Амерыканец прыехаў у Мінск вывучаць белмову: “У Беларусі людзі жывуць як сярэдні клас у Амерыцы”

Амерыканец прыехаў у Мінск вывучаць белмову: “У Беларусі людзі жывуць як сярэдні клас у Амерыцы”
Амерыканец Майк Дорман прыехаў у Беларусь вывучаць нашу мову. Здаецца, тут яму падабаецца ўсё. Мы распыталі Майка, як палюбіць Беларусь настолькі, каб захацець пераехаць сюды з Амерыкі.

Амерыканец Майк Дорман прыехаў у Беларусь вывучаць нашу мову. Здаецца, тут яму падабаецца ўсё. Мы распыталі Майка, як палюбіць Беларусь настолькі, каб захацець пераехаць сюды з Амерыкі.


– Як атрымалася, што вы сталі вывучаць беларускую?

– Мэтанакіравана я вывучаю беларускую мову два месяцы. Ва ўніверсітэце Тэхаса я атрымаў funding на вывучэнне мовы. Яны былі вельмі рады, што я гэтым заняўся, бо ў Амерыцы, мусіць, ёсць толькі два прафесары, якія ведаюць і могуць выкладаць па-беларуску.

Зараз я прыехаў у Беларусь і вывучаю мову ў Цэнтры славянскіх моў і культур. Але я вучуся на гісторыка, і найперш мяне цікавіць гісторыя Беларусі. А каб чытаць гістарычныя дакументы, неабходна ведаць мову. Да таго ж было б здорава, калі б я мог зносіцца з людзьмі ў Беларусі па-беларуску. Гэта было б вельмі прыемна.

– А сям’я падтрымлівае ваша захапленне?

– Мая жонка Вольга з Беларусі, з Маладзечна. Яна прыехала ў ЗША па праграме Work and Тravel, мы пазнаёміліся, спадабаліся адзін аднаму. Пасля я прыехаў з ёй сюды, выкладаў англійскую чатыры ці пяць месяцаў.

Апошнія некалькі гадоў жонка імкнецца гаварыць па-беларуску. Пасля таго, як я стаў вывучаць беларускую культуру, яна таксама глыбей зацікавілася гэтым. Вольга даследуе беларускую літаратуру ў Тэхаскім універсітэце. Ёй цікавы час, калі Беларусь была пад Польшчай, калі толькі пачалі пісаць па-беларуску і імкнуліся папулярызаваць мову.

Я апошні раз быў у Беларусі тры гады таму, а жонка стараецца прыязджаць штогод. Нам вельмі падабаецца Беларусь, і калі б у нас была магчымасць жыць тут пастаянна, то мы б жылі. Я не бачу, што ў Амерыцы ёсць нешта намнога лепшае, чым у Беларусі.

– Дарэчы, як ваша сям’я ўспрыняла навіну, што вы сустракаецеся з дзяўчынай з Беларусі? Яны ведалі, што гэта за краіна?

– Мая сям’я – амерыканцы і брытанцы. Але мая бабуля яшчэ да распаду Савецкага Саюза, у канцы 80-х, прыехала сюды з турам. Таму бабуля многа знала пра Беларусь. Пра Мінск канца 80-х яна сказала, што гэта быў адзін з самых бліскучых, шыкоўных гарадоў, якія яна бачыла. У той жа час было мала прадуктаў у крамах. Бабуля расказвала, што ўсе мясцовыя хацелі памаду і касметыку з Францыі, з Амерыкі. Мець французскую памаду было нашмат лепш, чым мець грошы. Ты мог пайсці на рынак і многае там за гэту памаду атрымаць. Яна расказвала, што гэта быў вельмі цікавы час. Бабулі зараз 88, яна хацела б наведаць Беларусь зноў, але баіцца лётаць, для яе цяжкія перасадкі ў аэрапорце. Але было б класна, каб яна прыехала і паглядзела, як усё змянілася.


– А што звычайныя амерыканцы ўвогуле ведаюць пра Беларусь? На карце могуць паказаць?

– Зараз амерыканцы ўжо добра разумеюць, дзе Украіна. Зразумела, усе ведаюць Расію, бо гэта самая вялікая краіна ў свеце. Але пра Беларусь мала хто ведае – і мне гэта падабаецца, я адчуваю сябе першаадкрывальнікам. Так мала па-англійску напісана пра Беларусь, што хочацца пра яе напісаць. Гэта асобная краіна, з асобнай мовай, з асобнай культурай.

На Захадзе многія думаюць, што ў Беларусі, Расіі, Украіне ўсе жывуць вельмі кепска і бедна, што ў Амерыцы ўсё на найвышэйшым узроўні і нішто не можа параўнацца з Амерыкай. Але тут у вас людзі жывуць як сярэдні клас у Амерыцы!

Жонка сказала мне нядаўна, што хацела б мець такую работу, каб жыць шэсць месяцаў у Беларусі, шэсць у Амерыцы – ці неяк так. Бо ў яе былі ўяўленні пра Амерыку з амерыканскіх фільмаў – што ва ўсіх там ёсць па “Мерседэсе” і вялікім доме, і ўсё ва ўсіх так класна. Але калі яна пераехала, то пабачыла, што мала людзей так жывуць. Я не ведаю, ці ёсць у вас такое слова – disillusion. Гэта не проста расчараванне, а вельмі моцнае расчараванне.

У Беларусі менш адчуваецца розніца паміж класамі. А ў Амерыцы многа людзей бедных, многа багатых, а сярэдняму класу прыходзіцца цяжка. Бо дзяржава дапамагае бедным, і ў выніку яны жывуць так, як сярэдні клас, які цяжка працуе і плаціць падаткі.

– Нобелеўская прэмія па літаратуры зрабіла Беларусь больш вядомай для амерыканцаў?

– Алексіевіч у Амерыцы чыталі многія, пра яе ведаюць, але ўспрымаюць больш як украінку – ведаюць, што прэзідэнт Украіны яе віншаваў з атрыманнем прэміі.

З беларускіх аўтараў ведаюць таксама Адама Міцкевіча, але больш як паляка. Але ён проста пісаў на мове свайго часу, на той мове, на якой яго маглі чытаць і на якой ён мог друкавацца. Мне вельмі падабаецца Міцкевіч, хоць чытаў я яго па-англійску. Трохі чытаў ужо п’есы Янкі Купалы, вершы. Але літаратура па-руску і па-беларуску для мяне яшчэ цяжкая – трэба па пяцьдзясят разоў лазіць у слоўнік.

– Раскажыце, як вам Мінск. Што ўразіла, ці ёсць любімыя месцы?

– Маё любімае месца – стары горад, Верхні горад. Я вельмі рады, што цяпер там многа турыстаў і гэтае месца імкнуцца захоўваць.

Нядаўна быў у музеі вайны. Гэта проста супер! Гэта нават лепш, чым у амерыканскіх музеях. У нас быў гід, якая столькі знала! Я быў вельмі здзіўлены, што па памяці можна расказваць нешта так, як яна. У нас бы яна стала прафесарам.

Я бываю ў мінскіх барах. Нядаўна быў у “Свабоды, 4”. Уразіла прэзентацыя страў, на вельмі высокім узроўні, вельмі класны стыль у памяшканні. Але я гляджу, што ў мінскай модзе цяпер амерыканскія рэстараны, кафэшкі. Мы нядаўна былі ў Clever Irish Pub, гэта ірландскі бар. Але я ў Беларусі, я хачу беларускую ежу – а ў іх нават не было беларускага піва!

Я вельмі люблю беларускую кухню. Найбольш мне падабаюцца клёцкі – у Амерыцы няма нічога падобнага. Таксама галубцы. Ну і, вядома, дранікі.


– А за межы Мінска некуды выязджалі?

– Я часта бываю ў Маладзечне, быў у Лідзе, Нясвіжы, Смаргоні, на наступным тыдні мы паедзем у Гродна і ў Брэст. Я многа ездзіў вакол Мінска і па Мінску. Таксама нядаўна я быў у Вільнюсе. Ён нагадаў мне беларускі горад: пераязджаеш мяжу, а нічога не змяняецца, толькі мова.

– Што вас здзіўляе ў Беларусі?

– Калі я ўпершыню прыехаў у Беларусь, мяне ўразіла, як усё чыста, няма бамжоў, такія шырокія тратуары. Я пару разоў быў у Нью-Йорку, і штораз я так рады з’ехаць адтуль! Бруд, смог, столькі бамжоў на вуліцы, столькі людзей, што цяжка прайсці.

З непрыемных момантаў: у свой першы прыезд  я яшчэ кепска валодаў рускай мовай. Арыентавацца было вельмі цяжка. Я жыў тут 12 дзён і добра падвучыў рускую, бо ніякіх шыльдаў па-англійску ў горадзе не было. Цяжка было разабрацца ў транспарце, бо я прывык садзіцца ў машыну і ехаць куды мне трэба. Мне казалі: “Давай сустрэнемся ў Lido”, а я не ведаў, які гэта прыпынак. Я быў як маленькае дзіцё без мамы, людзі стараліся мне памагаць, часам проста паказвалі накірунак.

– Ці сустракаліся з хамскім стаўленнем да сябе?

– Не, ніколі.

– Але нешта ў беларускім укладзе раздражняе? Што хацелася б змяніць?

– Я б хацеў, каб ваш транспарт працаваў даўжэй, каб не трэба было ехаць на таксі, калі позна вяртаешся дамоў, і каб магазіны, рэстараны, бары працавалі пазней. У Тэхасе ўсе бары працуюць недзе да 4-й раніцы. Для мяне дзіўна, калі рэстараны закрываюць апоўначы.

– Што змянілася ў Мінску з вашага мінулага прыезду?

– Я бачу, што сітуацыя з мовай за тры гады моцна змянілася: з’явіліся знакі, білборды. І гэта не толькі мода – людзі нібы ўсвядомілі, што нельга губляць сваю мову. Часам у метро я слухаю, як людзі гавораць па-беларуску. Раней я ніколі такога не чуў.

– Як плануеце выкарыстаць сваё веданне мовы?

– Я мару стаць прафесарам, напісаць кнігу пра Беларусь, якая раскажа амерыканцам, якая гэта краіна насамрэч. Я хачу выкладаць беларусістыку на славянскіх факультэтах, каб людзі зразумелі, што Беларусь – цікавая і нармальная краіна.

Таксама я хачу, каб мае дзеці ведалі беларускую, рускую і англійскую і мы маглі ў сям’і гаварыць на гэтых мовах. І каб праз год-два я змог прыехаць у Беларусь і размаўляць, выступаць па-беларуску.

Які ваш любімы перыяд у гісторыі Беларусі і ці ёсць любімы персанаж?

– Спярша я хацеў пісаць дысертацыю па ўсёй гісторыі Беларусі з ХІІІ стагоддзя, але зразумеў, што гэта немагчыма. Таму пакуль выбіраю тэму. Найбольш мне падабаецца перыяд Вялікага княства. А любімы гістарычны герой... Напэўна, Каліноўскі.

– Як бавіце вольны час?

– У нас дома няма тэлевізара, і мы глядзім серыялы і кіно на камп’ютары. Зараз я стараюся многа чытаць і не траціць шмат часу ў інтэрнэце. Гэта, безумоўна, вельмі складана. Часам я гляджу рускія меладрамы – не з-за сюжэта, а каб слухаць мову. Але цяпер ёсць і вельмі добрае расійскае кіно – “Левіяфан”, “Дурань”. А амерыканскія фільмы, асабліва камедыі, якія цяпер здымаюць, – збольшага нейкія брудныя.

– Ці сочыце за выбарчай кампаніяй у Амерыцы?

– На амерыканскіх выбарах мне ніхто не падабаецца. І Трамп, і Клінтан – абое жахлівыя. У кар’еры Клінтан было столькі скандалаў! А Трамп кожны дзень мяняе меркаванне, я ўвогуле не магу зразумець, хто ён. Наш кангрэс ніколі не ўспрымаў яго ўсур’ёз. Я, напэўна, не буду галасаваць, бо не магу выбраць паміж імі.

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

Еще по этой теме:
Американцы в Минске, 1961: «Мы – в Белой России!»
Остаться дома. 6 американских ток-шоу, если «Вечерний Ургант» вам не по душе
На Немиге появились живые фигуры солдат американской армии
поделиться