“Вам не падабаюцца фемінітывы? Тут пытанне не ў мове”. Эксперт тлумачыць, чаму “псіхалагіня” і “дырэктарка” – гэта добра

“Вам не падабаюцца фемінітывы? Тут пытанне не ў мове”. Эксперт тлумачыць, чаму “псіхалагіня” і “дырэктар...
ВАЖНА: калі вам зручней чытаць тэкст па-руску, клікніце сюды.

ВАЖНА: калі вам зручней чытаць тэкст па-руску, клікніце сюды.

Уладзь Гарбацкі – доктар сацыялінгвістыкі і фемініст. Ён толькі што абараніў дысертацыю па гісторыі і эвалюцыі фемінітываў у Беларусі, а раней выдаў “Гід па фемінізацыі беларускай мовы”. Бліжэйшым часам Уладзь афіцыйна зменіць сваё прозвішча з Іваноў (пад ім ён абараняў дысертацыю) на Гарбацкі: “Па лініі маці і бабулі я – Гарбацкі, а па лініі таты – Іваноў. Для мяне гэта пытанне эстэтыкі, а таксама праява павагі да жаночай сямейнай лініі”.
 


ЯК Я СТАЎ ФЕМІНІСТАМ

– Я дакладна памятаю, як я ў 1990-х, яшчэ школьнікам, гасціў у бабулі ў вёсцы паміж Віцебскам і Оршай. Мы слухалі беларускае радыё. Ішла праграма пра Валянціну Церашкову, і дыктарка сказала, што праграма прысвечана першай жанчыне-касманаўту.Бабуля рабіла дранікі і так паміж іншым кінула: “Яны там у Мінску зусім размаўляць не ўмеюць. Што гэта за слова такое – “жанчына-касманаўт”? Павінна быць проста – касманаўтка!”

Я тады стаў на бок дыктаркі, бо яна ж з Мінску! А там лепш ведаюць за бабулю, хоць яна і была настаўніцай. Але мне гэта стрэмкай у галаву засела, і потым я часта заўважаў, як у жывой, гутарковай мове словы смела і натуральна фемінізаваліся.

А другая гісторыя такая: у 2000–2002 гадах я навучаўся ў магістратуры ў Страсбургу і пісаў там семестравую работу пра фемінітывы ў французскай мове. Тады гэта было вельмі актуальна, бо напрыканцы 90-х там быў прыняты адпаведны закон і акурат у тыя гады моцна змянялася моўная практыка ў дачыненні да фемінітываў.


ЯК У ФРАНЦУЗСКАЙ МОВЕ ЗМАГАЛІСЯ З ФЕМІНІТЫВАМІ

– Фемінітывы ў французскай мове былі, але маргіналізаваныя, імі карысталіся пераважна феміністы ды сацыялісты.

Левая газета Libération пісала, напрыклад, directress – дырэктарка, а цэнтрысцкая Le Monde ці правая Le Figaro заўсёды выкарыстоўвалі madame le directeur (жанчына-дырэктар) і ніколі не фемінізавалі прафесіі.

Але калі да ўлады прыйшоў левы ўрад, у складзе якога было шмат міністарак, то яны на дзвярох сваіх кабінетаў павесілі шыльды “Madame la ministre”, бо ў французскай мове словы фемінізуюцца праз артыкль ці канчатак, а часта і тое, і другое. А неўзабаве быў прыняты закон, які афіцыйна замацаваў гэтыя моўныя ды сацыяльныя змены.
 


Спачатку правыя ўспрымалі гэта не іначай як гвалт над мовай. Французская Акадэмія была супраць. Аднак сёння ўжо ўсе, у тым ліку правыя прыхільнікі Марын Лё Пэн, аўтаматычна ўсё фемінізуюць. Адбылося гэта не адразу, але паступова фемінітывы сталі нормай.

Таму фемінітыўныя баталіі, якія зараз адбываюцца у Байнэце, вельмі нагадваюць мне той дыскурс, які я назіраў у Францыі напачатку нулявых.


РАССЛАБЦЕСЯ: ФЕМІНІТЫВЫ ВЯДОМЫ З СЯРЭДНЯВЕЧЧА

– Не, фемінітывы – не прадукт 21-га стагоддзя. Яны былі вельмі распасюджаны ў Сярэднявеччы. Таму гэта вяртанне таго, што колісь было. Гэта абсалютна відавочна, калі чытаеш старабеларускія дакументы.

– Ты хочаш сказаць, што ў Сярэднявеччы было больш роўнасці палоў, чым у 20-м стагоддзі?

– Парадаксальна, але так.

Канечне, Сярэднявечча не было залатой эпохай для жанчын. Але, як ні дзіўна, назвы прафесій тады фемінізаваліся. Жанчыны прысутнічалі ў публічным полі.

У тым жа Статуце ВКЛ поўна фемінітываў. Напрыклад, ёсць “ваявода”, а ёсць і “ваяводзіная”, “гетман” і “гетманка”, “карчмар” і “карчмітка”. Ці пагартайце “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” (выдаецца Акадэміяй навук на працягу 30 гадоў. 37-мы том выйшаў сёлета. – Рэд.). Толькі пазней былі прыняты законы супраць фемінізацыі.
 


– У нас ці ў іншых дзяржавах?

– Французская Акадэмія ў сярэдзіне 16-га стагоддзя прыняла закон, які забараніў фемінітывы, назваўшы іх непрыгожымі. Мужчынскі род прызнаваўся больш шляхетным.

У беларускай гісторыі дакладную дату забароны фемінітываў мы назваць не можам. Але заняпад фемінізацыі быў наўпрост звязаны з заняпадам мовы.


У РУСКАЙ МОВЕ Ў ПРЫНЦЫПЕ НЯМА ФЕМІНІТЫВАЎ?

– Не, канечне, яны былі і ёсць. Але там мова – гэта рэсурс імперыі, своеасаблівая зброя, якую трэба было кантраляваць. У Расіі працэсы рэгулявання мовы пачаліся крыху пазней, у 17-18-м стагоддзях. Аднак да 1920-х гадоў у рускай мове вельмі актыўна адбываліся працэсы фемінізацыі.

А вось у 1924-1925 гадах быў прыняты шэраг дакументаў, якія аднеслі фемінітывы да гутарковай мовы і выцеснілі іх з ужытку. У тым ліку агульна прынятыя і шырока распаўсюджаныя словы з прыгожым, актыўным суфіксам “-иня”: напрыклад, “фотографиня” ці “географиня”. Гэта вам не “авторша” з суфіксам “-ша”, які азначае не прафесію, а прыналежнасць да мужа.

– А ў беларускай мове суфікс “-ша” выкарыстоўваецца?

– Для беларускай мове гэты суфікс не ўласцівы. І, хаця часам ён ужываецца, гісторыкі мовы прасачылі, што ён да нас прыйшоў пад уплывам Расіі ў 19-м стагоддзі.
 


ЯК ПРАВІЛЬНА ЎТВАРАЦЬ ФЕМІНІТЫВЫ

– Якія суфіксы правільна выкарыстоўваць пры ўтварэнні фемінітываў у беларускай мове?

– Перадусім гэта суфікс “-ка”. “Фатографка”, “дызайнерка”, “амбасадарка”. У старабеларускай мове паралельна і актыўна ўжывалі суфіксы “-іца” і “-іня”. Тады гаварылі не “каралева”, а “караліца”. Гэтыя суфіксы існуюць і ў сучаснай беларускай мове, напрыклад “намесніца”, але больш часта выкарыстоўваюцца ў дыялектах і ў мове эмігрантаў. Таму слова “псіхалагіца” – гэта ніякі не наватвор і не абраза.

Але калі такі варыянт моцна раздражняе, то можна быць “псіхалагіняй”. У беларускай мове ўсе гэтыя суфіксы не з’яўляюцца гутарковымі ці зняважлівымі. Гэта нармальныя, працоўныя суфіксы.

У нас ёсць яшчэ адзін цудоўны і недаацэнены рэсурс – супольны род. Гэта назоўнікі, якія часцей за ўсё ўтвараюцца на аснове дзеясловаў. Напрыклад, “размаўляць” – “суразмоўца”, “выдаваць” – “выдаўца”. Яны падыходзяць як для жанчын, так і для мужын.


ШТО РАБІЦЬ З ДЗІКА НЕГАТЫЎНАЙ РЭАКЦЫЯЙ НА ФЕМІНІТЫВЫ?

– Праблема ў тым, што людзі не ведаюць беларускай мовы і знаходзяцца пад уплывам рускай мовы. Я таму і заняўся гэтай тэмай навукова, каб хаця б сімвалічна вярнуць, рэабілітаваць фемінітывы.

Даследаванне паказала, што з кожным стагоддзем беларуская мова стварала ўсё больш фемінітываў, нават тады, калі мова была ў заняпадзе.

У 19-м стагоддзі слоўнік Ціхінскага (слоўнік, які так і не быў выдадзены, знаходзіцца ў архіве ў Вільнюсе і важыць 16 кг. – Рэд.) зафіксаваў 600 фемінітываў. У мінулым стагоддзі іх утварылася больш за 2000, а напачатку 21-га стагоддзя было ўжо больш за 3000 фемінітываў. І гэта заўсёды адбывалася ў звязцы з эмансіпацыяй жанчын. Бачыце, якая эвалюцыя!


ЧАМУ ФЕМІНІТЫВЫ – ГЭТА ДОБРА ДЛЯ ЎСІХ

– Я не веру, што ёсць мова жаночая ці мужчынская. Яна ўніверсальная.

Але доўгі час мова маскулінізавалася. Не трэба ствараць новую мову, але трэба яе карэктаваць. Зараз мы праходзім дыферэнцыяналісцкую стадыю. Таму для мяне фемінітывы – гэта пра адрознасць дзеля роўнасці.

Аднак фемінітывы – гэта толькі адзін са шляхоў да эгалізацыі. Адначасова з фемінізацыяй рэабілітуюцца многія забытыя маскулінітывы. Напрыклад, у 19-м стагоддзі былі не толькі “гардэробніцы” і “пакаёўкі”, але таксама “гардэробнікі” і “пакаёўнікі”. Мова – гэта сацыяльны прадукт.

– Але часам самі жанчыны крыўдуюць і лічаць, што фемінітывы іх дыскрымінуюць. Як на гэта адказаць?

– Гэта стэрэатып, але ён навязваўся нам стагоддзямі патрыярхальнай культуры. Падчас свайго даследавання я заўважыў, што жанчыны часта ставяцца да фемінітываў больш негатыўна за мужчын. Мне шматкроць давялося чуць: “Ніякая я не дырэктарка, я – дырэктар”.

З аднаго боку, гэта праява кансерватыўнай сістэмы, дзе жанчыне адводзіцца другасная роля, а з другога – уплыў рускай мовы, у якой суфікс “-ка” ўспрымаецца як гутарковы.

Пры такім традыцыяналісцкім падыходзе падаецца, што больш эфектыўна і выгадна выкарыстоўваць назвы прафесій у мужчынскім родзе. Вось і з’яўляюцца словы-трансформеры кшталту “жанчына-касманаўт”, якія толькі падкрэсліваюць гендэрную адрознасць. Тут пытанне не ў мове, а ў сістэме мыслення.

– Што рабіць, калі нехта вельмі негатыўна ці нават агрэсіўна рэагуе на фемінітывы?

– Я заўжды раю перачытаць беларускіх класікаў, таго ж Купалу, Чорнага ці Брыля, і вы ўбачыце, што яны вельмі актыўна фемінізавалі мову. Янка Брыль, напрыклад, выкарыстоўваў выключна слова “педагагіца”, а не “педагог”. Таму і ў такіх варыяцыях, як “матэматыца” ці “хіміца”, няма нічога штучнага ці абразлівага. А вось “матэматычка” ці “хімічка” – гэта ўжо зняважлівыя мянушкі, не характэрныя для беларускай мовы.


“Я ЎПЭЎНЕНЫ, БЕЛАРУСЫ МАЮЦЬ ПРАВА НА СВАЮ РУСКУЮ МОВУ”

– Ці правамерна ўжываць фемінітывы, калі размаўляеш ці пішаш на рускай мове?

– Я перакананы, што мы маем права на сваю рускую мову Беларусі, як ёсць французская мова Квебека, Швейцарыі, Бельгіі ці Туніса. Дарэчы, у гэтых краінах фемінізацыя мовы адбылася на 20–30 гадоў раней за саму Францыю.

У Беларусі ўжо ёсць тыя, хто, размаўляючы па-руску, свядома ўжывае фемінітывы, утвораныя з дапамогай тыповых для беларускай мовы суфіксаў.

Мовазнаўцы могуць быць супраць, але сацыялінгвісты фіксуюць гэту з’яву, як і тое, што яна пашыраецца, у тым ліку дзякуючы інтэрнэту. Я перакананы, што гадоў праз 15–20 фемінізацыя мовы ўвогуле не будзе выклікаць пытанняў.
 

 

 
 

Фота: CityDog.by, budzma.org.

Еще по этой теме:
«Авторка», «режиссерка», «блогерка». Почему мы стали часто употреблять феминитивы
Гендерная исследовательница: феминизм – это уже давно не вопрос «кто моет посуду?!»
Живая библиотека. Радикальная феминистка о проституции, феминитивах и алиментщиках, которых нужно ставить к стенке
поделиться