музеі беларускага народнага мастацтва працуе выстава разьбяра па дрэве, мастака-жывапісца і графіка, народнага майстра Апалінарыя Пупко «Я беларус».

Майстар нарадзіўся ў 1893 годзе ў мястэчку Івянец, здаўна праслаўленым сваімі майстрамі: ганчарамі, ткачыхамі, чырванадрэўшчыкамі.

На выставе можна пабачыць разьбяныя драўляныя скульптуры, створаныя ў другой палове ХХ стагоддзя, з фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.

ВІЦЕБСК

Усе выхадныя: схадзіце на выставу графіці-палотнаў Глеба Каштанава

Да 21 красавіка.

Арт-прастора «Талстога, 7» (вул. Талстога, 7).

У арт-прасторы «Талстога, 7» адкрылася выстава графіці-палотнаў Глеба Каштанава «Пэндзлі, фарбы, два палотны».

Мастак кажа: «Мае графіці-палотны – гэта эксперыментальная экспазіцыія, сінтэзаваная з некалькіх напрамкаў мастацтва. Работы сумяшчаюць у сабе тэхніку графіці і станковага жывапісу з элементамі коміксаў і дапоўненай рэальнасці ў некаторых экспанатах.

Тут сумяшчаецца вулічная культура з класічным галерэйным фарматам і новымі тэхналагічнымі фішкамі, дасяжнымі гледачу з дапамогай звычайнага смартфона без спецыяльных дадаткаў».

ГРОДНА

Усе выхадныя: схадзіце на фотавыставу Надзеі Свянціцкай «Фатаграфія як мастацтва»

Да 31 сакавіка.

Выставачная зала (вул. Ажэшкі, 38).

Білеты: дарослым – 3 руб.; студэнтам, навучэнцам – 2,5 руб.; школьнікам – 1,5 руб.

У Гарадзенскай выставачнай зале адкрылася выстава Надзеі Свянціцкай «Фатаграфія як мастацтва». Аўтарка адмыслова для выставы рэканструявала ў фотаздымках уражвальную серыю шэдэўраў сусветнага мастацтва розных эпох, напрамкаў і плыняў, у якіх кожны глядач зможа ўбачыць вядомыя карцінныя вобразы, але з аўтарскім почыркам фатографкі.

Сярод твораў, якія сталі аб’ектам яе ўвагі, – палотны Густава Клімта і Эгана Шыле, Леанарда да Вінчы і Барыса Кустодзіева.

ГОМЕЛЬ

Субота: навучыцеся рабіць саламяную птушку

16 сакавіка, 12:00.

Філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4а).

Кошт: 7 руб. (запіс па тэл. +375 232 50 96 98).

У суботу філіял Веткаўскага музея ў Гомелі запрашае на майстар-клас па вырабе саламянай птушкі да свята Гуканне вясны. Такая птушачка, акрамя абярэжнай сілы, прыносіць у нашы дамы вясну і абнаўленне.

Таму прыходзьце і навучыцеся рабіць свой уласны абярэг і сімвал вясны.

ВЕТКА

Субота: з’ездзіце на майстар-клас па гарлячках

16 сакавіка, 11:00.

Веткаўскі музей (Чырвоная плошча, 5; Ветка, Гомельская вобл.).

Кошт: 10 руб. (запіс па нумары +375 2330 427 49).

У суботу Веткаўскі музей запрашае навучыцца рабіць традыцыйнае неглюбскае жаночае ўпрыгажэнне – гарлячку.

Гарлячка – гэта шыйнае ўпрыгажэнне з бісеру, такі сабе неглюбскі чокер. Гарлячка была штодзённым упрыгажэннем, якое яшчэ ў першай палове 20-га стагоддзя насілі амаль усе жанчыны любога ўзросту.

На майстар-класе кожны пачне рабіць сваю гарлячку. Не будзе часу зрабіць яе цалкам, але вы будзеце ведаць тэхналогію і лёгка зможаце скончыць упрыгажэнне дома.

Бісер для ўпрыгажэння дадуць. Але калі вы хочаце ўзяць пэўны з сабой, то спатрэбіцца бісер 2 ці 3 колераў – па два пакецікі кожнага.

ВАРШАВА

Пятніца: пабывайце на канцэрце гурта «Всё_CRAZY»

15 сакавіка, 18:00.

Scena Chmielna (Nowy Świat, 27a).

Білеты: 30 зл. (тут).

У пятніцу гурт «Всё_CRAZY» грае ў Варшаве традыцыйны канцэрт на Дзень святога Патрыка. Трэш, угар, алкаголь і шмат беларуска-ірландскай музыкі – тое, што чакае кожнага адважнага шукальніка прыгод на сваю дупу, які вырашыць правесці гэтую святочную пятніцу разам з гуртом.

Таксама ў імпрэзе прымуць удзел беластоцкі гурт Kurwadziki і DzyaDZEN’ka – франтмэн гурта Dziaciuki.

Пятніца: паглядзіце спектакль «Паслядзяцінства. Паслябегства»

15 сакавіка, 19:00.

Музей Вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: free donation (рэгістрацыя тут).

У Музеі Вольнай Беларусі – новы паказ спектакля «Паслядзяцінства. Паслябегства». Спектакль заснаваны на асабістых гісторыях і адлюстроўвае шлях маладых людзей, якія перажылі двайную міграцыю, уцякаючы спачатку ад рэпрэсій у Беларусі, а потым ад вайны ва Украіне.

У цэнтры ўвагі – не толькі праблемы ўцекачоў, але і адносіны з бацькамі.

Іграюць спектакль студэнты варшаўскай тэатральнай школы Free Artist, а не прафесійныя акцёры, што дадае яму асаблівай аўтэнтычнасці.

Субота: схадзіце з дзецьмі на лялечны спектакль

16 сакавіка, 14:00.

Instytut Teatralny (Jazdów, 1).

Білеты: 40 зл. (тут).

Прадзюсарская ініцыятыва INEX KULT запрашае дзяцей ад 3 да 10 гадоў і іх бацькоў на лялечны спектакль «Дарожныя прыгоды Віты» ад «Казачкі бай!» паводле кнігі Сары Лундберг «Віта Белая Крэска».

Вас чакае падарожжа, якое пачынецца з бясконцага космасу з мільярдамі зорак і планет, пройдзе праз усе неверагодныя месцы нашай планеты – горы, палі, пусткі, моры, джунглі – і скончыццца ва ўтульным акенцы вашай хаткі.

У гэтым падарожжы вы даведаецеся, хто ж малюе белыя крэскі на дарогах, пазнаёміцеся з Чырвоным і Зялёным чалавекамі, разам з Вітай вырашыце ВЯЛІКУЮ праблему маленькага хлопчыка і нават зможаце ўбачыць таго, хто запальвае ўсе ліхтары ў горадзе.

Напрыканцы спектакля маленькіх гледачоў чакае інтэрактыўна-мастацкая частка – яны самі змогуць стварыць новую вандроўку для Віты: з незвычайнымі краінамі, гарадамі і іх жыхарамі.

У спектаклі гучыць жывая музыка ў выкананні Андрэя Яўдакімава. Мова – беларуская.

Субота: схадзіце на фэст MAŚLIENICA VARUŠNIAK

16 сакавіка, з 15:00 да 21:00.

Klub OCZKI (Wojciecha Oczki, 1а).

Білеты: 80 зл. (тут).

У суботу ў Варшаве пройдзе фэст MAŚLIENICA VARUŠNIAK – сямейнае музычнае свята з нагоды Масленіцы.

Гэта будзе digital-вогнішча ад Pasha Plaha і спеўны перформанс ад Spievy і Kasary, смачныя бліны, народныя спевы і рытуальнае спальванне пудзіла Зімы.

Абяцаюць дзве сцэны, фуд-корт, забавы для дзетак, тэхна-рэйв. Зайграюць Shuma, Yegor Zabelov, Spievy & Kasary, Kipah, Bayski, Vvaxplay, Papa Bo Selektah, Lear, Chornabrova, Helga, Aist, Stroppy Pie, Aslamin і nuarrrrr.

Усе выхадныя: паглядзіце фотавыставу Дарыны Саладухі «Назіраю горад»

Да 19 сакавіка.

Stacja Praga (Zaokopowa, 5).

У Варшаве працуе выстава мабільнай фатаграфіі Дарыны Саладухі «Назіраю горад».

Дарына кажа: «Я – гараджанка да мозгу касцей. У які б горад я ні прыехала, я пачынаю яго вывучаць, назіраць, даследаваць, знаходзіць у ім разынкі, захапляцца ім і, вядома, фатаграфаваць. І горад пачынае са мной размаўляць, раскрываць мне сябе зусім з нечаканых бакоў.

Цяпер гэта Варшава. Горад гатовы размаўляць з кожным чалавекам, і тэмы абсалютна розныя.

Няхай гэта выстава натхніць вас вывучаць горад і знаходзіць у ім свае тэмы і свой разынкі. Даследуйце горад і нічога не бойцеся».

ВІЛЬНЮС

Пятніца: пагуляйце ў квіз

15 сакавіка, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Кошт: 5 еўра з чалавека (рэгістрацыя).

У пятніцу ў CreateCulture Space гуляюць у квіз. Вас чакае класічная гульня з пытаннямі на ўсялякія тэмы. Арганізатары падрыхтавалі 42 непрадказальныя пытанні, а тры пераможцы атрымаюць прызы.

Вам могуць спатрэбіцца літаральна любыя веды, якія вы атрымлівалі ў жыцці. Рэгістравацца можна асабіста або адразу камандай. Мова квіза – руская.

Субота: прыміце ўдзел у гуртку Sex Education

16 сакавіка, 18:00.

Pylimo g., 6 (уваход праз жалезныя вароты, не драўляныя).

Удзел: бясплатны (рэгістрацыя).

Тэма сустрэчы: «Стандарты прыгажосці і body image». На гэтым тыдні на гуртку будуць абмяркоўваць: якім чынам у грамадстве ўстанаўліваюцца стандарты і патрабаванні да знешнасці людзей? чым гэта можа пашкодзіць? што такое бодзіпазітыў насамрэч і якія памылковыя меркаванні вакол яго існуюць?

Таксама вы даведаецеся пра методыку шведскіх гурткоў, дзе роўныя вучаць роўных.

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться